23 студзеня

У Азіі і Эўропе халады

Холад прыйшоў у ня звыклую да таго Паўднёвую Азію. За месяц ад яго там памерлі больш за 1300 чалавек. Загінулі 600 індыйцаў, столькі ж банглядэшцаў і 55 нэпальцаў. У Пакістане ахвярамі зімы сталі 6 чалавек.

Холад спусьціўся зь вяршыняў Гімалаяў. У некаторых мясьцінах Індыі адзначана нулявая тэмпэратура. Для краю гэта — катастрофа, бо звычайна ў студзені там на дварэ +18°.

Гэтая зіма зьдзіўляе і эўрапейцаў. У Вугоршчыне зафіксаваны нацыянальны рэкорд холаду — -30,9°. А на Одэры зьявілася польска-нямецкая флятылія ледаколаў. Трушчаць незвычайна тоўсты лёд, каб запабегчы паводцы. Немцы ж цяпер езьдзяць глядзець на дзіва: каля нямецкіх берагоў, ля вострава Руген у Балтыйскім моры зьявіўся айсбэрг.

Маразы выклікалі й значныя страты ў рыбнай прамысловасьці Эстоніі. Праз закрыцьцё партоў з прычыны заледзяненьня практычна спынілася лоўля кількі, траскі й салакі. Большасьць прадпрыемстваў рыбнай прамысловасьці спыніліся й выправілі работнікаў у вымушаны адпачынак.

Сяргей Радштэйн

Першыя кітайскія касманаўты

Палёт першага кітайскага экіпажу ў космас прымеркаваны да 1 кастрычніка — гадавіны стварэньня КНР. Гэты моцны прапагандысцкі акцэнт упрыгожыць сьвяткаваньне кітайскага «дня незалежнасьці». Да выкананьня адказнага заданьня гатовыя 14 адчаюгаў, выбраных сярод дзьвюх тысячаў пілётаў. Да вандроўкі ў космас іх рыхтавалі некалькі гадоў. Двое вучыліся ў Расеі й цяпер перадаюць набытыя там веды калегам. На караблі «Шэньчжоў-5» палятуць тры касманаўты. Яны, як запэўнівае канструктар, прабудуць на арбіце прынамсі адзін дзень.

Камуністаў бяруць на цугундэр

Нафтавы гігант «Юкас» хоча за пяць гадоў перадаць расейскім камуністам 70 млн. даляраў ды ператварыць іх у памяркоўных сацыял-дэмакратаў, якія ня будуць пагрозаю для ўлады.

Кампанія прапануе Кампартыі 10 млн. даляраў штогод, а ў 2003 і 2007 г. (выбары ў Думу) — 20 млн. Датацыі нэўтралізуюць радыкальнае крыло партыі, што крытыкуе Пуціна й жадае ісьці на выбары супольна зь «Лібэральнай Расеяй» — партыяй алігарха Беразоўскага, які вядзе адкрытую вайну з Крамлём.

Наўзамен «Юкас» патрабуе права вырашаць кадравыя пытаньні ў арганізацыях, зьвязаных з камуністамі. Кіраўніком Народна-патрыятычнага саюзу, што яднае людзей, якія сумуюць па СССР, мусіць стаць зьвязаны з канцэрнам Аляксей Кандаураў, генэрал КДБ на пэнсіі.

Кампартыя мае ў Расеі 18-працэнтны рэйтынг, як і прапуцінская «Адзіная Расея». «Юкас» хоча зрабіць паслугу ўладам, якія перад сьнежаньскімі выбарамі ў Думу баяцца левай папулісцкай апазыцыі.

Паводле «Gazety Wyborczej»

Японскія валанцёры Басаева

У Інтэрнэце зьявіўся сайт на японскай мове, прысьвечаны дзейнасьці чачэнскіх войскаў. Рэдактарам сайту зьяўляецца Ватанаба Чыякі — этнічны японец, які падтрымлівае сувязі з галоўным рэдактарам падобнага рэсурсу Майрбекам Цуцаевым з Азэрбайджану.

Расейскія вайскоўцы не выключаюць, што менавіта дзейнасьць японскага сайту спрыяла зьяўленьню ў Чачэніі японцаў. Так, у атрадзе Руслана Гелаева ёсьць грамадзянін Японіі Мінамі Хірошы, які прыняў іслам і мусульманскае імя Хаважы. У складзе іншага фармаваньня ваюе яго суайчыньнік Косуке Цунеока, які прыняў імя Шаміль.

Паводле «Интерфакса»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0