«Замак! Яшчэ не бяда, калі цябе пакідаюць людзі. Бяда, калі цябе пакідаюць анёлы...» Гэтая думка, якая шторазу зьяўлялася, калі прыходзіў да апусьцелага замку, вярнулася і 25 сьнежня, назаўтра пасьля трагічнае ночы. На знаёмы сылюэт было цяжка, балюча глядзець. Гістарычны мур, помнік-шэдэўр быццам ператварыўся ў здань (змрочнае будучыні?). Быў добры мароз, я на хвіліну зьняў з галавы шапку і папрасіў анёлаў вярнуцца.
Сям-там зьбіраліся ў купкі людзі, з шкадаваньнем і горыччу пазіралі на замак. У сонцы, калядна-чырвоным, ярка гарэлі старажытныя сьцены зь мецінамі шматлікіх «зандажоў» і сьвежага, з вогненнае ночы, куродыму. Пахам залітага тла цягнула з паўднёвага боку. Гэтая частка замку заўжды выяўляла сілу і моц, нагадваючы ўсім сваім выглядам грудзі льва. Леў быў моцна паранены, здавалася, яго пакінула жыцьцё.Цалкам у Эўропе
Нясьвіскі замак Радзівілаў вымоўна і годна глядзіць «на Захад». Усім сваім абліччам, традыцыяй ён стаіць менавіта ў Эўропе, размаўляе зь ёю адной мовай. Тут, на абвалаванай высьпе сярод азёрна-паркавага краявіду, і б’ецца сэрца нашай адвечнай спадчыны. Гэты сымбалічны знак падаецца мне праўдзівай будучыняй Нясьвіжу, самай значнай каштоўнасьцю «паміж сваіх і чужакоў».
Убачыць замак — было, ёсьць і будзе духоўнай патрэбай пакаленьняў, рытуалам прысяганьня эўрапейскай славе Радзімы. Заходні кірунак беларуска-нясьвіскай пэрспэктывы застаецца адной з прычын пастрыманьня і зацягваньня рэканструкцыі замку. З гэтага погляду пажар не падаецца выпадковым, нават калі факт разагрэву сыстэмы ацяпленьня адкрытым агнём сумневу ня мае і калі сантэхнік Шкрабін і электрык Дземідовіч цалкам прызнаюць сваю правіну. На фоне зарыва ў Нясьвіжы няцяжка ўбачыць постаці тых, хто не пускаў і не пускае нашай краіны ў Эўропу, дэкляруе нам чужыя каштоўнасьці і заварочвае галовы беларусаў у бок крамлёўскіх, а не цюльпанападобных нясьвіскіх вежаў.
Асьцярожна: ахоўваецца дзяржавай!
Пасьля пажару газэты, нібы пад дыктоўку, праштампавалі паведамленьне, што Нясьвіскі палацавы комплекс — рэальны кандыдыт на ўлучэньне ў Сьпіс сусьветнай прыродна-культурнай спадчыны ЮНЭСКА (пасьля Белавескай пушчы і Міру). Нават гатовыя дакумэнты на разгляд міжнародных экспэртаў. Вось, маўляў, што мы страцілі!
Магчыма, калегі-журналісты не захацелі ламацца ў адчыненыя дзьверы. Але ня скажаш — ня ўсе здагадаюцца. Так, Нясьвіж — сусьветная спадчына, раней ці пазьней гэта будзе прызнана. Адно, што турбуе: перад залучэньнем у высокі Сьпіс яе, гэтую спадчыну, трэба занесьці ў нашу сьвядомасьць, у нашыя мясцовыя распарадчыя граматы, у нацыянальныя акты і пакты. Ці рупімся? На якую будучыню арыентуемся, зьбіраючыся захаваць нешматлікія рэшткі ранейшае велічы? Ці бачым перад сабой мэту, якой мусіць служыць выдатны помнік?
