Сэнсацыя на прэзыдэнцкіх выбарах у Літве. Пераможцам нечакана стаў былы прэм’ер Раландас Паксас. За 46-гадовага Паксаса прагаласавала 55% выбарцаў, а за Адамкуса толькі 45%. За Паксаса галасавала й Віленшчына. Літоўскую палітычную эліту непакояць папулізм новага прэзыдэнта і ягоныя сувязі з расейскім бізнэсам. Аднак Паксас запэўнівае сьвет у нязьменнасьці замежнапалітычнага курсу Літвы.

Ніколі не здавайся. Гэтая прыказка яшчэ раз даказала сваю слушнасьць на выбарах у Літве. Ніводнае сацыялягічнае апытаньне не прадказвала Паксасавай перамогі. Тым ня менш, гэты кансэрватыўна-лібэральны палітык зацята змагаўся за прэзыдэнцкі фатэль, у якасьці асноўнай зброі абраўшы папулісцкія абяцанкі. І Адамкусу не дапамаглі відавочныя посьпехі — запрашэньне Літвы ў NATO і Эўразьвяз.

У першым туры, два тыдні таму, Адамкус рашуча перамог, атрымаўшы 35,5% галасоў, хоць здабытыя Паксасам 19,7% ужо тады былі вялікай нечаканасьцю. Неспадзяваны посьпех, на думку назіральнікаў, прадвызначыла дынамічная выбарчая кампанія 46-гадовага Паксаса, разьлічаная ў першую чаргу на моладзь. На ягоным фоне 76-гадовы Адамкус выглядаў стомленым чалавекам, што не абяцаў нічога новага.

Адамкуса перад другім турам падтрымалі практычна ўсе значныя палітычныя сілы Літвы — кіроўная кааліцыя сацыял-дэмакратаў і сацыял-лібэралаў, а таксама цэнтрысцкія і правыя апазыцыйныя партыі. «Ацаніўшы моцныя і слабыя бакі абодвух кандыдатаў, мы лічым, што Валдас Адамкус лепей адпавядае патрабаваньням сучаснай міжнароднай палітыкі», — напісалі сацыял-дэмакраты прэм’ер-міністра Альгірдаса Бразаўскаса ў адмысловым звароце. Артурас Паўлаўскас, кіраўнік сацыял-лібэральнага «Новага саюзу» і старшыня Сойму, які заняў трэцяе месца ў першым туры, прызнаўся, што галасаваў за Адамкуса, паколькі «Літве трэба стабілізацыя, працяг рэформаў, а для рэвалюцыйных крокаў, якія прапануе Паксас, яшчэ не прыйшоў час».

Але 15-градусны мароз адпужаў абыякавую частку літоўцаў ад галасаваньня. Толькі 50% выбарцаў прыйшлі на другі тур. І больш за палову іх прагаласавалі за Паксаса.

Раландас Паксас нарадзіўся ў Цяльшаі. Пасьля вучобы ў будаўнічым інстытуце ў Вільні ён вырашыў стацца лётчыкам. У 1979 г. паступіў на цывільныя курсы падрыхтоўкі пілётаў у Ленінградзе. Падчас навучаньня Паксас зрабіўся чэмпіёнам СССР па вышэйшым пілятажы.

Палітычную кар’еру ён распачаў адразу зь «вялікага зьяўленьня» — у 1997 г. нечакана зрабіўся мэрам Вільні. Вядомага пілёта-аса і прадпрымальніка-будаўніка да ўдзелу ў мясцовых выбарах падбухторылі кансэрватары. Ён павінен быў стаць палітыкам, які перацягне на свой бок маладых.

Паксас пачаў рэстаўрацыю старой часткі Вільні, моцна зьмяніў яе выгляд, заслужыўшы гэтым вялікую папулярнасьць. Калі вясной 1999 г. сышоў у адстаўку кансэрватыўны ўрад Гедымінаса Вагноруса, нікога не зьдзівіла, што крэсла прэм’ера кіраўнікі партыі прапанавалі менавіта Паксасу. Аднак ужо празь некалькі месяцаў ён падаў у адстаўку, пратэстуючы супраць нявыгаднага, на ягоную думку, для Літвы пагадненьня аб продажы нафтаперапрацоўчага заводу ў Мажэйках амэрыканскаму канцэрну «Williams».

Тады ж ён памяняў і палітычную афарбоўку — перайшоў да лібэралаў. Пасьля выбараў 2000 г. разам з сацыял-лібэраламі Артураса Паўлаўскаса Паксас стварыў кааліцыю і зноў зрабіўся прэм’ер-міністрам. Але і гэтым разам не пакіраваў доўга. У чэрвені 2001 г. ён зноў падаў у адстаўку, зноў-такі пратэстуючы — супраць няпэўнай пазыцыі ўдзельнікаў кааліцыі, якія «стрымлівалі ўрад ад рашучых дзеяньняў».

Калі Паксас пакінуў лібэралаў, большасьць палітыкаў з палёгкай палічылі, што гэта канец ягонай палітычнай кар’еры. Аднак той ня здаўся і заснаваў новую партыю — Лібэральна-дэмакратычную. Як засьведчылі выбары ў органы мясцовага самакіраваньня, што адбыліся два тыдні таму, яна заняла моцныя пазыцыі шмат у якіх рэгіёнах Літвы.

У апошнія гады, ужо як актыўны палітык, Паксас удзельнічаў у розных авіяцыйных шоў. Увосень мінулага году ён намовіў двух прыяцеляў на трох самалётах праляцець пад мостам церазь Вяльлю.

Пасьпяховы палітык любіць таксама язду на матацыкле. Ён бярэ ўдзел ва ўсіх матазьлётах, на якія прыяжджае, само сабой, у скуры. У Паксаса «Гарлі-Дэвідсан» — разьвітальны падарунак работнікаў віленскай мэрыі.

Паксас паабяцаў, што ня будзе мяняць цяперашняй замежнай палітыкі Літвы, у тым ліку яе прыярытэтаў — уступленьня ў Эўразьвяз і NATO. «Наша замежная палітыка ў добрым стане дзякуючы намаганьням парлямэнту, ураду і прэзыдэнта Адамкуса. Затое палітыка ўнутраная занядбаная, і трэба ёю заняцца», — сказаў ён.

Франц Субель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0