На 11 з 30 выбарчых акругаў прэтэндуюць прадстаўнікі партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, сяброў «Гарадзенскае ініцыятывы». Пяць ініцыятыўных груп зьбіраюць подпісы ў падтрымку вылучэнцаў БНФ, дзьве — Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, па адной — БСДГ і мясцовага аддзяленьня Беларускага Хельсынскага камітэту. Прадстаўнікі АГП зьбіраюць подпісы асобна.

Аднак гэта не азначае, што не адбудзецца вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты па партыйных сьпісах. У Горадні, праўда, зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку толькі гарадзкая арганізацыя таго ж БНФ «Адраджэньне». Яе старшыня Аляксандар Міхальчык кажа, што партыя выставіць сваіх кандыдатаў па ўсіх акругах гораду.

На гэтым этапе выбараў у гарадзкі савет ізноў не ўдалося ліквідаваць супярэчнасьцяў паміж прэтэндэнтамі на дэпутацкі квіток ад дэмакратычных сілаў. Калі частка прадпрымальнікаў здолела адкінуць амбіцыі й дамовілася зь іншымі зацікаўленымі бакамі ў падзеле выбарчых акругаў, то кіраўніцтва гарадзкой арганізацыі АГП на кантакт не ідзе. У некаторых акругах сябры АГП ствараюць канкурэнцыю прадстаўнікам іншых дэмакратычных арганізацыяў. Такім чынам сутыкнуліся старшыня абласной арганізацыі БХК Аляксандар Антанюк і прадстаўнік абласной арганізацыі АГП Алесь Пагуляеў, што вылучаецца ад калектыву вучэльні, у якой выкладае. У іншай акрузе сутыкнуліся актывіст «Маладога фронту» Вадзім Саранчукоў і старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Юры Істомін.

Мо ёсьць рацыя ў сьцвярджэньнях, што АГП хоча выкарыстаць момант, каб гучна заявіць пра сябе. Узгадаем колішняе выступленьне Анатоля Лябедзькі ў праграме «Времена» Ўладзімера Позьнера. Тады беларускі палітык заявіў пра свой удзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Калі гэта так, то зразумелай становіцца пазыцыя АГПоўцаў: калі ня выбрацца, то паказаць сябе нібыта актыўнай рэальнай сілай грамадзтва — глядзі, народзе, колькі нас, і мы ідзём сваёй дарогай!..

Асобна ад сваіх аднапартыйцаў ідзе на выбары і старшыня арганізацыі «Гарадзенскі выбар», мастак, сябра БНФ Зьміцер Іваноўскі.

Антон Лабовіч, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0