Найчасьцей кураць маладыя, некваліфікаваныя, беспрацоўныя, разлучаныя кабеты і ўдовы.

Брытанскі дэпартамэнт міжнароднага разьвіцьця вывучаў наступствы паленьня ў сьвеце. Дасьледчыкі прыйшлі да агульнае высновы: карацейшы век насельнікаў былых рэспублік Савецкага Саюзу ў параўнаньні з заходнімі краінамі можа часткова тлумачыцца менавіта шырэйшым распаўсюджаньнем тут паленьня.

Ангельскія навукоўцы зь Лёнданскай школы гігіены ды трапічнай мэдыцыны Марцін МакКі, Ганна Гілмар да Рычард Роўз дасьледавалі праблему паленьня ў Беларусі. Вялікую занепакоенасьць у іх выклікае заходняя рэкляма на вуліцах гарадоў. Транснацыянальныя тытунёвыя кампаніі кінуліся эксплюатаваць у мінулым закрыты савецкі рынак, а іхныя маркетынгавыя і рэклямныя намаганьні азваліся ў Беларусі хуткім пашырэньнем паленьня сярод маладых жанчынаў ды моцна ўскладнілі кантроль за ўжываньнем тытуню. Паленьне сярод беларускіх мужчынаў дасягае, паводле ацэнкі аўтараў дасьледаваньня, 53%. Сярод жанчынаў ад 18 да 29 гадоў 28% паляць ці раней палілі. У кабетаў пасьля 60 гадоў гэты паказьнік у дзевяць разоў ніжэйшы.

Таксама ангельцы заўважылі надзвычайную схільнасьць беларусаў да паленьня ў публічных месцах: 65% робяць гэта на працы і 28% у дарозе. 73% беларусаў, якія паляць, тлумачаць гэта звычкай, траціна курцоў-мужчын і палова жанчын кажуць, што так супакойваюць нэрвы. Толькі 48% вераць, што паленьне шкодзіць здароўю, а чвэрць бачаць у паленьні толькі карысьць. Тым часам колькасьць перакананых у шкодзе паленьня сярод тых, хто ня паліць, дасягае 87%.

Гараджанкі схільныя да паленьня ў 13 разоў болей за вясковых жанчын. Таксама ў Беларусі найчасьцей паляць маладыя, некваліфікаваныя, беспрацоўныя, разлучаныя кабеты і ўдовы.

Каб спыніць пашырэньне паленьня ў Беларусі, характар якога спэцыялісты вызначаюць як эпідэмію, патрэбныя тэрміновыя захады з боку ўладаў. Ангельскія навукоўцы прапануюць забараніць вытворцам тытунёвых вырабаў рэклямаваць іх, займацца спонсарскай дзейнасьцю і бясплатна разьмяркоўваць прадукцыю, забараніць паленьне ў публічных месцах і зьмяншаць запатрабаванасьць тытуню ў грамадзтве праз узмацненьне адпаведнай прапаганды і фінансавае ўзьдзеяньне.

Міхал Чарвінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0