17 студзеня 2003

Будзе энцыкляпэдыя ВКЛ

Выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» пачынае рыхтаваць энцыкляпэдыю «Вялікае княства Літоўскае». Паводле словаў галоўнага рэдактара выдавецтва Генадзя Пашкова, ужо складзены «Слоўнік ВКЛ», а сама праца над энцыкляпэдыяй зойме гады два. Цікава, што ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук ходзяць чуткі, нібыта загад зрабіць такую кніжку прыйшоў з Адміністрацыі прэзыдэнта. Аднак Г.Пашкоў абвяргае гэтую інфармацыю: «Мы самі прынялі такое рашэньне». Паводле ягоных словаў, патрэба ў такім выданьні ўзьнікла пасьля сканчэньня працы над 18-томнай «Беларускай энцыкляпэдыяй». Дарэчы, у пачатку лета будзе скончаная праца над «Энцыкляпэдыяй гісторыі Беларусі» — выйдзе другая кніга шостага, апошняга тому.

Лукашэнка забірае рыбакомплексы

Прынятыя новыя меры «па забесьпячэньні паляпшэньня забесьпячэньня насельніцтва». Гэтым разам — рыбай. Яны ні трохі не арыгінальныя. Проста ўсе рыбакомплексы, акрамя менскага, будуць перададзеныя Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта, якое, паводле інфармацыі прэс-службы прэзыдэнта, «мае перадавы досьвед вядзеньня рыбагаспадаркі».

ВУП вырас на 4,7%

У 2002 г. ВУП краіны вырас на 4,7%. Праўда, незалежныя эканамісты лічаць, што беларуская лічба завышаная. Цэны ў Беларусі летась вырасьлі на 34,8%. Гэта найніжэйшы ўзровень інфляцыі за 10 гадоў.

БНФ — за далучэньне да NATO

Партыя БНФ абвясьціла ў сваёй праграме, што будзе імкнуцца, каб краіна ўвайшла ў Эўразьвяз і NATO. Упершыню ў Беларусі партыя вылучае гэтыя патрабаваньні як сваю праграмную мэту.

Сяргей Ёрш; БелаПАН

Ваеннае становішча

Закон «Аб ваенным становішчы» падпісаў 13 студзеня А.Лукашэнка. Што і казаць, закон актуальны.

Паводле новага закону, увесьці ваеннае становішча можна толькі пры наяўнасьці ваеннай пагрозы ці нападу. Прычым аднаго ўказу прэзыдэнта для абвяшчэньня ваеннага становішча замала — такі ўказ павінен цягам трох дзён ухваліць савет рэспублікі. Дэмакратычна.

На час ваеннага становішча ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам можа быць уведзена абмежаваньне «правоў і свабодаў грамадзянаў і арганізацыяў».

Зрэшты, для тых, хто занадта ўстурбуецца такім абмежаваньнем, у новым законе пазначана, што Беларусь абавязаная інфармаваць ААН пра адступленьні ад міжнародных дамоваў, што тычацца правоў і свабодаў грамадзянаў.

Унучка Красоўскага

13 студзеня дачка бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які зьнік у 1999 г. разам зь віцэ-сьпікерам Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Віктарам Ганчаром, нарадзіла дзяўчынку.

Меркаваньні ў справе Курапатаў

Менгарвыканкам будзе хадайнічаць пра ўлучэньне Курапатаў у межы гораду. Паводле словаў старшыні камітэту архітэктуры Аляксандра Чадовіча, пасьля гэтага ў помніка зьявіцца гаспадар і можна будзе распрацоўваць канцэпцыю мэмарыялізацыі. Затое камітэт — супраць стварэньня 300-мэтровай ахоўнай зоны вакол урочышча. Гэта, маўляў, ня спыніць вандалаў. Як вядома, побач з Курапатамі мяркуюць будаваць катэджы.

Берасьцейская прыватызацыя

Берасьцейшчына застаецца флягманам прыватызацыі ў краіне. Улады абвясьцілі пра намер прыватызаваць сёлета значную частку абласной камунальнай маёмасьцi. Перш за ўсё — прадпрыемствы перапрацоўчыя, прамысловыя, гандлёвыя ды побытавага абслугоўваньня. На Берасьцейшчыне 116 камунальных унiтарных прадпрыемстваў. Сёлета на продаж выставяць 44 зь iх.

