Колькасьць насельніцтва Беларусі пасьля другой сусьветнай вайны ўвесь час расла. Аж да пачатку 90-х. Праўда, тэмпы росту пачалі зьніжацца яшчэ ў 70-я, калі натуральны прырост зьменшыўся ў параўнаньні з 50-мі ў два разы. 1992 г. быў апошнім годам з прыростам насельніцтва (ён склаў 11,3 тыс. чалавек).

НАРАДЖАЛЬНАСЬЦЬ І СЬМЯРОТНАСЬЦЬ У БЕЛАРУСІ ЗА АПОШНІЯ 11 ГАДОЎ
НАРАДЖАЛЬНАСЬЦЬ І СЬМЯРОТНАСЬЦЬ У БЕЛАРУСІ ЗА АПОШНІЯ 11 ГАДОЎ
Пачынаючы з 1993 г. у нашай краіне назіраецца натуральная страта насельніцтва, якая прывяла да скарачэньня яго колькасьці на 3% (па маштабах — гэта калі б з карты зьнік такі горад, як Берасьце). У 2000 г. натуральная страта склала 41,2 тыс. чалавек, у 2001 г. — 48,2 тыс., а за першае паўгодзьдзе 2002 г. перавышэньне колькасьці памерлых над народжанымі склала 32,7 тысячы.

Гэткая самая праблема назіраецца і ў многіх заходніх краінах з высокім узроўнем жыцьця. Так, у параўнаньні з 1990 г., каэфіцыент натуральнага прыросту (прырост у разьліку на адну тысячу чалавек) зьменшыўся ў ЗША ад 7,9 да 5,8, у Канадзе — ад 8 да 4,8, у Францыі — ад 4,1 да 3,3, у Вялікабрытаніі — ад 2,8 да 1,6. У Нямеччыне, Італіі й Швэцыі сьмяротнасьць перавысіла нараджальнасьць, і каэфіцыент натуральнай страты ў 1999 г. быў роўны адпаведна -0,8, -0,4, -0,3.

Дасьледчыкі выявілі заканамернасьць: у краінах, дзе ўзровень сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця нізкі, большасьць насельніцтва непісьменная, нараджальнасьць вельмі высокая, а пасьля прагрэсіўных эканамічных пераўтварэньняў назіраецца яе зьніжэньне.

Такім чынам, нельга сьцьвярджаць, што прычыны падзеньня нараджальнасьці хаваюцца толькі ў эканамічнай нестабільнасьці.

ПРЫРОСТ НАСЕЛЬНІЦТВА Ў БЕЛАРУСІ, У ТЫС. ЧАЛАВЕК
ПРЫРОСТ НАСЕЛЬНІЦТВА Ў БЕЛАРУСІ, У ТЫС. ЧАЛАВЕК
Некаторыя эканамісты лічаць, што небясьпека ў дэмаграфічнай сфэры ўзьнікае пры ўзроўні сумарнага каэфіцыенту нараджальнасьці (сярэдняя колькасьць дзетак на адну сям’ю) ніжэй за 2,15. У Беларусі гэты каэфіцыент у апошнія гады складае каля 1,3. Паказьнікі нараджальнасьці асабліва інтэнсіўна зьніжаюцца з 1989 г. У Беларусі сярэдняя колькасьць дзетак на сям’ю ў 1958 г. складала 2,8, у 1969 г. — 2,3, у 1978 г. — 2,1, у 1989 г. — 2. Дэмографы кажуць: калі захаваецца сёньняшні ўзровень нараджальнасьці, праз 50 гадоў насельніцтва Беларусі скароціцца ўдвая.

Скарачэньне нараджальнасьці ў нас часткова мае гістарычныя карані. Але да гэтага дадаецца і агульны стан экалёгіі, і крызыс эканомікі, і зьніжэньне якасьці дзяржаўнай аховы здароўя, і няўпэўненасьць насельніцтва ў заўтрашнім дні. Калі б ня гэтыя фактары, зьмены былі б не такімі істотнымі.

Толькі “тэлефон даверу”

Павялічваюцца ў Беларусі паказьнікі сьмяротнасьці насельніцтва. Рэзка паболела сьмерцяў ад хваробаў сыстэмы кровазвароту (54,6% усіх памерлых у 2001 г. і 55% — у першым паўгодзьдзі 2002 г.). У 1990 г. ад хваробаў сыстэмы кровазвароту памерлі 55735 чалавек, а ў 2000 г. — ужо 72401 чалавек (на 30% болей). У параўнаньні з 1990 г. у 2001 г. на 11% павялічылася сьмяротнасьць ад анкалягічных захворваньняў. На 58% паболела самагубстваў — ад 2085 чалавек у 1990 г. да 3298 — у 2001 г.

