Ён сустрэўся з грамадзкімі і палітычнымі дзеячамі гораду. Прыяжджалі й колькі асобаў з сталіцы, сярод іх — Станіслаў Шушкевіч. Ян Новак-Езяранскі гаварыў аб сваім успрыманьні Беларусі і беларусаў, аб уласным імкненьні дапамагчы.

Ян Новак-Езяранскі
Ян Новак-Езяранскі
Перадусім ён сказаў, што шчасьлівы наведаць Беларусь. І знаходзіцца пад уражаньнем ад размоў зь беларускай элітай. Госьць зазначыў, што не прэзэнтуе ўрадаў ЗША ды Польшчы і выказвае свае асабістыя погляды. Але хоча падзяліцца сваімі меркаваньнямі з прадстаўнікамі вышэйшага эшалёну амэрыканскай улады. З сваім сябрам Зьбігневам Бжазінскім. А таксама з прадстаўнікамі польскага ўраду. З тымі, хто цікавіцца беларускімі справамі.

Трэба актывізаваць амэрыканскую і польскую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, мяркуе ён. Каб было прызнана, што трэба паставіць Беларусь вышэй у сьпісе і амэрыканскіх, і польскіх прыярытэтаў. І гэта, уласна, ён бачыць галоўнай мэтай ягонай асабістай місіі.

Яшчэ цытаты з Новака-Езяранскага:

«Ня можа быць незалежнай беларускай дзяржавы, калі большасьць беларускага грамадзтва ня будзе зь ёй сябе ідэнтыфікаваць. І ня будзе прагнуць таго, каб мець уласную незалежную дзяржаву. І самая вялікая праблема — у тым, каб дапамагчы вам абуджаць нацыянальную сьвядомасьць. Каб вы дапамаглі ў гэтым самі сабе. Гэта зусім ня значыць, што гэтая незалежная беларуская дзяржава не павінна праводзіць палітыкі збліжэньня з Расеяй. Калі беларусы вырашаць, што гэта адпавядае інтарэсам іх сувэрэннае краіны, хаўрус з Расеяй — на ўмовах роўнага з роўным — гэта ваша справа. А ня справа амэрыканцаў і Польшчы. Мова ідзе аб тым, каб Беларусь мела свабоду ў выбары рашэньняў. Рашэньняў, адпаведных волі большасьці народу.

Прадзед з-пад Горадні

Самай выніковай формай дапамогі Злучаных Штатаў Польшчы, апроч эканамічнай, было радыё «Свабодная Эўропа». Я кажу гэта не таму, што сам быў дырэктарам Польскай службы радыё 25 гадоў. Мае словы — толькі вынік майго досьведу. 3 траўня 1953 г. мы перадалі сваю першую праграму. Паўстагодзьдзя таму. Сьвет тады выглядаў інакш. Я не ўяўляў сабе, што атрымліваю ў рукі інструмэнт, які акажацца такім дзейсным.

Таямніцай посьпеху «Свабоднай Эўропы» была свабода. Мудрыя амэрыканцы сказалі: мы ня хочам, каб гэта быў «Голас Амэрыкі», які ўдае голас свабоднай Польшчы. Мы хочам, каб гэта быў аўтэнтычны голас свабоднай Польшчы і свабодных палякаў. Таму, калі ня будзеш парушаць пэўных канонаў, абмежаваньняў, якія вынікаюць з таго, што вяшчаеш зь нямецкай тэрыторыі, дык будзеш мець свабоду. І мы былі голасам свабодных палякаў. Калі б радыё «Свабода» ці радыё «Рацыя» мелі такія тэхнічныя магчымасьці, каб маглі даходзіць да кожнага беларуса — гэта быў бы надзвычай важны інструмэнт у вашым імкненьні да свабоды і дэмакратыі.

