– У Кёнігсбэргу былі нядоўга. Праз пару тыдняў усьцягнулі на плятформы гаўбіцы, атрымалі сухі паёк – і-і...

Вінцэсь Мудроў
Вінцэсь Мудроў
– вэтэран махнуў рукой у бок разнасьцежанага акна, за якім ціўкалі вераб’і, – паехалі на ўсход, біць японца.

Вэтэранская рука, якая памятала цёплыя навобмацак 152-мілімэтровыя снарады й гарачыя гарматныя гільзы і за пазногцямі якой – мне так здалося – чарнела выпаленая пруская зямля, лягла на белы абрус, спарадзіўшы ў душы пачуцьцё раўнадушнай спагады.

– Пад Харбінам атрымаў кантузію, і мяне камісавалі. Падаўся дахаты. Прыехаў, пахадзіў – адныя коміны тырчаць. Усё спалена, – вэтэран уздыхнуў, палашчыў ката, які круціўся ля ног, і той, здаволена сцыкнуўшы ценькім, амаль ня бачным струменем, скочыў спачатку мне на калені, а потым на стол. – Уладкаваўся ў школу. Далі мне мне аж пяць прадметаў. Нават беларускую мову выкладаў, – вэтэран скінуў са стала кудлатага сцыкуна, а я, піхнуўшы ў нутраную кішэню пінжака свой журналісцкі блякнот, нясьмела запытаўся:

– Дык мо па-беларуску напішам?

Былы выкладчык белмовы дакорліва, аднымі вуснамі пасьміхнуўся, а гузаваты нос ягоны зьлёгку пачырванеў.

– Э-э... таварыш журналіст... Колькі я праз тую мову наслухаўся розных кпінаў, – вэтэран пакутліва ўздыхнуў, правёў даланямі па сівых валасах, ціха дадаў: – Толькі гэта не для газэты.

Працяглую паўзу перарваў яшчэ адзін пакутлівы ўздых.

– Перад вайной ведаеце як было: усе падручнікі беларускія. Вучыўся я добра; скончыў сямігодку, потым дзесяцігодку, і ў Ленінград падаўся – паступіў у вайсковую вучэльню. І вось, сяджу на іспыце. Адказаў усё без запінкі, выкладчык ківае і запытвае дадаткова. “А ну, – кажа, – якая магутнасьць рухавіка танка Т-35?”

– “Магутнасьць рухавіка танка Т-35, – адказваю, – 280 конскіх сілаў”. Усе, хто быў у аўдыторыі, у тым ліку і выкладчык, палеглі ад сьмеху. А я сяджу, нічога не разумею, а калі сьмех суняўся, ізноў – ці-іха так кажу: “...280 конскіх сілаў...” І колькі я ў тым праклятушчым Піцеры вучыўся, столькі мяне Конскай Сілай называлі. У саракавым годзе, пасьля вучэльні, у Кіеў прыехаў. Іду па горадзе, шукаю сваю часьць. На сэрцы крыху трывожна. Але супакойваю сябе: вось, думаю, і адкаснулася ад мяне гэтая паганая мянушка. І толькі так падумаў, чую – гарлае хтосьці за сьпінаю: “Конская Сіла-а!” Азірнуўся: Васька Альхоўскі з нашага выпуску; бяжыць цераз вуліцу, рэчторбай махае. Я, вядома, выгляду не падаў, парукаўся з Васькам, а на разьвітаньне папрасіў яго больш мяне так не называць. Вэтэран змоўк, адкінуў нагой ката-назолу і, пасьля паўзы, незадаволена прабурчаў:

– А вы кажаце – беларуская мова...

За акном фурхнула вераб’іная чародка і нехта па-старэчы непракерхана выдыхнуў:

– Пятровіч!

Суразмоўнік узьняўся з крэсла.

– Ну што, Конская Сіла, выходзь, “казла” заб’ём, – прагучала знадворку, і вэтэран, вытыркнуўшы ў акно сівую галаву, няўцямна прамармытаў:

– Сьпіна баліць, дый чалавек у мяне... з рэдакцыі... артыкул да Дня перамогі піша.

Я таксама падхапіўся на ногі.

На парозе мы паціснулі адзін другому рукі.

– А вы кажаце, – паўшэптам паўтарыў вэтэран.

Шэры кот сувора зірнуў на мяне жоўтымі зекрамі і, на знак згоды з гаспадаром, вякнуў – салодка і бязгучна.

Уначы мне прысьніўся танк Т-35. Жалезная гаргара, напінаючы ўсе свае 280 конскіх сілаў, перла насустрач, а на брані, трымаючыся за парэнчыны верхняй вежы, стаяў вэтэран Пятровіч і махаў пустым рэчмяшком. А потым, заўважыўшы мяне, нема загарлаў: “Вася! Вунь ён!” Усе пяць танкавых вежаў разам зварухнуліся, і ў назіральнай шчыліне мэханіка-кіроўцы злавесна бліснулі каціныя вочы...

– Што, ізноў на сьценку лезеш?! – пачуўся заспаны жончын голас, і я перавёў дых. – І калі ўжо сыдзеш з той газэты, – прамармытала жонка, ускінула на мяне руку і праз імгненьне стоена засапла.

Я доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма, глядзеў на рухомыя сукосьнікі – адбіткі аўтамабільных фараў, што паўзьлі па сьцяне, а калі жонка схрапянула і абхапіла мяне гарачай рукой, прымаючы ў сьне немаведама за каго, падняўся з ложка і пайшоў у кухню піць валяр’янку.

Вінцэсь Мудроў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0