У 2001 г. сьмяротнасьць у Расеі ў два разы перавысіла нараджальнасьць. За апошнія чатыры гады насельніцтва там скарацілася на два мільёны чалавек і складае цяпер 144 млн. Захаваньне цяперашніх тэндэнцыяў азначае вельмі сумную пэрспэктыву — у 2010 г. колькасьць пэнсіянэраў зраўнуцца з колькасьцю працаздольных.

ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
Паводле самых аптымістычных прагнозаў дэмографаў, толькі пасьля 2015 г. у Расеі можа зноў пачацца простае ўзнаўленьне насельніцтва. Не на карысьць расейцаў зьмяняецца этнічны склад рэгіёнаў, дзе кампактна жывуць мусульмане. Пасьля агульнарасейскага перапісу насельніцтва прэзыдэнт Татарстану Менцімер Шайміеў з задавальненьнем адзначыў, што татары складаюць ужо больш за 50% насельніцтва рэспублікі. Такія самыя тэндэнцыі назіраюцца і ў Башкартастане. Наша эўраазіяцкая суседка робіцца ўсё больш азіяцкай краінай.

Таджыкі й казахі

Яшчэ больш небясьпечная сытуацыя складаецца ў паўднёвых рэгіёнах Расеі, што адчуваюць моцны ціск з боку сваіх суседзяў. Ужо ў савецкі час шмат казалі пра дэмаграфічную анамалію: рост насельніцтва цэнтральнаазіяцкіх рэспублік Савецкага Саюзу значна перавышаў тэмпы іх сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Заклікі кампартыйных чыноўнікаў плянаваць сям’ю не сустракалі разуменьня. У пачатку 1990-х словы прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава («Нашыя жанчыны могуць мець столькі дзяцей, колькі дасьць Аллаг») толькі адлюстравалі тую дэмаграфічную сытуацыю, што складалася ў краінах Цэнтральнай Азіі.

У 1989 г. насельніцтва Ўзбэкістану налічвала 16 млн. чалавек. У першыя гады незалежнасьці адбыўся дэмаграфічны выбух: нараджальнасьць у чатыры разы перавысіла сьмяротнасьць. Пры канцы 2000 г. у рэспубліцы адзначылі нараджэньне 25-мільённага жыхара. Пры захаваньні цяперашніх тэмпаў прыросту насельніцтва ў сярэдзіне ХХI ст. ва Ўзбэкістане будзе жыць больш за 50 млн. чалавек. Добры стан нацыянальнай эканомікі і буйныя замежныя інвэстыцыі дазваляюць Ташкенту ствараць новыя працоўныя месцы. Буйная іміграцыя з боку Ўзбэкістану пагражае Расеі ў пэрспэктыве.

Аднак праблема нелегальнай іміграцыі з Цэнтральнай Азіі актуальная для Крамля ўжо сёньня. Падчас грамадзянскай вайны ў Таджыкістане (1992—97 г.) каля мільёна жыхароў гэтай краіны перабраліся ў паўднёвыя рэгіёны Расеі. Таджыкі фактычна акупавалі Астраханскую вобласьць. За «дзявятым валам» рушылі наступныя хвалі таджыцкіх імігрантаў. Страта каля 100 тысяч забітымі падчас канфлікту значна не паўплывала на дэмаграфічную сытуацыю ў краіне. За 10 апошніх гадоў колькасьць насельніцтва Таджыкістану павялічылася на 14% і дасягнула лічбы 6 млн. 250 тыс. За той самы час ВУП краіны скараціўся на 2/3. Даходы 96% грамадзянаў Таджыкістану «не дацягваюць» да ўзроўню мінімальнага спажывецкага кошыка. Масавае беспрацоўе і жабрацтва штурхаюць таджыкаў шукаць шчасьця ў Расеі.

Турботу расейскага кіраўніцтва выклікае і павольная экспансія з боку іншага партнэра па СНД — Казахстану. Масавая міграцыя казахаў на тэрыторыю Алтайскага краю, Арэнбурскай, Кемераўскай, Чэлябінскай абласьцей сталася прычынай неаднаразовых заклікаў шэрагу дэпутатаў Дзярждумы абсталяваць мяжу з Казахстанам і ўвесьці візавы рэжым. У 2000—2001 г. на мяжы было разьмешчана больш за 10 тысяч расейскіх памежнікаў. Аднак гэта ня вырашыла праблемы. Працягласьць расейска-казахскай мяжы — больш за 4 тыс. км, яна застаецца па-ранейшаму празрыстай.

Цэнтральныя рэгіёны Расеі яшчэ з савецкіх часоў прыцягваюць «асобаў каўкаскай нацыянальнасьці». Паводле зьвестак МУС Расеі, у Маскве і Маскоўскай вобласьці толькі азэрбайджанцаў жыве больш за мільён. Шмат якія нелегальныя імігранты атрымліваюць расейскае грамадзянства. З прычыны карумпаванасьці расейскага чынавенства, а таксама шматлікіх «пралазаў» у заканадаўстве стрымаць гэтую міграцыю немагчыма.

У Сібіры будзе Кітай

Умовы для «пераліўкі» насельніцтва склаліся ня толькі на межах Расеі з паўднёвымі краінамі СНД. Яшчэ большую пагрозу ўяўляе для Масквы іншы, значна больш моцны сусед — Кітай. Колькасьць насельніцтва Кітаю (без Ганконгу і Макао) складае 1 мільярд 266 млн. чалавек. Спробы кіраўніцтва дзяржавы вырашыць праблему перанасяленьня праз рэалізацыю праграмы «Адна сям’я — адно дзіця» пакуль не даюць відавочных вынікаў. Вялікая краіна мае адпаведную інэрцыю дэмаграфічных працэсаў. Згодна з ацэнкамі дэмографаў, у 2013—15 г. насельніцтва Кітаю складзе 1 мільярд 405 млн. чалавек.