Крымінальная Берасьцейшчына

У Берасьцейскай вобл. у 2002 г. узровень злачыннасьці павялічыўся на 43% у параўнаньні з 2001 г. Людзі крадуць, бо ня маюць як зарабіць на жыцьцё. Паводле інфармацыі кіраўніка УУС Берасьцейскага аблвыканкаму Ўладзімера Шафарэнкі, 17% насельніцтва Берасьцейшчыны ня маюць легальных крыніцаў даходу. А зь нечага ж яны жывуць.

«Юкола» набыла «Нёман»

Расейская нафтавая кампанiя «Юкола» набыла з аўкцыёну рэстарацыю «Нёман» у цэнтры Гораднi. Пачатковы кошт «Нёману» быў роўны 95 млн. рублёў, «Юкола» заплацiла 300 млн. Варта адзначыць, што рэканструкцыю парку Горкага ў Менску вядзе тая ж кампанiя, якая мае намер паставiць там з два тузiны новых атракцыёнаў.

Без паперкі — ня спонсар

Улады шатляндзкага гораду Абэрдын падаравалі 1,5 тысячы фунтаў стэрлінгаў на рэканструкцыю гомельскага палацу Румянцавых-Паскевічаў. Але Дэпартамэнт па гуманітарнай дапамозе не дае дазволу выкарыстаць тыя грошы, бо ангельцы не патлумачылі пісьмова прычынаў іх пералічэньня.

Новы спарткомплекс

Каля нядаўна збудаванага крытага футбольнага манэжу ў Менску неўзабаве зьявіцца новы спартовы комплекс для дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву па водных відах спорту. У складзе комплексу будуць спартовыя залі, басэйн, гатэль, кавярня. Будаўніцтва пачнуць у 2004 г.

Сход інтэлігенцыі Менску

19 студзеня ў Палацы мастацтваў адбудзецца Сход інтэлігенцыі Менску. На ім вылучаць дэлегатаў на Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі, а таксама абмяркуюць яго праграму. Сустаршыні Аргкамітэту па правядзеньні Сходу Ўладзімер Колас і Аляксей Марачкін заклікаюць усе зацікаўленыя працоўныя калектывы, суполкі і асобаў узяць удзел. Пачатак у 11.00.

Кампутары састарэлі

75% кампутарных клясаў гарадзкіх школаў Гомелю не адпавядаюць санітарным нормам. У многіх школах яшчэ карыстаюцца архаічнымі савецкімі «Карвэтамі». Гарадзкі аддзел адукацыі перавёў клясы з састарэлымі кампутарамі на скарочаны рэжым працы.

МБ; БелаПАН

Сацпрытулак у Прашчыцы

У вёсцы Прашчыцы, у будынку зачыненай год таму школы, адкрыўся першы ў раёне сацыяльны прытулак для дзяцей з тых сем’яў, дзе бацькі сьпіліся. Пакуль што сюды прывезьлі сямёх дзетак чатырох—дванаццаці гадоў. Увогуле ж прытулак разьлічаны на 21 месца. Дзяцей памылі, накармілі, перапранулі ў новую вопратку, атрыманую па гуманітарнай дапамозе. Навасёлы могуць жыць там шэсьць месяцаў. Калі за гэты час іх бацькі не «завяжуць», згодна з законам яны будуць пазбаўленыя правоў на сваіх дзяцей, і тых давядзецца накіраваць у спэцустановы за межамі раёну.

Пабілі сэмафоры

Паблізу пасёлку Ўрэчча два хлапчукі 8 і 9 гадоў жалезнымі прутамі пабілі на чыгунцы шэсьць сэмафораў, чым стварылі аварыйную сытуацыю для цягнікоў. Вінаватых адшукалі хутка. Іх бацькам давялося цалкам кампэнсаваць нанесеную шкоду. Такіх разбояў на чыгунцы за мінулы год было аж пяць, тры зь іх раскрытыя. Бацькі дзевяці непаўналетніх вандалаў заплацілі каля 2 млн. рублёў штрафу.

Міхась Тычына, Слуцак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0