Бадай, нідзе не бывае так самотна ў Менску, як каля фантанаў узімку. Засыпаныя нетаптаным сьнегам, ціхія й пакінутыя. Як цацкі безь дзяцей. Не відаць порсткіх струмянёў. Нават птушкі абмінаюць гэтыя напамінкі пра цёплыя часы. Беларусь не Італія.

ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
Уяўляю сабе, як жа ж будуць выглядаць сьвятломузычныя фантаны, якімі плянуюць аздобіць плошчу Незалежнасьці.

Ідэя змантаваць у Менску гэткія фантаны лунала ў паветры ад часоў маскоўскае Алімпіяды. Хацелі нават ператварыць увесь Верхні горад у каскад вясёлкавых пацяшалак. Затым фантаны з музыкай і падсьвятленьнем плянавалі зрабіць у Купалаўскім сквэры, ад старога фантану з «купалінкамі» да Сьвіслачы. Недзе ўжо былі наблізіліся да рэалізацыі «бліскучае» ідэі — побач з КЗ «Менск», але... ня тое. І вось, нарэшце, зьявілася магчымасьць рэалізаваць ідэю на плошчы Незалежнасьці.

Праект рэканструкцыі галоўнага пляцу краіны паўставаў шматкроць. У выніку разавых рэканструкцыяў ягоны ансамбль увесь час нешта губляў. Зламалі старасьвецкія дамы, што цудам ацалелі па вайне. Апошні пяціпавярховы будынак у стылі мадэрн, што стаяў ля Пэдунівэрсытэту, з маляўнічым купалам на рагу, быў зьнесены ў 1970-м. Ансамбль унівэрсытэту, што складаўся ад 1931 г. і набыў свой імпазантны выгляд у 50-я дзякуючы дойліду Георгію Заборскаму, захінулі шэрай спарудаю, што мусіла «пераплюнуць» вышынёю Чырвоны касьцёл. На плошчы то ставілі гранітныя трыбуны, то разьбіралі. То садзілі дрэвы, то пілавалі. Каб тыя дрэвы, пасаджаныя шэсьцьдзесят гадоў таму, дастаялі да сёньня, ня варта было б нічога зьмяняць. Ізноў работы пачаліся з выкарчоўкі дагледжаных старых баскетаў з кустоў, што дзясяткі гадоў падстрыгаліся й паліваліся... Вывернулі й габрэйскія могілкі, што некалі займалі амаль палову плошчы. Балазе, габрэі парупіліся, бяз шуму, пра перапахаваньне.

Крамы, крамы, крамы

Ідэю абнаўленьня пляцу Незалежнасьці падаў Кебіч, які 6 кастрычніка 1993 г. падпісаў пастанову пра яе статус, дзе значылася, што рэканструкцыя мусіць мець на мэце «стварэньне нармальных умоваў для дзейнасьці органаў, недапушчэньня магчымых правакацыйных акцыяў і недапушчэньня парушэньня грамадзкага парадку на плошчы».

Часы цяпер не такоўскія, на палітычную й горадабудаўнічую сцэну выйшла новае пакаленьне. Задачы іншыя. Плошча мусіць пераўтварыцца ў гандлёва-пацяшальны комплекс.

www.minsk.gov.by
www.minsk.gov.by
Над шматпакутным Пэдунівэрсытэтам надбудуюць чатыры паверхі. Там адчыняцца рэстарацыі, куды можна будзе патрапіць ліфтам з-пад зямлі. Пад зямлёю ж будзе на чатыры ўзроўні ўглыб гандлёвы цэнтар на 120 тыс. кв.м. Апроч таго — унівэрсальная канцэртна-пасядзельная заля на 3,5 тыс. чалавек. Яе шкляны купал-пупыр будзе выпінацца пасярэдзіне плошчы. Як забясьпечыць падземны парадак, калі ў гэтую залю памкнуцца тысячы людзей, — невядома... Як будуць эксплюатавацца й ахоўвацца шкляныя купалы — таксама.

Тамака будуць крамы, крамы, крамы. Унівэрмагі й унівэрсамы, шапікі й кавярні, бары й офісы. Нават стаянкі. Праектанты называюць падазрона дакладную лічбу: на 591 машыну. Словам, самы вялікі рынак краіны. Падземная Камароўка.

Насупраць помніка Леніну зьявіцца яшчэ адзін помнік вышынёю ў паверхаў пяць. Згодна зь лёгікай, гэта мусіў бы быць манумэнт Незалежнасьці Беларусі альбо мэмарыял Скарыны, ад якога б пачынаўся праспэкт ягонага імя... Але гэта будзе помнік «народу-працаўніку». Ён паўстане насупраць уваходу ў мэтро, будзе вышэйшым за Леніна, захіне пэрспэктыву касьцёлу і... ня будзе бачны з гораду. Найвышэйшы пункт рэльефу прыпадае на злучэньне праспэкту Скарыны й плошчы, а ад яго ідуць натуральныя схілы. Такую памылку зрабілі й з помнікам Перамогі, пасадзіўшы яго ў нізіне колішніх сьвіслацкіх паплавоў. Паставілі б на квартал вышэй — і яго б бачыў увесь Менск. Хоць той абстрактны «народ-працаўнік» не пакрыўдзіцца. Хто будзе ўглядацца ў дэкаратыўнага монстра, сьпяшаючыся ў падземны рынак?

Мара правінцыйнай маладосьці

Як кажа кіраўнік праекту сп.Калантай з інстытуту «Менскгорад», «прыняць плошчу такой беларусы здолеюць толькі зь цягам часу. Калі стануць багацейшыя, адвыкнуць ад прымітывізму й перастануць баяцца раскошы».

