Калі на вуліцы няўтульна — з прычыны: а) моцнага марозу; b) слоты й макродзіва; с) маладых людзей пагрозьлівага выгляду; d) дэпрэсіі і татальнае прыгнечанасьці, — а ўдома таксама ня вельмі камфортна: а) бацькі пілуюць, што не прыносіш грошай; b) жонка пілуе, што захапляешся алькаголем і, зноў-такі, не прыносіш грошай; с) самотна й маркотна; d) апанавала дэпрэсія й татальная прыгнечанасьць, — што тады рабіць?

Тады людзі пачынаюць гуляць. Гульня — добры лекавы сродак. У гульні можна схавацца, зрабіць яе дамінантай, адсунуць абрыдлае рэальнае жыцьцё на другі плян, а потым узьнікне пытаньне: а што насамрэч рэальнейшае — жыцьцё ці гульня?

ЛЯВОН ВОЛЬСКІ ФОТА IREX-PROMEDIA
ЛЯВОН ВОЛЬСКІ ФОТА IREX-PROMEDIA
Самыя простыя гульні — у кампутарных клюбах. Шмат хто з маіх знаёмых недзе раз на тыдзень наведвае гэтыя ўстановы. Там яны бегаюць, страляюць, робяць геройскія ўчынкі, падвышаюць колькасьць магіі, сілы і маны, вывучаюць новыя заклёны, чаруюць. Вось той малады чалавек за трэцім кампом — так-так, гэты худы, у акулярах, з абсыпаным прышчамі тварам — дык гэта насамрэч вялікі магістар, і магія ў яго на такім узроўні, што лепей вам зь ім не сустракацца ў цьмяных калідорах змрочных замкаў.

Гатункі й формы гульняў — бясконцыя. Ёсьць гульні для багатых — пэйнтбол, боўлінг, більярд (я ўжо не кажу пра снаўборд і іншыя дарагія экстрэмальныя формы баўленьня часу).

Мае знаёмыя часта ходзяць гуляць у боўлінг. На пытаньне, як там прайшла гульня, хто выйграў, звычайна адказваюць: «А чорт яго ведае. Заканчэньня мерапрыемства ніхто ня памятае». Більярд — гульня цікавая. Але ёй трэба займацца мэтанакіравана й пэрыядычна. Каб ня страціць формы. Прысьвячаць шмат часу. Мне гэта не падыходзіць. У пэйнтбол я гуляў аднаго разу. Спадабалася. Эмоцыі, адрэналін, стратэгія, тактыка… Каманда рок-выканаўцаў змагалася супраць каманды папсавікоў. Каб кулі былі сапраўдныя, дык беларуская поп-музыка, і бяз гэтага бляклая й шэрая, недалічылася б найлепшых сваіх прадстаўнікоў… Зрэшты, пэйнтбол як захапленьне жыцьця — гэта не для мяне. Ну, пагуляць некалькі разоў… Зрэшты, для кагосьці гэта — незвычайнае, цудоўнае паралельнае існаваньне. Вось — сьціплы бухгальтар сярэдняе фірмы. А насамрэч гэта сапраўдны генэрал-лейтэнант ад пэйнтболу. Во як!

Ёсьць гульні з алькаголем. Яны цікавыя, часам вясёлыя й крэатыўныя, разнастайныя. Выпіў гэтага, таго, потым таго і потым яшчэ гэтага з гэтым, з тым, потым з тымі і з той. Засталіся ў таго з той, было проста супэр. Небясьпека палягае ў тым, што, напачатку эпізадычныя, гэтыя алькагольныя гульні зь цягам часу набываюць пэрыядычнасьць, перарастаюць у завядзёнку, якой цяжка пазбыцца, былая цікавасьць і весялосьць ператвараецца ў раздражнёнасьць, і ты незаўважна падыходзіш да фінішу, а там ужо незразумела, дзе жыцьцё, а дзе гульня.

Больш экстрэмальная форма вышэйзгаданае гульні — наркотыкі. Працэс падобны да папярэдняе гульні, толькі фарбы значна яскравейшыя і пераўтварэньні адбываюцца ў некалькі разоў хутчэй — зрэшты, гэта залежыць ад гатунку прадукту, зь якім ты гуляеш.