Гэта не вымагае такіх вялікіх выдаткаў. «Свабодная Эўропа» каштавала столькі ж, колькі два зьнішчальнікі. Але падтрымка радыё была б найлепшай формай дапамогі вам ад Амэрыкі. І ад Польшчы. Бо, каб гэты сыгнал даходзіў, ён павінен перадавацца з блізкай адлегласьці. Польшча магла б у гэтым удзельнічаць як малодшая партнэрка амэрыканцаў.

Мой продак Юзаф Кужанецкі быў адсюль, меў два маёнткі на Гарадзеншчыне — Паканева і Кужанева. Мой бацька там нарадзіўся. Юзаф Кужанецкі перахоўваў паўстанцаў у 1863 г., і расейцы забралі ў яго маёнткі, выселілі яго. Ён быў вельмі скупы і меў столькі грошай, што купіў сабе іншы невялікі маёнтак Пяскі. Там выхоўваўся і мой бацька. Відавочна, што ў цяперашнім разуменьні гэтага слова ён быў беларусам. Хтосьці мне прывёз фота таго месца, дзе быў наш падворак. Толькі якісьці відарыс на траве, рэшткі падмуркаў.

Беларусь дала Польшчы герояў

Палітыка Польшчы і стаўленьне палякаў да беларусаў былі памылковымі. Я гэта бачыў, перажываў. І я лічу, што прэтэнзіі Польшчы на гэтыя землі, у большасьці заселеныя беларусамі, і жаданьне дамінаваць тут былі гістарычнай памылкай. Гэта вынікала з таго, што Беларусь дала нам нашых герояў і пісьменьнікаў. Тадэвуш Касьцюшка ў цяперашнім разуменьні быў беларусам. Ягоны дзед быў праваслаўным. Эліза Ажэшка, вялікая пісьменьніца, была ўласна беларускай пісьменьніцай, паходзіла адсюль. Крашэўскі быў беларусам. Гэты сьпіс можна доўжыць. Але палякі не ўсьведамлялі, што тыя людзі нарадзіліся на беларускай зямлі. Цяпер з гэтым скончана.

Я сёньня не заўважаю ў палякаў імкненьня да зьмены мяжы. Я яшчэ не сустракаў паляка, які сказаў бы мне, што Польшча павінна вярнуць Горадню. Няма гэтага. Польшча пагадзілася зь мяжою на ўсходзе. Мы ведаем сваіх шавіністаў. Але я не сустрэў сьцьвярджэньня, што трэба вярнуць землі, якія сёньня належаць Беларусі. Гэта закрыты разьдзел. Польшча хоча адной рэчы: непарушнасьці межаў. Па-другое, вялікая частка польскай інтэлігенцыі ўсьведамляе, што бясьпека Польшчы моцна залежыць ад існаваньня незалежнай і моцнай Украіны, Беларусі, Літвы. Гэта для нас нагэтулькі ж важная справа, наколькі й знаходжаньне ў NАТО.

Існуе, аднак, пэўны сантымэнт. Палякі схільныя шукаць збліжэньня і паяднаньня з усходнімі суседзямі. Усе апошнія ўрады праводзяць гэтую палітыку. Падпісаны дамовы аб добрасуседзтве і супрацоўніцтве. Але гэта на ўрадавым узроўні. Нельга абмяжоўвацца гэтым. На ўзроўні грамадзкім працэс ідзе значна цяжэй. Бо як зьмяніць стэрэатыпы, што складаліся гадамі? Беларусы — слушна ці не — бачылі ў паляках колішніх паноў. Так было. Але й гэта ўжо ў мінулым. І ня трэба, каб тая нядобрая мінуўшчына пераносілася ў будучыню. У беларускіх, польскіх і амэрыканскіх інтарэсах — добрае супольнае жыцьцё.

Важна, каб Беларусь, Украіна цягнуліся да Захаду і каб Захад хацеў іх прыняць. Каб мяжа Эўропы не была мяжой Польшчы на ўсходзе. Пасьля далучэньня Польшчы да Эўразьвязу гэта будзе цяжкай справай. Трэба, каб украінцы і беларусы не адчулі сябе адцятымі ад Захаду. Бо іхняя мяжа на ўсходзе адкрытая. Польшча будзе абавязаная зрабіць візы. Але можна зрабіць іх недарагімі.

