23 студзеня

Супраць пагадзiннай стаўкi

Урад зьбіраецца ўвесьцi пагадзiнную тарыфную стаўку аплаты працы замест памесячнай, Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусi працiвiцца гэтаму. Яна лiчыць, што пагадзiнная аплата зробiць працаўнiкоў сацыяльна безабароннымi. Працадаўцы пачнуць масава пераводзiць супрацоўнiкаў на няпоўны працоўны дзень, зьнiжаць заробкi ды перастануць плацiць за вымушаныя прастоi. Цяпер тарыфная стаўка вызначаецца з разьліку на месяц.

Камэрцыйны шпiянаж у «Палесьсi»

Пiнскае ААТ «Палесьсе», што вырабляе трыкатаж, засакрэцiла ўсю iнфармацыю пра сваю дзейнасьць. Летась адна з украiнскiх карпарацыяў паспрабавала набыць кантрольны пакет прадпрыемства, карыстаючыся нелегальнымi ксэракопiямi дакумэнтаў, атрыманых ад некага з супрацоўнiкаў «Палесься». Цяпер зьвесткi пра штат, вытворчасьць, кантракты, выдаткi ды прыбыткi прадпрыемства — камэрцыйная таямнiца. Спрыяць яе захаваньню будзе служба эканамiчнай бясьпекi «Палесься».

Акцыі нафтахіміі — за грошы

[] 21 студзеня ўрад зацьвердзіў праект указу прэзыдэнта, згодна зь якім набываць акцыі «Нафтану», «Паліміру», «Белшыны», «Азоту», «Хімвалакна» можна будзе выключна за грошы. Працаўнікі прадпрыемстваў змогуць купіць акцыяў на суму, ня большую за 100 базавых велічыняў (каля 1,2 млн. рублёў). Чэкі «Маёмасьць» мяняцца на гэтыя акцыі ня будуць.

Буйныя замовы

«Бабруйскмэбля» выпраўляе ў Нямеччыну буйную партыю мэблi зь бярозы на суму 200 тыс. эўра. «Камунарка» рыхтуе да продажу ў ЗША 20 тонаў цукерак. Кансорцыюм «Nike» замовiў бабруйскаму ААТ «Славянка» пашыў формы для расейскага чэмпiянату па футболе — некалькi тысячаў футболак ды шортаў.

Электраветракi

ААТ «Аэрола» сумесна з польскiмi iнвэстарамi будуе электравятрак магутнасьцю ў тысячу кВт. Палова дэталяў для гэтага ветрака, якi прададуць у Польшчу, — беларускiя. У калгасе «Мiр» на Койданаўшчыне ўжо стаiць электравятрак на 250 кВт, пабудаваны «Аэролай». У Беларусi ёсьць каля 1560 пунктаў, у якiх можна ўсталяваць электраветракi. Сярэдні кошт ветрака — 500—600 тыс. даляраў.

«Прыёр» плюс «Raiffeisen»

ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
17 студзеня сход акцыянэраў «Прыёрбанку» зацьвердзiў продаж 50% сваiх акцыяў аўстрыйскаму «Raiffeisen». Аўстрыйцы набылi пакет акцыяў за 31,4 млн. даляраў. «Raiffeisen» працягвае скупку. Ён прапанаваў iншым акцыянэрам прадаць яму акцыi «Прыёрбанку» па кошце, у 4,5 разу большым за намiнал. Цяпер толькi «Беларусбанк» ды «Белаграпрамбанк» маюць капiтал, большы, чым у «Прыёрбанку».

АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0