Cёньня суадносіны паміж колькасьцю пацыентаў, якім неабходная перасадка нейкага органа, і колькасьцю прыгодных для гэтага наяўных органаў складаюць прыкладна 10:1.

Таму лекары і пацыенты зьвязваюць вялікія надзеі з магчымасьцю трансплянтацыі чалавеку органаў жывёл. Органы малпаў маюць тую выгаду, што іх «донары» — найбліжэйшыя родзічы чалавека і людзкое цела здольнае іх успрымаць. Аднак [ a-SVINirex.jpg "ФОТА IREX-PROMEDIA"] малпаў ня так шмат і з трансплянтацыяй іхных органаў узьнікае пагроза пераносу некаторых небясьпечных вірусаў. Органы парасятаў уяўляюцца больш даступнымі. Іх дастаткова, і яны прыкладна адпавядаюць памерамі й прадукцыйнасьцю людзкім. Аднак чалавечы арганізм рэагуе на прысутнасьць парасячага органа бурлівай рэакцыяй імуннай сыстэмы. Для яе пераадоленьня існуюць два шляхі. Першы — узбагачэньне геному парасятаў чалавечымі генамі, якія падаўляюць рэакцыю імуннай сыстэмы. З дапамогай геннай інжынэрыі ўжо ўдалося атрымаць парасятаў зь людзкімі генамі. Органы гэтых парасятаў функцыянуюць у целе малпаў цягам некалькіх тыдняў.

Другі шлях — блякаваньне генаў, што адказваюць за рысы парасячых клетак, якіх людзкая імунная сыстэма не ўспрымае. Такім генам ёсьць першы ген фэрмэнту альфа 1,3-галяктасыл трансфэразы. У чалавека ён адсутнічае. Яго маюць парасяты, а таксама добра вядомыя чалавечаму арганізму шкодныя бактэрыі — таму ён і рэагуе гіпэрвострым адчужэньнем. Органы парасятаў, у якіх ліквідавалі ген альфа 1,3-галяктасыл трансфэразы, для людзкой імуннай сыстэмы больш прымальныя — малпы жывуць зь ім колькі тыдняў.

Небясьпекі зьвязаныя і з эндагеннымі рэтравірусамі. Сьвіньні імі не заражаюцца, але перадаюць у спадчыну. Сёньня вядомыя некалькі парасячых эндагенных рэтравірусаў (PERV), здольных інфікаваць чалавечыя клеткі.

Парасятаў з гэтымі зьменамі можна атрымаць толькі шляхам кланаваньня. Першы вядомы клон, авечка Долі, мае значныя праблемы са здароўем — дык ці ня будзе таго самага і з парасятамі? Можа стацца, што іх органы ня здолеюць выконваць усе свае функцыі альбо дэгенэруюць у выніку пашкоджаньня адпаведных генаў. Тады для лячэньня людзей яны зробяцца непрыдатнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0