Беларусам дарасьці трэба. Ці не для таго дарошчваюцца й без таго нягеглыя шэрыя будынкі пэдунівэрсытэту, мэтрапалітэну й гарвыканкаму? Каб зь іхнае вышыні ацаніць «геніяльную» задуму з шкляных пупыроў і фантану пасярод пляцу ў 8 га?

Далепкі з танных, неўласьцівых гэтай тэрыторыі матэрыялаў нададуць плошчы дух нэаэклектыкі. Такі калясальны, як для Беларусі, камэрцыйны цэнтар не абыдзецца без рэклямаў розных памераў па ўсёй тэрыторыі...

Гэта разбурыць дашчэнту той вобраз, што ўжо ўстаяўся: з аднаго боку — гістарычны квартал з Домам ураду, касьцёлам і старасьвецкімі дамамі, а з другога — шыхт архітэктурна невыразных аб’ектаў, аб’яднаных паўторамі вэртыкальных рытмаў.

www.minsk.gov.by
www.minsk.gov.by
Чырвонаму касьцёлу вернуць агароджу, за якой апынуцца і скульптура арханёла, і мэмарыял ядравым катастрофам. І касьцельная тэрыторыя ператворыцца ў выспу ў комплексе плошчы. Два будынкі царскіх часоў падфарбуюць. Астатняе — як і па ўсім Менску: гаражы, пераходы, крамы, пераходы, шапікі, зноў пераходы.

Такога кшталту падземныя рынкі пад галоўнымі плошчамі зробленыя ў Расеі й Украіне. Але неймаверна, каб з плошчаў Сьвятога Пятра ў Рыме ці Герояў у Будапэшце, з пляцаў Канкорд у Парыжы, Трафальгарскага ў Лёндане ці Катэдральнага пляцу ў Вільні зрабілі нешта падобнае. Галоўная ці гістарычна знакавая плошча сталіцы мусіць быць перадусім сакральнай прастораю, жаданай для сустрэчы зь ёю. Тут мусяць быць знакі, зразумелыя ўсёй нацыі як атрыбуты дзяржаўнасьці, гісторыі, мастацтва, рэлігіі. Але дзеля гэтага праектанты падобных аб’ектаў самі мусяць быць шчыра прасякнутыя гэтымі рэчамі, каб трапна іх адлюстраваць і ашчадна паставіцца да ўсіх папярэдніх здабыткаў.

Сёньняшнія архітэктары-праектанты Менску належаць акурат да таго пакаленьня, што ўвайшло ў тугі струмень жыцьця за лепшымі, лагоднымі, шматабяцальнымі часамі нямогласьці стваральнікаў «застою». І ў іхных савецкіх вачах самае лепшае засталося ззаду. А таму, зыходзячы са сваіх уяўленьняў пра цэлы настальгічны комплекс — «Машына часу» й Высоцкі на кашмарна зацёртых шпулях, «Beatles» па польскім радыё, крамы «Бярозка», кухонныя анэкдоты пра КПСС, песьні ля вогнішча на Ўрале, крымскія радасьці ў выглядзе першай савецкай «Pepsi» ці «Marlboro» за 3 рублі, — яны ўвасабляюць мары сваёй правінцыйнай маладосьці. Сьвятломузычныя фантаны, як у Сочы ці Ялце, падземныя ўнівэрмагі, як у Маскве ці Кіеве... і, напэўна, палітычныя анэкдоты на кухнях.

Праектанты цьвердзяць, што пераробленая плошча Незалежнасьці стане месцам адпачынку. Але колькі ні ўглядаўся ў праекты, так і не заўважыў якіх лаваў ці альтанак для адпачынку, дзіцячай пляцоўкі, зонаў для вэлясыпэдыстаў ці інвалідаў. Зрэшты, і дрэваў на плошчы саджаць не зьбіраюцца. Дзеля чаго тут сноўдацца паміж шклянымі купаламі? Паводле праекту, атмасфэру тут плянуюць стварыць максымальна няўтульную, каб загнаць-такі мінака пад зямлю, на чатыры рынкавыя паверхі.

Дэсакралізацыя

Раён плошчы Незалежнасьці мог бы стаць культавым для беларусаў. Людзі памятаюць парады й дэманстрацыі, што адбываліся тут пры розных рэжымах, першыя баталіі з камуністычнай уладаю ў «перастройку», жалобныя й сьвяточныя шэсьці й мітынгі часоў незалежнасьці.

Да таго ж, гэтае месца ў Менску непасрэдна зьвязанае з канкрэтнымі асобамі Беларушчыны. Тут месьцілася гарадзкая вучэльня, у якой вучыўся Карусь Каганец, — ці не адзіная адрэса, зь якой можна зьнітаваць ягонае імя ў Менску. А дзе, як ня тут, варта ўшанаваць памяць пра Эдварда Вайніловіча, выбітнага палітычнага дзеяча й фундатара Чырвонага касьцёлу? Тутака ж былі першыя карпусы Белдзяржунівэрсытэту, дзе выкладалі першыя беларускія прафэсары. У гэтым раёне жылі й працавалі мастакі Станюта, Філіповіч, Астаповіч. Урэшце, тут завяршылася душпастарскае служэньне айца Гадлеўскага. Але мэмарыялы гэтым людзям будуць недарэчнымі пасьля завяршэньня рэканструкцыі плошчы. Ейная прастора канчаткова дэсакралізуецца. Ім будзе тут гэтак жа няўтульна па-над падземным горадам, як і таму будучаму каляроваму фантану ўзімку. А самотны мінак будзе імкнуцца хутчэй прамінуць гэтую адну з самых вялікіх плошчаў Эўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0