Амэрыканцы вам мовы ня вернуць

Я са зьдзіўленьнем даведваюся, што абавязковай моваю ў Беларусі зьяўляецца не беларуская, а расейская. Але зьмяніць гэта можна толькі пад націскам беларускай грамадзкасьці. Ня могуць гэтага дамагацца польскі і амэрыканскі ўрады. Калі ўрад убачыць змаганьне за беларускую мову, як змагаліся палякі пад прускай акупацыяй за польскую, у верасьні — страйк у школах, супраціў, тады будзе ў вас беларуская мова. А калі ў вас ня будзе беларускай мовы, дык як тады можна думаць аб будучыні народу? Ён мусіць, перш за ўсё, вярнуць уласную мову. Але гэта залежыць ад вас.

Тут ніякая вонкавая сіла ня можа дапамагчы. З адным выключэньнем. Патрэбна радыёстанцыя на Захадзе, якая была б для беларусаў тым самым, чым «Вольная Эўропа» для палякаў. Яна не павінна змагацца з тым, хто сёньня ля ўлады. Галоўнае — вярнуць нацыянальны гонар, даць зразумець сваю гісторыю, якая мела выдатныя карты. Польскі кароль Уладзіслаў Ягайла размаўляў па-беларуску! Беларуская была мовай эліты Вялікага Княства Літоўскага. Беларусы маюць чым ганарыцца.

Задачай такой радыёстанцыі ня ёсьць бягучае палітычнае змаганьне — «Вольная Эўропа» бесьперапынна гаварыла аб гісторыі. Тады як у падручніках яна была зьнявечаная. Трэба, каб беларусы ганарыліся сваімі гістарычнымі дасягненьнямі, сваімі вялікімі людзьмі.

Што рабіў я на радыё? Рабіў усё, каб здабываць зьвесткі аб тым, што робіцца ў Польшчы. Там я ня меў аніякай сеткі карэспандэнтаў. Нельга было. Я не хацеў, каб гэта для кагосьці скончылася паказальным судовым працэсам. Бо на якую халеру было ламаць лёсы самых вартых людзей? Зьбіраньне паведамленьняў адбывалася праз вывучэньне прэсы, радыё. Прыяжджалі людзі з Польшчы. Мы мелі сетку карэспандэнтаў у заходніх краінах Эўропы.

Даўгахвалевыя мэты

Каб сьвет мог дапамагчы беларусам, самі беларусы мусяць дапамагаць сабе. Чаму амэрыканцы так цікавіліся Польшчай? Бо Польшча ўпарта змагалася за дэмакратызацыю. Не за дэмакратыю, а за дэмакратызацыю — паступовую. Значыцца, было што падтрымліваць. Палякі змагаліся за дэмакратызацыю крок за крокам: 1956-ы, 1970-ы і далей былі крокамі да дэмакратызацыі. Сытуацыя ніколі не павярталася назад.

Але я не магу вам радзіць, гаварыць: рабіце тое, што палякі рабілі. Вашыя ўмовы іншыя. Важныя «даўгахвалевыя» мэты. Так, сёньня нашыя апанэнты маюць перавагу, дыктуюць умовы. Але мы будзьма працягваць тое, што робім.

Калі я ўбачыў у Горадні помнік Леніну, падумаў: я знаходжуся ў Савецкім Саюзе ці ў незалежнай беларускай дзяржаве?.. Але пачакайце. Кожны год існаваньня сваёй асобнай дзяржавы — гэта выйграная лятарэя. Чым даўжэй яна будзе трываць, тым болей людзі будуць усьведамляць, якая гэта вялікая каштоўнасьць — уласная дзяржава. Кожны год гэтай дзяржавы — вельмі і вельмі важны для вас. Але таксама і для Польшчы, і для Злучаных Штатаў.

Я сэрцам і думкамі з вамі...»

Падрыхтавалі Сяргей Максімовіч, Антон Лабовіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0