Існуе ў нас юнацка-моладзевая гульня ў тэатар. Ты выбіраеш сабе ролю і выконваеш яе некалькі гадоў. Напрыклад, роля фашыста — прывабная сваёй уяўнай мужнасьцю, сымболікай, дысцыплінаванасьцю, наяўнасьцю ворагаў, якіх неабходна ненавідзець. Гэтыя ворагі — прадстаўнікі «чорнае расы»: арабы, жыды, мурыны, рознага кшталту азіяты. Гульня вельмі цікавая, бо яна літаральна працінае рэальнае жыцьцё. Пра яе можна раз-пораз прачытаць у прэсе, пабачыць на тэлеэкране. Асабліва добра гуляць у яе слабахарактарным юнакам і тупаватым невукам. Першым — бо, маючы высокія вайсковыя боты, голеную галаву й нейкае падабенства ўніформы, ты нібыта ўжо не баязьлівы хлапчук, які яшчэ з год таму баяўся зайсьці ў цёмны пад’езд уласнага дому. Цяпер ужо ўсе яны, учорашнія твае страхі, мусяць цябе баяцца. Тупаватым жа невукам добра, бо калі ўчора яны білі людзей на вуліцах роднага гораду бязмэтна (і ў гэтым было штосьці непрыемнае, у парастках мазгоў пачыналі варушыцца зародкі сумленьня), дык цяпер можна біць пысы паводле нацыянальнае прыкметы, а калі й безь яе, дык выключна дзеля таго, каб падкрэсьліць магутнасьць арганізацыі. Ёсьць пэўныя мінусы: можна яшчэ да фіналу гульні (а яна мусіць скончыцца ў 18 гадоў, калі забяруць у войска) сесьці ў турму і распачаць іншую гульню — ад ходкі да ходкі.

Можна выконваць адваротную ролю — змагара з фашызмам. Выканаўцы гэтых роляў так апантана супрацьстаяць «карычневай чуме», што самі наблізіліся да ейных носьбітаў: паўсюль ім бачыцца прывід Гітлера, любое крышачку неадэкватнае выказваньне ці ўчынак падаюцца фашызоіднымі, і калі першыя дэкляруюць вынішчэньне «чорнае расы», дык другія дэкляруюць бязьлітаснае вынішчэньне першых. Мінусы гульні ў антыфашыста: можна нарвацца ўначы на натоўп скінаў, вынікі — сумныя. Альбо можна нарвацца ўначы на раздражнёных міліцыянтаў. А яны ляяльна ставяцца да фашыстаў, бо тыя ваенізаваныя, як і міліцыянты, таксама маюць уніформу — карацей, нешта блізкае, сваё. Затое анархістаў — змагароў з фашыстамі яны не пераносяць. За нефармальны выгляд, за тое, што незразумела, чаго яны хочуць, з чым яны змагаюцца. Такім чынам, вынікі таксама сумныя. Пераломы, кроў, маральная прыгнечанасьць, шпіталізацыя, перагляд чалавечых каштоўнасьцяў.

Найлепшая гульня апошняга часу — Інтэрнэт. Прастора для дзеяньня неабмежаваная. Можна выконваць некалькі роляў, пераўвасабляцца, абражаць апошнімі словамі, крыўдзіць, ухваляць, правакаваць, лаяцца… Толькі тут можна быць адначасова фашыстам і анархістам, беларусам і беларусафобам, панкам і папсачом. Найлепшая гульня для людзей, нерэалізаваных у жыцьці. Паводле маіх назіраньняў, найбольш актыўныя на форумах, у гасьцёўнях асобы ці то вельмі маладыя, ці няспраўджаныя. Інтэрнэт — шанец калі ня спраўдзіцца, дык хоць стацца заўважаным. Там, у віртуальнай прасторы сеціва, блукаюць накачаныя нацы, падобныя да Шварцэнэгера, змрочныя сатаністы ў чорных плашчах, змагары за волю Бацькаўшчыны з мужнымі тварамі, полавыя гіганты, звышсэксапільныя бляндынкі з бюстамі а-ля Памэла, экстрэмалы ўсіх гатункаў. Вось дык пераўвасабленьне! Тэатар адпачывае. Хто б падумаў, што гэтымі героямі зьяўляюцца, насамрэч, малады чалавек, што ніяк ня можа разабрацца з сэсіяй і пазбавіцца пархаў, грузчык на складзе камэрцыйнае фірмы, што ня меў полавых кантактаў два гады, бібліятэкар — інтэрнэтаўскі беларускі патрыёт, які ў жыцьці размаўляе па-беларуску з двума сваімі прыяцелямі, 40-гадовы аматар парнасайтаў і мастурбацыі, шэранькая мышка — работніца аддзелу народнае адукацыі, рэгулярная наведніца інтэрнэт-кавярні — і бледны выдатнічак, які панічна баіцца спартовае залі.

Гульня. Адпачынак. Адхланьне. Забіць час. Схавацца. Пераўвасобіцца. Выпусьціць пару. Даць волю нізкім жаданьням і думкам. Тут мажліва ўсё. Тут усе да ўсяго прызвычаіліся. Бліскаюць зубы. Паблісквае зброя. Зіхацяць вочы… Стаўкі зробленыя.

Радыё «Рацыя» /«Наша Ніва»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0