Пройдзем на тэрыторыю замка, дзе зь ліпеня 2001 г. вядзецца «навукова-вышуковая праца». Можа, шукалі агню і знайшлі яго? За паўтара году не дадумаліся, напрыклад, павесіць чырвонае вядро ды іншае звыкла-традыцыйнае супрацьпажарнае начыньне, якое ўбачыш у звычайным кароўніку. Не стаяць навокал і маланкаадводы на выпадак навальніц, якіх апошнімі гадамі значна паболела. І кранік з вадой застаўся чамусьці ўспамінам ад замку-санаторыю (можа, першае, што трэ было аднавіць, — гэта радзівілаўскую студню ў парадным двары?). Урэшце, на тэрыторыі замку не пабудавалі самай просьценькай дашчанай прыбіральні — рабочыя і турысты, прабачце, знаходзілі патрэбныя «зручнасьці» за рогам будынку.
А тут — Парыская канвэнцыя, сусьветная каштоўнасьць! Прыгожыя дэклярацыі замест гаспадарлівасьці і дбайнасьці. На літару Канвэнцыі, прынятай у Парыжы 30 гадоў таму дзеля захаваньня сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны, варта зьвярнуць асаблівую ўвагу: кожная дзяржава, якая падпісала Канвэнцыю, абавязаная «забясьпечваць выяўленьне, ахову, зьберажэньне, папулярызацыю і перадачу будучым пакаленьням» спадчыны, разьмешчанай на яе тэрыторыі. Беларусь падпісала Канвэнцыю, але не засвоіла яе ключавых пастановаў. І не адно Канвэнцыю, але й Мэмарандум, прыняты ў ліпені 2002 г., падчас візыту ў Менск Генэральнага дырэктара ЮНЭСКА сп.Мацууры. Маю на ўвазе ня толькі частку, якая датычыць культуры, але й наш спраўджаны 10 гадоў таму прыродны аб’ект сусьветнай спадчыны — Белавескую пушчу. Сёньня яна абяскроўліваецца аблогай дзяржаўнай «апекі»: высякаецца элітны першабытны лес, чыніцца дзікунства ў дачыненьні да найкаштоўнейшага біялягічнага скарбу Эўропы і сьвету. Я маю на ўвазе і словы адзінага беларускага «гаранта» — «Мы будзем і надалей рабіць усё магчымае...», сказаныя сп.Мацууры. Рабіць усё магчымае, паводле кантэксту, — значыць берагчы і ахоўваць сусьветную спадчыну.
Сьвет бюракратаў! Можна, не шкадуючы словаў і высноваў, абгрунтаваць сусьветную каштоўнасьць «аб’екту» і пры гэтым наўзвоч ня бачыць свайго нядбайства і яго пачварнай закінутасьці. Хто трапляў на тэрыторыю замку пасьля таго, як адтуль пайшоў апошні гаспадар, той адчуваў, што расхрыстаная мураваная імпэрыя, дзе не заставалася жывой душы, тоіць пагрозу бяды. «Бедны замак…» — вылятала з грудзей. Знаёмка, бываючы ў замку амаль штодня, горача малілася, каб ён выстаяў, пратрымаўся, ня зьнік, не пакрыўдзіўся на людзей і бюракратаў. Але больш за ўсё людзі баяліся агню, пажару. Падыходзілі да рабочых, гаварылі з начальствам, прасілі іх, угаворвалі. Разумелі: цяпер замак не ў руках міністра ці мясцовага вэртыкальнага, а ў руках простых рабацягаў, сьпітага бадзяжнага люду, які тут хоць нешта нейкае ды робіць.Збор сродкаў
Ад жыхароў Нясьвіжу і ягоных ваколіц цікава было пачуць пра ахвяраваньні «на замак»: даваць або не даваць грошы? Я пытаўся ў тых, каго стрэў каля замку ў дзень Раства, у знаёмых і родных, якія жывуць у раёне. Пераважная большасьць хацела б дачакацца вынікаў сьледзтва, у якіх была б відаць віна не аднаго сантэхніка-электрыка, а службовых асобаў усіх рангаў. Чакалі поўнае аб’ектыўнае інфармацыі пра страты, ацэнкі пашкоджаньняў. Нарэшце, хацелі ведаць, у чые рукі трапяць народныя грошы. Гэта цяпер прынцыпова значна. Мяшаць «свае» грошы зь бюджэтам, у якім прэзыдэнцкая ахова адхапіла львіны кавалак? Альбо з грашыма на разбухлы дзяржапарат, які ня ўмее арганізаваць справу і чыніць нядбальства? На падтрымку кволых раённых бударганізацый, што рэгулярна пасылалі «на замак» чорнарабочых, а тыя па-чорнаму прапівалі тут сваю душу ў працоўныя гадзіны?
