10 студзеня 2003

Граф ці ня граф?

Пан Аляксандар Прушынскі, які называе сябе графам, ня мае на гэты тытул права. Вось зьвесткі пра тытулы Прушынскіх.

Юзаф Прушынскі быццам атрымаў у 1783 г. тытул графа ў Аўстрыі. Не пакінуў сыноў. Той самы Юзаф Прушынскі атрымаў у 1805 г. ад Папы Пія VII асабісты графскі тытул.

Браніслаў-Марцэлі Прушынскі (1849–1918 (20?)) атрымаў у 1883 г. ад Папы Леана XIII спадчынны графскі тытул на ўмовах прымагенітуры. Не пакінуў сыноў.

Чэслаў-Ян-Пётра Прушынскі (1855—1938) атрымаў у 1902 г. ад Папы спадчынны графскі тытул на ўмовах прымагенітуры. Права прымагенітуры азначае, што тытул насьледуецца старэйшым сынам пасьля сьмерці бацькі. Калі сыноў няма, тытул пераходзіць да старэйшага ў родзе. Спадчыньнікамі папскіх тытулаў могуць быць толькі асобы, народжаныя ад шлюбаў, узятых у Касьцёле. Толькі адна асоба з роду можа мець нададзены Папам тытул. Цяпер графам Прушынскім зьяўляецца Чэслаў-Ян Прушынскі (нар. 1922), які жыве ва Ўроцлаве. Сыноў ён ня мае, таму ў спадчыну тытул атрымае ягоны брат Уладзімер-Марыя-Антоні Прушынскі, далей — братаў сын і г.д.

Уладзіслаў Вяроўкін-Шалюта, судзьдзя выводны Згуртаваньня беларускай шляхты

***

Аж двойчы граф!

Адказваючы сп.Вяроўкіну, хацеў бы сказаць наступнае. На пачатку ХХ ст. пяць заможных братоў Прушынскіх засталіся без сыноў. Сямейная рада пастанавіла, што мой дзед Эдвард, удавец, ажэніцца паўторна. У выніку яго сужэнства нарадзіліся двое сыноў. Мой бацька Ксавэры, як першародны, меў атрымаць у спадчыну ўсе землі свайго бацькі і дзядзькоў, а таксама графскі тытул дзядзькі, атрыманы ад Папы. Паводле сямейнага паданьня, дзед «выбіў» яшчэ адзін графскі тытул у Расейскай імпэрыі, «запрасіўшы» цара на хрост майго бацькі. Пра гэта згадвае ў гербоўніку Стэфан фон Шыдлоўскі і Мікалаюс фон Пасьцішанскі ў кніжцы «Der Polnische und Litauische Hochadel» («Рэй арыстакратыі Польшчы і Літвы») на ст.76.

Так што мне належыць не адзін тытул, а два — і папскі, і расейскі.

Ліст пана Вяроўкіна справакаваў мяне пры першай аказіі, калі буду ў Ватыкане і Пецярбургу, знайсьці дакумэнты, што пацьвярджаюць мой тытул. І за тое аўтару хачу сардэчна падзякаваць.

Аляксандар граф Прушынскі

***

Балахоўцы ў Берасьці

Нядаўна «НН» (№46 за 2002 г.) уздымала тэму Балахоўскіх могілак у Берасьці. Аўтар артыкулу пісаў, што на могілках пахаваныя жаўнеры арміі генэрала Булак-Балаховіча, якія памерлі ад ранаў у берасьцейскім шпіталі. Аднак там маглі быць пахаваны і балахоўцы, якія жылі ў Берасьці ў 1920—30-я гады.

Напрыклад, у 1922 г. у месьце жылі 34 афіцэры і 200 ніжэйшых чыноў арміі Балаховіча (сьпіскі захоўваюцца ў Берасьцейскім абласным архіве — ф.2, воп.3, спр.39). У Пажэжыне каля Берасьця на тартаку тады працавалі 20 балахоўцаў і г.д. Вельмі шмат іх пасялілася ў Лунінецкім і Пінскім паветах. Генэрал Булак-Балаховіч часта прыяжджаў у Пінск, сустракаўся з сваімі былымі жаўнерамі. Польская выведка паведамляла, што генэрал у 1925 г. пісаў лісты на беларускай мове былому атаману «Зялёнага Дубу» Вячаславу Адамовічу (Дзергачу), які жыў у Лунінцы. «Ёсьць падставы для ўзьнікненьня дапушчэньня пра паўстаньне супраць бальшавікоў, да якога далучаны і Адамовіч», — канстатуецца ў дакумэнце польскай спэцслужбы.

Аляксандар Ільлін, Берасьце

***

Дарагія суродзічы, грамадзкія лідэры Гарадзеншчыны!

Мы, канадзкія беларусы, вітаем Вас, дзякуем Вам і поўнасьцю згодныя з Вашым мудрым разважаньнем-зваротам («НН» ад 22 лістапада). Але, але! «...Дзяржава ня можа быць прададзеная, аддадзеная, адмененая, «далучаная» ці якім-небудзь іншым чынам зьнішчаная». На нас усіх, беларусах сьвету, ляжыць абавязак бараніць незалежнасьць Беларусі, і ў гэтым памагай нам Божа.

Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0