Ад 30 чэрвеня ў прыгарадзе Горадні распачынаецца летнік. Удзень жыхары лягеру будуць несьці вахту ў Старым горадзе, увечары бавіць час ля вогнішча пад сьпевы бардаў.

Летнік «Гарадзенская фартэцыя» паўстане непадалёку ад гораду, не беразе Нёману. Гэта будзе намётавае мястэчка з уласнай аховай і камэндантам, распавёў актывіст кампаніі «Выратуем Горадню» Алесь Залеўскі. Такую назву падказаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Удзень жыхары лягеру будуць несьці вахту ў горадзе побач з будынкамі, заплянаванымі пад знос, раздаваць інфармацыйныя матэрыялы, прысьвечаныя праблеме рэканструкцыі Горадні. Увечары іх чакае культурная праграма: сьпевы бардаў і многае іншае. Свой удзел ужо пацьвердзілі Тацяна Беланогая і гурт «Джамбібум».

Ініцыятарам летніку выступіў аргкамітэт кампаніі «Выратуем Горадню». Распачнецца летнік 30 чэрвеня, у дзень, калі гарадзенцы адзначаюць Купальле. На тым месцы і паўстане «Гарадзенская фартэцыя». Алесь Залеўскі разьлічвае, што летнік зьбярэ ня менш за паўсотні маладзёнаў і дадае, што да іх далучаюцца іншыя моладзевыя ініцыятывы і рухі». Мяркуецца, што летнік будзе дзейнічаць да сярэдзіны ліпеня.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0