Вікторыя Дземянчук. Дэма-выданьне, (р) 2002.

Эх, калі б гэты альбом быў складзены хоць напалову зь беларускіх песень! А так выключна расейскамоўны рэпэртуар, які, аднак, мяне, задзяўбанага аднолькавай тэлевізійнай жуйкай усходняга вырабу, аніяк не адштурхвае. Хіба за выняткам пары песенек.

Большая частка альбому — дастаткова высокага ўзроўню, не дурная, не банальная і не пустая прадукцыя, якая дае выгаднае ўяўленьне пра патэнцыял, манеру сьпявачкі, яе выканальніцкія магчымасьці, уменьне прадусараў падабраць праграму, адпаведную яе выразнаму, моцнаму голасу. У Дземянчук натуральны жаночы голас, пазбаўлены піскаў, енкаў і іншых танных штучак. Так, Віка таксама часам захапляецца прыдыханьнямі, нібыта імкнецца надаць выкананьню нейкі такі штучны інтым, «фірму». Ды альбом гэты, пры ўсёй маёй нелюбові да «эстрады», я з задавальненьнем праслухаў неаднойчы і без фатальных наступстваў для здароўя. А гэта ўжо шмат пра што сьведчыць.

У альбоме ёсьць песьні, якія пойдуць на «ўра» ў дыскатэках і нават на рок-канцэртах. Дый на «Скрыгатаньнях Эўропы» зоймуць не апошняе месца. Віка, ураджэнка Горадні, многае прынесла ў гэты альбом адтуль. Хоць бы добра аранжаваную песьню «Танцы с волками» з рэпэртуару групы «Воображаемые люди».

Найлепшыя нумары альбому — «Не ты», «Я жду...», «Сны на двоих» (не без уплыву «Enigma») і нават «Русские зимы» (няхай яно і непатрыятычна гучыць!). Апошняя песьня — моцны зімовы шлягер, за які з задавальненьнем учапіўся б любы расейскі тэлеканал. Пры адной умове: калі б Вікторыя нарадзілася ня ў Горадні, а ў якой Цьверы. І калі б у ейным двары з-пад зямлі біў нафтавы фантан. А паколькі яе прадусары ня маюць неабходнага для раскруткі такога альбому ў Расеі вагону грошай, нават такой сапраўды добрай прадукцыі наканавана выміраньне што тут, што там. Бо па-сапраўднаму публіку ўзяць можна толькі арыгінальным ды (як яно патрыятычна прагучыць!) глыбока нацыянальным. Чаго Вікторыі шчыра і зычу!

P.S. А яшчэ яна была адзінай сьпявачкай за ўсю гісторыю даражэзнага конкурсу «Інтэршлягер» у Вільні, якой далі Гран-пры, хоць рэглямэнт не прадугледжвае такой узнагароды. Нашыя — могуць!

Пераможаны СЛУХАЧ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0