Белыя абразкі
Сьнежны духЛяжыць на дрэвах сьнежны пух —
Халодны і свабодны Дух.
Вартуе сон яго — дазор
У вышыні зь мільёнаў зор.
О, мой Герой! О, вольны Дух!
Куды вядзеш свой грозны рух?..
Вось вам узор: заўжды гатовы
Прынесьці ў сьвет парадак
новы!
Ляплю цябе...
Ляплю Цябе — са сьнегу,
Сьвяточнасьці і сьмеху.
І ты — вясёлы! — як бы
Пляменьнік Сьнежнай бабы.
Ня важны, не сярдзіты,
А круглы, нібы шар.
Ня вочы — антрацыты!
І моркаўкі пажар!
...Над гурбай — нахілюся
Ў маленьні ці тварбе.
Ня ведаю: малюся
Нябёсам ці Табе?
Белая містэрыя
Пад вечар глянула на двор я —
Тваё любімае надвор’е:
Ўсё белай воўнаю расшыта,
Малочным кісялём заліта...
Стаіць Калядная пара —
Бы Поўня пасярод двара!
І крок хлапца ўдалечыні,
Як храбусьценьне прасьціны.
Менск, 2003