Доля самагубстваў у агульнай колькасьці памерлых не выглядае высокай — у 2001 г. яна склала 2,4%, у першым паўгодзьдзі 2002 г. скарацілася на 0,1%. Але суіцыды — паказьнік эмацыйнага і псыхічнага здароўя нацыі. Таму рост іх ліку — вельмі сур’ёзны сыгнал грамадзтву нават пры параўнальна невялікай колькасьці самагубцаў. Найбольш самазабойстваў прыпадае на групы ў веку 20—24, 50—59 і старэйшых за 70 гадоў.

Фактычна ўся работа па прафіляктыцы спробаў самагубстваў у краіне зводзіцца да пэрыядычных заклікаў у СМІ тэлефанаваць у службы псыхалягічнай падтрымкі. Але чалавек, які вырашыў пайсьці з жыцьця, гэтага рабіць ня будзе. Калі падлетак тэарэтычна (пры наяўнасьці ўважлівага і неабыякавага да яго пэдагога) мае магчымасьць атрымаць неабходную падтрымку ад школьнага псыхоляга, дык людзі сталага веку, інваліды (якія таксама складаюць групу рызыкі) такой мажлівасьці пазбаўленыя, пакінутыя сам-насам з сваімі праблемамі.

Чатыры бутэлькі ў месяц

Павялічваецца сьмяротнасьць ад выпадковых атручаньняў алькаголем — у 2001 г. на 5,6%, а ў першым паўгодзьдзі 2002 г. — на 9,9%, калі параўнаць з адпаведнымі пэрыядамі папярэдняга году. Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі спажываецца 8,9 літра абсалютнага алькаголю ў год на кожнага жыхара (зьвесткі за 2001 г.), што адпавядае 22,25 літра гарэлкі. У месяц, такім чынам, выходзіць 1,85 літра на кожнага, зь немаўлятамі й хворымі ўключна. Дзеці ад нараджэньня і да 14 гадоў складаюць у нас 18,3% насельніцтва. Значыцца, кожны дарослы чалавек спажывае 2,1 літра гарэлкі ў месяц. І ў гэтыя падлікі яшчэ ня ўключаны алькаголь, выраблены “хатнімі гаспадаркамі”. Прычым алькагалізм маладзее. Як прыклад можна прывесьці факт, што выходзіць за рамкі разуменьня: у адну зь менскіх больніцаў рэгулярна прывозяць шасьцігадовага хлопчыка ў стане крайняга алькагольнага ап’яненьня.

Дасьледаваньні паказваюць, што з школьнікаў у 9 клясе 2,6% п’юць 3—4 разы на месяц і часьцей, а ў 11 клясе — ужо 10%. Алькагалізацыя грамадзтва ў большай ступені зьвязана зь нізкай адказнасьцю насельніцтва за сваё здароўе, чым з сацыяльна-эканамічным становішчам краіны.

Пра стаўленьне нашага насельніцтва да свайго здароўя сьведчаць і такія зьвесткі Мінстату: кураць больш за 54% мужчынаў, старэйшых за 16 гадоў, і 48% жанчынаў. Прычым мужчыны выпальваюць у сярэднім 14, а жанчыны — 8 цыгарэт у дзень.

Дзеці вайны і дзеці перабудовы

І гэта пры зьніжэньні сярэдняй працягласьці жыцьця. Згаданы паказьнік, пасьля інтэнсіўнага росту ад 38 гадоў у 1897 г. да 73 у 1968 г., стабілізаваўся ў пачатку 80-х, а пасьля пачаў зьніжацца і ў 2001 г. склаў 68,6 году. Прычым у 2001 г. у мужчынаў ён складаў у сярэднім 62,8 году, у жанчынаў — 74,5 году.

Паводле прагнозаў дэмографаў, празь некалькі гадоў колькасьць працаздольнага насельніцтва пачне рэзка скарачацца, бо на пэнсію выйдуць пакаленьні пасьляваенных гадоў, а працаздольнага ўзросту дасягне нешматлікае пакаленьне 90-х. Рост колькасьці людзей пэнсійнага веку павялічвае нагрузку на працаздольнае насельніцтва і патрабуе большых расходаў на сацыяльнае і пэнсійнае забесьпячэньне. Ужо сёньня на 1000 чалавек працаздольнага ўзросту прыпадае больш за 700 непрацаздольных.

Сумная атрымліваецца пэрспэктыва. Усе спадзяваньні на “хвалевы” характар нараджальнасьці: спады заўжды чаргуюцца з “бэбі-бумамі”. Мо і мы такога прычакаем. Не хацелася б толькі, каб ізноў — пасьля якой-небудзь вайны.

Ганна Вернікоўская

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0