Пікулік А. Мастацтва магілёўскіх старадрукаў. — Менск: Тэхнапрынт, 2002.
Мы хадзілі ў школу ў тыя даўнія часы, калі адзнакі ставіліся па пяцібальнай сыстэме: адна-дзьве памылкі — чацьвёрка, тры-чатыры — тройка, пяць — двойка, дзесяць — адзінка. У надрукаванай пад эгідай Нацыянальнай акадэміі навук кнізе Алены Пікулік «Мастацтва магілёўскіх старадрукаў» мы налічылі сорак элемэнтарных памылак, а потым перасталі лічыць. Бо ніжэй «кала» адзнакі не бывае. Нават па новай, дзесяцібальнай сыстэме.
«Кніга, надрукаваная на радной мове» (с. 4), сабрала ў сабе парушэньні ўсіх магчымых і немагчымых правілаў і нормаў — няма скарачэньня «у» пасьля галосных, прапушчаныя і перастаўленыя літары, адвольна ўжываюцца канчаткі. І на фоне такой граматычнай, фанэтычнай і сынтаксычнай вакханаліі ўжо няможна разабрацца, ці аўтарка сур’ёзна лічыць, што магілёўскага мастака-гравёра і кнігадрукара Максіма Вошчанку трэба называць Вашчанкам (хоць і кірыліцай, і лацінкай ён падпісваўся «Вошчанка»). Аднак, убачыўшы, што вядомы аўтар XVII ст. Поль Рыко (яго кнігу «Турэцкая манархія» ілюстраваў Максім Вошчанка) названы Паўль Рык або П.Рыка, мы можам чакаць чаго заўгодна. Напрыклад, «Шаршова» замест «Шарашова», «Еўенская» друкарня замест «Еўеўская».
Аўтарка, выдавецтва і НАН адвольна абыходзяцца з напісаньнем спэцыяльных тэрмінаў. Калі яшчэ можна зразумець (але не пагадзіцца) з азначэньнем «загаловачны ліст» замест «тытульнага аркуша», то як растлумачыць, чаму «Імналёгій» замест «Эрмалёй» і «Анфалегіён» замест «Анфалягіён»? А дзе прафэсійны гонар аўтара, рэдактараў і выдаўцоў, якія пішуць: «Тут ён надрукаваў шэраг выданьняў…»? У Акадэміі не знайшлося й чалавека, знаёмага з расейскай мовай настолькі, каб парэкамэндаваць не пісаць па-расейску «моностырь»?
Паставіўшы свой подпіс на адвароце «загаловачнага ліста», паважаны рэцэнзэнт — доктар Віктар Шматаў — згаджаецца з усім, што напісана ў кнізе. Але каму ж тады павінен верыць чытач — гравюру на ілюстрацыі 24 А.Пікулік называе выявай Яна Хрысьціцеля. І В.Шматаў не пярэчыць, хоць у сваёй кнізе лічыць гэтую асобу эвангелістам Янам (Шматаў В.Ф. Мастацтва беларускіх старадрукаў XVI—XVIII ст. Менск, 2000.).
У кнiжцы шмат дадаткаў: хронiка дзейнасьцi Магiлёўскага Богаяўленскага брацтва, паказьнік кнiг магiлёўскага друку, сьпiсы медзярытаў i дрэварытаў Максiма i Васiля Вошчанкаў ды Хведара Ангiлейкi i iнш. Але як iм верыць — кожная дата, кожная назва можа быць перайначана, як перайначаныя «сьвядомасьць» у «сьвядовасьць», «талерантнасьць» у «талерантасьць» i г.д.
Дастаткова кароткага знаёмства з «надрукаваным выданьнем», каб зразумець, што яго рабілі недасьведчаныя ў падрыхтоўцы кніг людзі. Ці ня брыдка акадэмікам перад школьнымі настаўнікамі за сорак памылак? Ці ня брыдка мастацтвазнаўцам за ігнараваньне мастацтва слова пры апісаньні мастацтва кнігі? Можа толькі, хто спадзяецца, што наклад 300 экз. выратуе ад ганьбы?
Алесь Шкнай, Санкт-Пецярбург