Сродкі насельніцтва — ахвяраваньні — павінны ляжаць асобна і быць кантраляванымі грамадзтвам. Менавіта пры гэтай умове людзі ахвотныя рабіць «узнос сумленьня» дзеля адбудовы пашкоджанага помніка. Ці ня час успомніць тут пра Міжнародны грамадзкі фонд «Нясьвіж», заснаваны ў студзені 1994 г.?
Намэнклятурна-грамадзкі фонд
Урок Нясьвіжу павучальны ня тым, што трэба захоўваць тэхніку бясьпекі, ставіць на працоўныя месцы цьвярозых прафэсіяналаў і г.д. Хоць менавіта на гэтым будуць рабіць акцэнт дзяржаўныя рупары, замятаючы сьляды дзяржаўнай нядбайнасьці. Урок Нясьвіжу павучальны тым, што супрацьстаяць невуцтву, нахабству, карпаратыўнасці і ўсёдазволу, якія распладзіла улада, можна толькі арганізаванымі высілкамі грамадзкасьці. Гэта ўрок для ўсяе Беларусі, усіх яе куткоў і куточкаў, дзе яшчэ ня скрадзеныя нашы скарбы, дзе не запусьцела наша ніва, дзе пульсуе чалавечая кроў. Так званы трэці, грамадзкі сэктар пакуль вельмі кволы, неразьвіты, малаэфэктыўны.
Міжнародны грамадзкі фонд «Нясьвіж» ствараўся ў свой час і на сваім месцы. Ягоныя «бацькі» Адам Мальдзіс і Ўладзімер Гілеп кіраваліся найлепшымі намерамі, якім, аднак, спраўдзіцца не давялося. Фонд ня стаўся фондам Мальдзіса і Гілепа (кажуць, адзін зь іх і рыхтаваўся быць прэзыдэнтам). Ня стаўся таму, што пагражаў разьвіцца ў багаты і моцны. Прэзыдэнтам абралі Ўладзімера Дражына, тады старшыню райвыканкаму. Урэшце фонд застаўся ў юрыдычна адшліфаваных фразах устаноўчых папер. Сп.Дражын быў першым і апошнім яго прэзыдэнтам. Газэта «Свабода» адказала на тую падзею рэпартажам з красамоўным загалоўкам «Намэнклятурныя цені ў Нясьвіскім замку» (студзень, 1994). З рэпартажу выразна відаць, што фонд памёр у той самы дзень, калі й нарадзіўся.
Фантомнасьць і няіснасьць, аднак, зьнікаюць, калі «намэнклятурныя цені» паўстаюць вельмі рэальнымі дзяржаўнымі постацямі. Праўда, сёньня я радаваўся б нашмат больш, калі б на месцы рэспубліканскага штабу, створанага сёлета ў жніўні дзеля «актывізацыі» работы «на замку», быў Міжнародны грамадзкі фонд «Нясьвіж».
Нерытарычныя пытаньні
Ці паскорыць трагедыя 24 сьнежня ход рэстаўрацыі «на замку»? Пытаньне рытарычнае. Спытаем крыху інакш: які плацім кошт, каб нарэшце брацца за галаву, цьверазець, рабіць тое, што павінны — з павагі да продкаў і адказнасьці перад нашчадкамі, як нацыя і народ, як грамадзтва і як дзяржава? Які плацім кошт, каб зразумець, што на зьмену незадаўненым сьвінагадоўчым комплексам-гігантам прыходзяць лядовыя палацы, а вечныя каштоўнасьці гараць у агні?
Нясьвіж,
25—30 сьнежня 2002
Валеры Дранчук