Меркаваньне Зьмітра Падбярэзкага

ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
Канчатковае разьмеркаваньне пазыцый, занятых выканаўцамі беларускай папулярнай музыкі ў 2002 г., адбудзецца пасьля чарговай “Рок-каранацыі”, якая такі значыцца ў плянах Юр’я Цыбіна. Аднак тая цырымонія адно вызначыць пераможцаў у асноўных намінацыях, а падрабязную размову пра тэндэнцыі, а тым больш аналіз падзеяў яна пакіне па-за ўвагай. Паспрабую зрабіць гэта цяпер.

Што да выдадзеных дыскаў, дык год быў ня самы лепшы. Недзе ў жніўні здавалася, што наагул будзе пастаўлены сумны рэкорд, аднак увосень становішча палепшылася. Колькасьць прэтэндэнтаў на званьне “Найлепшы альбом году” дастаткова вялікая. Гэта “ПИОТКУКУК” ад “Нэйра Дзюбэлю”, “Чужыя дзеўкі” “Палацу”, “Сьвята пакрадзенае” Памідорава, “Крамбамбуля”, “Баляды” Вайцюшкевіча, “Деликатесы” Шадзька, “Китайская невеста” гурту “Мадэра хард-блюз”, нарэшце, “Personal Depeche” — яшчэ адзін супольны музычны праект. Паколькі амаль усе яны рэцэнзаваліся ў “НН”, казаць пра іх ня буду, адно адзначу, што апошні з названых лічу прэтэндэнтам на перамогу №1. Новы альбом “NRM”, “Дом культуры”, які зьявіўся днямі, усё ж спазьніўся, а таму можа і прайграць спрэчку за першае месца.

ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
2002 г. пазначыў у нашай папулярнай музыцы дзьве дастаткова цікавыя тэндэнцыі. Першая зь іх – рэзкі рост колькасьці, калі наагул ня выбух у параўнаньні зь мінулымі гадамі, сольных праектаў. Памідораў, Вайцюшкевіч, Паўлаў; “Крамбамбуля” таксама па сутнасьці сольны праект Вольскага, як і тое, што робіць Шадзько. Тое, што музыкі, вядомыя раней па працы ў папулярных калектывах, пачалі рэалізоўваць уласныя творчыя задумы, можна толькі ўхваляць. Па-першае, гэта не выклікае распаду калектываў, а па-другое, нават калі такія праекты і ня дужа пераконваюць, яны ўсё ж садзейнічаюць таму, што ў склад даволі замкнёнай кампаніі музыкаў уваходзяць новыя людзі. Гэта трэба толькі вітаць.

Другая тэндэнцыя – прыход у беларускі музычны шоў-бізнэс раней ня бачных там спонсараў. Год даў два пераканальныя прыклады, як можна зрабіць якасны прадукт і ягоную прамоцыю, калі за плячыма музыкаў стаіць альбо магутны спонсар (“Personal Depeche”), альбо прадусар з грашыма (“Китайская невеста”). І ў адным, і ў другім выпадку мы маем сапраўды добрай якасьці работы. Калі практыка гэтага году пераканае, што на беларускай музыцы таксама можна зарабляць няхай невялікія, аднак рэальныя грошы, у яе прыйдуць новыя інвэстары.

Некалькі слоў пра маладых. Налета часта будзе гучаць назва “Partyzone”. Ня дзіва: тут і ўзнагарода на “Басовішчы”, і альбом – хто яшчэ з маладых можа пахваліцца сапраўдным альбомам? Аднак я назаву яшчэ і такі дуэт, як “SVET&AL”, які таксама даў пра сябе знаць сёлета. Два маладыя хлопцы выконваюць неверагодна густоўны акустычны блюз! Маладосьць калі-нікалі заяўляе пра сябе ў гэтых запісах, аднак раней не даводзілася сустракаць такіх дзёрзкіх і пры гэтым такіх вывучаных, апантаных дэбютантаў. Пра гэтых музыкантаў яшчэ будуць гаварыць. Аднак вось што насьцярожвае: леташні дэбютант “Impett” сёлета нешта скіс. У кожным разе, росту актыўнасьці не назіраецца. І ўвогуле: хто зь ліку тых, каго “Рок-каранацыя” адзначала як “Адкрыцьцё году”, потым замацаваўся на сцэне трывала? Вось і паўтару: пра маладых трэба пісаць больш! Каб пра іх не забываліся. Прынамсі, гэтак хутка...

А вось клясычная беларуская эстрада сёлета не парадавала наагул. Іна Афанасьева па-ранейшаму ня мае альбому, Ірына Дарафеева працягвае ўсебеларускі тур і толькі рыхтуецца выдаць новы цалкам беларускамоўны альбом, Аляксандар Саладуха выдаў альбом, але пакіну яго без камэнтароў. Адзіная сьветлая пляма – ізноў жа дэма Вікторыі Дземянчук. Толькі расейскамоўныя песьні, аднак мушу прызнаць: на фоне папсовага безгалосься Віка зрабіла проста вельмі прыстойны дыск!

Зьміцер Падбярэскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0