Partyzone, 2002

Дэбютны альбом леташняга музычнага адкрыцьця пакідае дваістае ўражаньне. З аднаго боку, гэта якасны музычны прадукт — паўнавартасны альбом з бонус-трэкам, ды яшчэ зь відэакліпам, фатаздымкамі. Аднак пасьля праслухоўваньня (і прагляду) зьяўляецца думка: ці ня будзе гэты альбом апошнім? Падаецца, што выклаліся музыкі, выкарысталі ўвесь свой (і ня толькі свой) рэзэрв.

Гэты альбом яшчэ раз пацьвердзіў тую тэзу, што музыкі сёньня папросту ня могуць існаваць без запазычаньняў (ня важна, усьвядомленыя яны ці не).

Вось і тут мы сустракаем устаўкі з «System of Down», «Iron Maiden» і г.д. А паралелі з «Rammstein» «партызоны» й самі не адмаўляюць: на вокладцы дыску зьмешчана выказваньне беластоцкага беларуса Міколы Ваўранюка: «У Беларусі гэты гурт называюць «беларускі Rammstein з усьмешкай у душы». Я б сказаў болей: «Гэта часам нават лепш за Rammstein». Вось такім чынам «Partyzone» сам сябе прэзэнтуе.

У прафэсіяналізьме музыкаў няма сумневу — яны пайгралі ў шмат якіх іншых гуртах («Wasted», «Aquamorta», «Калі Юга» і г.д.), дый самому праекту «Partyzone» ўжо болей за 8 год. Толькі вакал Дзяніса Вячэрскага месцамі выклікае нараканьні: у некаторых песьнях альбому і асабліва на «жывых» трэках ён не дацягвае да прымальнага ўзроўню, а часам гучыць неяк па-карчомнаму («О-о, сэрца як трымціць і галава баліць...»).

Гэты год пакажа, ці здолее «Partyzone» замацаваць свае пазыцыі на беларускай музычнай сцэне.

Тры гіты: «Завіруха», «Хто я?», «Не пасьпеў у лес».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0