(Розныя выканаўцы), 2002

Спадарства! Эра супольных праектаў, што распачалася зь «Песьнярком» у 1996 г., працягваецца! Наступны прэтэндэнт на «Рок-карону» ў намінацыі «Альбом году» —«даніна павагі» (ангельскае «tribute») да піянэраў музычнай нэарамантыкі — гурту «Depeche Mode». Гурт гэты хоць і слынны, але не сказаць каб уся Беларусь білася ў экстазе ад музыкі і голасу ягонага вакаліста Марціна Гора. Паколькі наклад дыску ў любым выпадку перавышае колькасьць слухачоў, якім блізкая творчасьць «дэпэшаў», можна дапусьціць, што «беларускія кавэры» будуць успрымацца масамі як самастойныя творы нашых музыкаў.

Існуе думка, што такога кшталту «прысьвячэньні» — хаўтуры па аўтару арыгіналаў. Стваральнікі трыб’ютаў нібыта падводзяць выніковую рысу пад усёй ягонай творчасьцю, тым самым кажучы: лепей ужо ня будзе. «Пахаваць» улюбёны гурт можна й іншым спосабам: празь недарэчную інтэрпрэтацыю арыгінальных твораў. Такія няўдалыя кавэры атрымаліся ў Людмілы Краўцовай (песьня «See You»), у гурту «Імпэт» («In Your Room»). Шчырапапсовая аранжыроўка Краўцовай выпадае з агульнага альтэрнатыўнага настрою, а вэрсія «Імпэту» слухаецца як чарнавы накід, не разьвітая як сьлед ні музычна, ні вакальна.

Астатнія творы — на ўзроўні. Стваральнікі трыб’юту быццам далі прастору слухачам: выбірайце свой гіт! Прыхільнікам аўтэнтыкі спадабаюцца адаптаваныя пад беларускую музычную традыцыю інтэрпрэтацыі «Троіцы» і «Крыві», аматарам гітарнай музыкі — Памідораў з «Гаерам» ды «Флэт», фанатам джазу — «Яблычная гарбата», гардкору — «Гарацкія»... Дарэчы, Піт Паўлаў — лідэр «Гарацкіх» — ажно «тройчы ўдзельнік» трыб’юту: граў на гітары яшчэ ў «NRM» і ў «Крыві». Голас Лявона Вольскага можна пачуць двойчы — у «Zet» і, вядома ж, у «NRM».

Жорсткія крытэры да мовы не прад’яўляліся. Траціна песень прасьпяваная па-беларуску, столькі ж на ангельскай, астатнія — інструмэнталы («Троіца», «Яблычная гарбата») і расейскамоўныя («Калі Юга», «Ляпіс»). Цікава прыдумаў Шадзько: куплет па-расейску, прыпеў — па-ангельску.

Увогуле ж рэклямны слоган праекту «Спадабалася «дэпэшам», спадабаецца і вам!» можна назваць слушным і нават разьвіць: «Нам падабаюцца ня «дэпэшы», а нашы!»

Калі ж «нашы дэпэшы»падабаюцца вам настолькі, што вы гатовыя выкласьці за гэты дыск любыя грошы, — чакайце выхаду калекцыйнага выданьня з тэкстамі песень, здымкамі й іншымі сюрпрызамі.

3 найлепшых кавэраў альбому: «Zet» — «Марны», «Крыві» — «Бяз гучных словаў», «NRM» — «Твой Езус».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0