Кiраўнiцтва канцэрну «Беллегпрам» у шоку. Урад мае намер адмовiцца ад дзяржзамовы на прадукцыю лёгкай прамысловасьцi

ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
Да гэтага часу гандлёвыя арганiзацыi краiны былi вымушаныя выкладаць на палiцы крамаў пэўны працэнт прадукцыi канцэрну «Беллегпрам». Сёлета гэтая сытуацыя мусiць зьмянiцца. «Белкаапсаюз», якi каардынуе дзейнасьць гандлёвых арганiзацыяў, распрацаваў праект пастановы ўраду, што прадугледжвае адмену абавязковых квотаў на закуп прадукцыi «Беллегпраму». У Мiнiстэрстве гандлю паведамiлi, што праект падтрыманы i хутчэй за ўсё будзе прыняты ўрадам.

Паводле праекту, ужо сёлета будуць цалкам скасаваныя квоты на закуп швейных, гарсэтных, дывановых ды амаль усiх астатнiх найменьняў прадукцыi «Беллегпраму». Дзяржзамова застанецца толькi на некаторыя вiды дзiцячага трыкатажу ды абутку, а таксама панчохаў ды шкарпэтак.

У «Белкаапсаюзе» патлумачылi, што квоты, з аднаго боку, дысцыплiнуюць прадпрыемствы, але, зь iншага, не даюць iм волi. Квоты абавязваюць гандлёвыя прадпрыемствы па ўсёй краiне закупляць пэўны аб’ём прадкуцыi «Беллегпраму». Аднак плацежаздольнасьць насельнiцтва зьмяняецца, а квоты на працягу году застаюцца аднолькавымi. І тая арганiзацыя, якая на пачатку году магла рэалізаваць навязаную ёй прадукцыю, празь некалькi месяцаў ужо ня можа «выбраць квоту». І прадпрыемства нясе страты.

Прэзыдэнт «Беллегпраму» Эдуард Нарышкiн назваў праект «беспрэцэдэнтным лабiраваньнем нечых замежных iнтарэсаў». Ён лiчыць, што дзяржава мусiць, наадварот, падвысiць квоты на закуп вырабаў прадпрыемства, бо спажывецкi попыт падае — значыцца, трэба падтрымлiваць сваiх вытворцаў.

З улiкам абавязковых квотаў, доля прадукцыi лёгкай прамысловасьцi, якую выпускаюць прадпрыемствы канцэрну, складае на ўнутраным рынку 28—38%. Эдуард Нарышкiн лiчыць, што ў iдэале гэтая лiчба павiнна быць роўнай 50%, аднак скасаваньне квотаў немiнуча зьменшыць аб’ёмы продажу.

У гэты час ЗША працягваюць бараніцца ад завялiкага аб’ёму паставак прадукцыi «Беллегпраму» ў краiну. 10 студзеня ў Вашынгтоне быў падпiсаны беларуска-амэрыканскi мэмарандум пра пастаўкi на амэрыканскi рынак прадукцыi нафтахiмiчнай i лёгкай прамысловасьцi Беларусi. Ён прадугледжвае абмежаваньні на продаж беларускага трыкатажу на амэрыканскiм рынку. Сёлета канцэрн можа паставiць у ЗША ня больш за 408 тыс. жаночых нагавіцаў ды ня больш за 792 тыс. палiто з воўны.

Амэрыканцы ўвялі абмежаваньнi пасьля таго, як пастаўкi беларускага трыкатажу на амэрыканскi рынак перавысілi расейскiя (квоты для Расеi былi ўведзеныя яшчэ ў 1998 г.) Аднак «Беллегпрам», якi працуе больш чым з 20 амэрыканскiмi фiрмамi, квоты ня дужа засмуцiлi: амэрыканцы ж не выцясьняюць беларускай прадукцыі з краiны, а толькi намагаюцца пазьбегнуць экспансіi нашага трыкатажу. Памер квотаў ня меншы за леташнiя аб’ёмы паставак прадукцыi «Беллегпраму» ў Амэрыку — значыцца, сёлета экспарт можна будзе нават павялiчыць.

Iснуюць абмежаваньні i на пастаўкi прадукцыi «Беллегпраму» ў краіны Эўразьвязу. Яны невялiкiя: летась канцэрн «выбраў» гадавы лiмiт ужо за 8 месяцаў. Прадпрыемства мае намер павялiчыць квоты, уступiўшы ў асацыяцыю «Эўратэкс», якая вызначае сусьветную па-літыку вытворчасьці й продажу тэкстыльнай прадукцыі, лабіруе інтарэсы сваіх членаў у Эўрапарлямэнце. Сяброўства ў «Эўратэксе» дазволіць павялічыць квоты на пастаўку беларускага тэкстылю ў Эўропу, дасьць магчымасьць працаваць з усімі сусьветнымі тэкстыльнымі прадпрыемствамі, а таксама карыстацца эўрапейскай інфармацыйнай базай у галіне тэкстылю.

Неўзабаве «Беллегпрам» ператворыцца ў недзяржаўны холдынг. Канцэрн складаецца з 91 прадпрыемства, на якіх працуюць 120 тыс. чалавек. І хоць 71 прадпрыемства «Беллегпраму» ўжо не належыць дзяржаве, сярэдняя рэнтабэльнасьць іх вельмі нізкая — 5,3%, таму й было прынятае рашэньне пра прыватызацыю. Адмена дзяржаўных квотаў на закуп прадукцыi «Беллегпраму» будзе на карысьць малым беларускiм фiрмам, якiя вырабляюць аналягiчную прадукцыю, аднак квотаў ня маюць. Разам з тым, замежныя канкурэнты, у першую чаргу з Расеi, таксама апынуцца ў лепшых умовах, бо абмежавальных квот накшталт амэрыканскiх цi эўрапейскiх урад уводзiць ня будзе.

Алесь Кудрыцкi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0