Сяржук Трухановіч, 2003

Першы сёлетні дыск і другі сольны альбом сапраўднага віртуоза Сержука Трухановіча, гітара якога аздобіла музыку «Крамы», «Палацу», «Сяброў» ды шмат якіх іншых гуртоў. Але па ўсім відаць, што цалкам даў волю сваім музычным фантазіям Трухановіч толькі тут. Назьбіраў сяброў-прафэсіяналаў з «Крамы», «Рублёвай зоны» і «Яблычнай гарбаты» ды стварыў дыск інструмэнтальных п’есаў — музыкі збольшага для адпачынку, для роздумаў і мрояў. Трухановіч скіроўвае свайго слухача, арыентуе яго ў сваіх музычных фантазіях, даючы канкрэтныя назвы п’есам: «Поўня», «За аблокамі», «Купальская» і г.д. Але гэта ня жорсткая ўстаноўка, бо музыка такога кшталту можа нараджаць розныя асацыяцыі. Так што не абавязкова глядзець на вокладку з назвамі кампазыцыяў.

Адзінае, што магло б быць лепшым, — аздабленьне дыску. Ён нагадвае партрэтную галерэю: выява Трухановіча на ўсіх баках вокладкі і на дыску сустракаецца 6 разоў. Па-другое, сваім сьветла-блакітным колерам альбом нагадвае кружэлку фірмы «Мэлёдыя» пачатку 80-х.

Самыя ўдалыя п’есы: «Нараджэньне таямніцы», «Асуджаны да жыцьця», «Купальская».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0