ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Каляды — час сьвечак. Сёлета — ня толькі тых, што запальваюцца ў часе сьвяточнае вячэры, але й тых, што выкручваюць з замерзлага рухавіка аўто, каб пракаліць на фаерцы ды завесьці ўрэшце машыну. Сьнежань выдаўся халодным — сярэднямесячная тэмпэратура была -8…-11°С, хоць зазвычай яна на 5—6 градусаў вышэйшая. Мінулы месяц быў адным з самых халодных за апошнія 50 гадоў.

Прырода паклапацілася пра тое, каб стварыць сьвяточны настрой, даслаўшы пад Новы год цёплы цыклён з Атлянтыкі, які прынёс з сабой сьнег. За першыя дні студзеня выпала каля 30% месячнай нормы ападкаў. Найбольш на Вялейшчыне ды Віцебшчыне, дзе ўжо 3 студзеня насыпала 25—28 см.

5 студзеня цыклён пайшоў на Расею, а нам засталося празрыстае неба ды маразы, што ператварылі дрэвы ў крохкія белыя каралы. Ціск павялічыўся да 745 мм, тэмпэратура ўпала. Сьнег ішоў толькі месцамі. Вільготнасьць была пад 80%, вецер — каля 5 м/с. Сярэдняя тэмпэратура днём — каля 13—15 градусаў марозу, месцамі да -20 °С, ноччу -20… -25°С градусаў марозу. Самая нізкая тэмпэратура ў Менску гэтымі днямі была роўная -27 °С. Але гэта яшчэ што — вось у Клічаве ў ноч з 7 на 8 студзеня было зарэгістравана ажно -35 °С. Апошні раз першая палова студзеня была такой халоднай толькі ў 1987 г.

Сыноптыкі кажуць, што пік маразоў мінуў 8—9 студзеня. Дзённая тэмпэратура ўздымецца да не такіх ужо страшных 7—9 градусаў марозу. Праўда, у суботу можа зноў пахаладнець, але ненадоўга. У сярэдзіне наступнага тыдня магчымая завіруха, бо вецер узмоцніцца да 11—13 м/с. Відаць, прычакалі мы ўрэшце нармальнае зімы, кшталту тае, зь дзяцінства нашых бацькоў, калі «сьнегу па стрэхі намятала». Цяпер стрэхі зрабіліся вышэйшыя, але сёлетнія маразы дадуць колісь і нам мажлівасьць з гонарам сказаць унукам: «Хіба гэта зіма? Во колісь былі зімы дык зімы!»

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0