Тады як у Расеі на ўсход ад Уралу жыве каля 30 млн. чалавек. На памежных з Кітаем тэрыторыях Расеі пражывае каля 8 млн. расейцаў. У той жа час толькі ў памежных з Расеяй правінцыях Кітаю жыве больш за 106 млн. чалавек. У адрозьненьне ад Расеі, якая пакуль ня мае стратэгіі разьвіцьця сваіх усходніх тэрыторыяў, Кітай рэалізуе ў адносінах да сваёй суседкі доўгатэрміновую праграму. Мэта гэтай праграмы — эканамічная экспансія, якая дае магчымасьці для палітычнага ўплыву на новыя тэрыторыі. З 1992 г. у Кітаі на афіцыйным узроўні не выкарыстоўваюць адносна Расеі іерогліф «чжоў» (дзяржава). Раней такое правіла дзейнічала адносна Тайваню, які для Пекіну заўсёды быў «сваёй тэрыторыяй». Расею, як і Тайвань, у Кітаі лічаць аб’ектам экспансіі. Два гады таму старшыня КНР Цзян Цзэмінь абвесьціў пра пераход да наступальнай замежнапалітычнай стратэгіі, галоўным інструмэнтам якой ёсьць экспарт капіталаў і стварэньне транснацыянальных карпарацыяў. З гэтага моманту ў памежных з Кітаем рэгіёнах Расеі зьяўляецца ўсё болей ці сумесных, ці замежных (кітайскіх) прадпрыемстваў.

Хваля кітайскіх «чаўнакоў» запаланіла кірмашы гарадоў Сібіры і Прымор’я. Прадстаўнікі адміністрацыі ўсходніх рэгіёнаў Расеі адзначылі штомесячны рост нелегальнай і легальнай іміграцыі з Кітаю. Спробы Крамля спыніць яе выклікалі хуткае ўмяшаньне Пекіну. Кіраўніцтва Кітаю паклала на стол больш чым важкія козыры. Буйныя кітайскія замовы ёсьць асноўнай крыніцай фінансаваньня расейскіх высокатэхналягічных вытворчасьцяў. На Кітай прыпадае палова экспарту расейскага ВПК (больш за 2 млрд. даляраў штогод). Кітай — асноўны пакупнік расейскіх тэхналёгіяў. У гэтых умовах Масква ня можа паставіць пад пытаньне пэрспэктывы супрацоўніцтва зь вялікім усходнім суседам. Пасьля непрацяглых перамоваў расейскі бок пайшоў насустрач Пекіну. Пасьведчаньне замежнага рабочага, якое без праблемаў атрымліваюць кітайскія імігранты, адчыняе магчымасьці для знаходжаньня і працы на тэрыторыі Расеі. Прадпрыемствы з удзелам кітайскага капіталу, таксама як і замежныя прадпрыемствы, былі вельмі хутка ўкамплектаваныя кітайскімі супрацоўнікамі.

Эканамічны рост і зьвязанае з гэтым павелічэньне аб’ёму інвэстыцыяў дае Пекіну ўсё большыя магчымасьці для актыўнай замежнай палітыкі ў паўночным кірунку. ВУП Расеі складае 15% ад ВУП Кітаю. Тэмпы прыросту кітайскай эканомікі ў 2—3 разы перавышаюць аналягічныя расейскія паказьнікі.

Дзякуючы інтэнсіўнай працы кітайскай «помпы» Расея з кожным годам усё больш губляе эканамічныя сувязі з Усходняй Сібір’ю і Прымор’ем. Інтэнсіўны прыток кітайскіх імігрантаў адбываецца на тле адтоку расейцаў. У пачатку 2002 г. кіраўніцтва Расеі было вымушана спыніць будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі. У выніку дзясяткі тысячаў людзей згубілі працу. Сама якасьць насельніцтва расейскіх усходніх рэгіёнаў таксама не спрыяе пэрспэктывам утрыманьня вялікіх усходніх тэрыторыяў пад кантролем Масквы. Ня першае стагодзьдзе там асядалі былыя «зэкі», прычым у значнай колькасьці асуджаныя па «сур’ёзных» артыкулах. Наступствы такога становішча Крэмль адчувае цяпер. Усходняя Сібір і Прымор’е — лідэры сярод рэгіёнаў Расеі па колькасьці наркаманаў і алькаголікаў. Пэрыядычныя энэргетычныя крызысы ёсьць дадатковым чыньнікам, што спрыяе масавай міграцыі расейцаў у заходнюю частку краіны.

Інтэграцыя з усходнім суседам пагражае Беларусі сумнай пэрспэктывай стаць адстойнікам для нелегальных імігрантаў і зьвязанымі з гэтым вельмі сур’ёзнымі праблемамі.

Выпадае чуць меркаваньні, што Беларусь мае шанцы быць інтэграванай у Эўропу толькі «разам з Расеяй». Такая думка адлюстроўвае меркаваньне аб магчымасьці «эўрапейскага шляху» Расеі. Прыхільнікі руху «разам з Расеяй» успрымаюць нашую усходнюю суседку як краіну Пушкіна й Гагарына. Паміж тым, як вядома, «усё зьмяняецца». Сапраўдная Расея вельмі непадобная на той ідэальны вобраз, што мае месца ў сьвядомасьці прыхільнікаў руху «разам» і прыхільнікаў саюзу з усходняй суседкай.

Андрэй Ляховіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0