Сапраўдную кадравую ліхаманку зьведала ў апошнія гады Гарадзеншчына. Пасьля сьмерці ў лютым 2001 г. кіраўніка вобласьці Аляксандра Дубка ягоную пасаду заняў Уладзімер Саўчанка, што ад 1999 г. быў першым намесьнікам старшыні аблвыканкаму.

Новаму кіраўніку пашанцавала. Яму засталася перадавая па многіх паказьніках вобласьць і насельніцтва, выхаванае працоўнай этыкай каталіцызму. Засталося малое — калі не ўзыходзіць на новыя прыступкі, дык хоць бы ўтрымаць ранейшыя вышыні.

Галоўнае дасягненьне Саўчанкавага кіраваньня на Гарадзеншчыне за год — вынікі “бітвы за ўраджай”. Ураджайнасьць на Гарадзеншчыне была самая высокая ў краіне, але па валавым паказьніку атрыманага збожжа рэгіён упершыню саступіў суседняй Менскай вобласьці. Не забудземся, што ў Менскай вобласьці куды большая тэрыторыя.

Усходнікі абганяюць

У лютым 2002 г. першым намесьнікам старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму — старшынём камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні быў прызначаны Іван Данчанка. Клопату ў яго — цэлы абярэмак. Па велічыні сярэдняга надою на карову за 9 месяцаў 2002 г. “у патыліцу дыхае” тая ж Меншчына (2309 кг супраць 2368 на Гарадзеншчыне). У сьвінагадоўлі па паказьніках за верасень гарадзенцаў апярэдзілі Гомельская і Віцебская вобласьці. 114 прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі (у вобласьці іх звыш 300) у крызысным стане.

На складах завозна

Таксама зь лютага 2002 г. намесьнікам старшыні аблвыканкаму працуе Аляксандар Радзевіч. Кіруе прамысловым комплексам, сфэрай гандлёвага і побытавага абслугоўваньня, сыстэмай цэнаўтварэньня, разьвіцьцём прадпрымальніцтва.

Аб’ём прамысловай вытворчасьці ў супастаўных цэнах, у параўнаньні са студзенем—верасьнем 2001 г., сёлета павялічыўся толькі на 0,1%. І гэта паводле кульгавае афіцыйнае статыстыкі. Прамысловыя прадпрыемствы абласнога цэнтру, Дзятлаўскага, Астравецкага і Слонімскага раёнаў не дасягнулі аб’ёмаў вытворчасьці аналягічнага пэрыяду мінулага году. На 1 кастрычніка на складах засталося гатовай прадукцыі на 90,7 млрд. рублёў, што складае 64% у сярэднямесячным аб’ёме вытворчасьці. На адпаведную дату 2001 г. гэты паказьнік складаў 48,2%.

Трэба непапулярныя рэформы

Кадры ў нас па адукацыі і досьведзе далёка ня горшыя. Але эканамічная сытуацыя ў краіне такая, што нават гераічным рыўком намесьніка старшыні аблвыканкаму справу не асіліш. Неабходныя кардынальныя і рашучыя, але непапулярныя ў народзе рэформы. На такі мужны крок трэба асьмеліцца найвышэйшым кіраўнікам краіны. А гэта праблематычна, бо можна страціць падтрымку выбарцаў у сакавіку 2003 г. Палітычны разьлік не саступае дарогі эканамічнаму прагматызму.

Антон Лабовіч,

Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0