17 студзеня 2003

Праект скасаваньня чэкаў «Маёмасьць»

Урад падрыхтаваў праект зьменаў у закон «Аб імянных прыватызацыйных чэках». Паводле яго, тыя, хто ня выкарыстае сваіх чэкаў да 1 студзеня 2004 г., не атрымаюць за іх грашовай кампэнсацыі. Выдаваць чэкі скончылі яшчэ ў 1997 г. Іх атрымалі 4,9 млн. беларусаў з 7,8 мільёнаў. На акцыі прадпрыемстваў абмяняныя толькі 33,8% выдадзеных чэкаў, бо атрымаць акцыі прыбытковых прадпрыемстваў немагчыма. Падлічыўшы, што на выплату кампэнсацыяў пойдзе 670 млрд. рублёў, урад вырашыў папросту адмяніць кампэнсацыю. Цяпер дзяржава хоча адрачыся ад абавязкаў на 347 млн. даляраў.

Падатковы кодэкс застанецца рэпрэсіўным

Падпісваючы праект агульнай часткі Падатковага кодэксу, А.Лукашэнка выкрасьліў зь яго лібэральныя палажэньні. Супярэчнасьці паміж актамі падатковага заканадаўства можна будзе тлумачыць не на карысьць падаткаплатніка. Цягам году ўлады змогуць прымаць акты, што пагаршаюць становішча падаткаплатнікаў. Падаткавікі захаваюць права рабіць асабісты надгляд грамадзянаў ды іх транспартных сродкаў падчас праверак. Прыняцьце закону, які скасуе пазасудовае спагнаньне падаткаў, адкладаецца на няпэўны тэрмін.

Праезд даражэе

З 20 студзеня праезд у менскім транспарце падаражэе. Адна паездка будзе каштаваць 200 рублёў замест 180, па льготным квітку — 100 рублёў.

Рубель вяжуць да рубля

Рада дырэктараў Нацбанку зацьвердзiла плян мерапрыемстваў, адпаведна зь якім цягам трох месяцаў будзе разгледжаная магчымасьць жорсткай прывязкi беларускага рубля да расейскага з 1 лiпеня.

Дэбаты вакол «Закону аб нацыяналiзацыі»

13 студзеня дэпутаты палаты прадстаўнiкоў не змаглi дамовiцца з урадам наконт законапраекту «Аб нацыяналiзацыi». Дэпутаты лiчаць, што нацыяналiзаваць маёмасьць можна толькi на падставе асобнага закону, якi мусiць прымацца ў кожным канкрэтным выпадку. Ва ўрадзе мяркуюць, што нацыяналiзацыю можна праводзiць, карыстаючыся адзiным законам, якi будзе вызначаць парадак i ўмовы нацыяналiзацыi, а ў канкрэтных выпадках карыстацца пастановамi ўраду цi прэзыдэнцкiмi дэкрэтамi. Канстытуцыйны суд падтрымаў думку дэпутатаў.

Бэнзын падаражэў

«Белнафтахiм» падвысiў цэны на нафтапрадукты на 5,5%. Прычына — падвышэньне ставак акцызаў на палiва ды цаны на нафту ў сьвеце. Цяпер літар 76-га бэнзыну на АЗС «Белнафтахiму» будзе каштаваць 715 руб., 92-га — 890 руб., 95-га — 1020 руб., дызпалiва — 700 руб.

АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0