Кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы падрыхтавала праект пагадненьня паміж БПЦ і дзяржавай і перадало яго ва ўрад. Разгледзяць яго там да сярэдзіны лютага. Пагадненьне прадугледжвае значнае пашырэньне паўнамоцтваў Экзархату, душпастырскую кампэтэнцыю якога мяркуецца пашырыць на ўсё насельніцтва Беларусі — у тым ліку неправаслаўнае.

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Адукацыя. Аўтары дакумэнту прапануюць прыраўнаваць статус царкоўных навучальных установаў да дзяржаўных. Гэтаксама да дзяржаўных мяркуецца прыраўнаваць вучоныя ступені, званьні ды ўсялякія дакумэнты, якія выдаюцца царкоўнымі навучальнымі ўстановамі. У праекце БПЦ надаецца права свабодна засноўваць дашкольныя, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы ды кіраваць імі. Выкладчыкі праваслаўных «рэлігійных ці духоўна-маральных прадметаў», як зазначаюць аўтары дакумэнту, павінны мець дазвол япіскапа на сваю дзейнасьць.

Войска. Паводле праекту, студэнты духоўных навучальных установаў будуць мець права на адтэрміноўку ад вайсковай службы. Згадваецца таксама і магчымасьць «вольнага ўдзелу вайскоўцаў у царкоўнай службе ў нядзелі і царкоўныя сьвяты, калі гэта не перашкаджае выкананьню імі сваіх службовых абавязкаў».

Мэдыцына. Як зазначаецца ў праекце пагадненьня, праваслаўнае вучэньне пра асобу, сям’ю, шлюб і грамадзтва «павінна ляжаць у аснове маральнага здароўя народу і паляпшэньня дэмаграфічнай сытуацыі». Дзеля «паляпшэньня дэмаграфічнай сытуацыі» ў пагадненьне ўстаўлены пункт пра недапушчальнасьць масавага ці неапраўданага прымяненьня абортаў, а таксама прызнаньне права мэдработніка «на адмову ад правядзеньня аборту па рэлігійных ці асабістых маральных перакананьнях».

Рэлігійныя дачыненьні. Царкоўная тэрміналёгія ў назвах установаў і арганізацыяў, як запісана ў пагадненьні, мусіць ужывацца толькі з дазволу царквы. Дзяржава, зазначае праект, «прызнае статус юрыдычнай асобы толькі за прызнанымі Царквой кананічнымі структурамі». Выглядае на тое, што ўсе рэлігіі ды канфэсіі, якіх не прызнае БПЦ (аўтакефальныя праваслаўныя, пратэстанцкія, юдэйскія, грэка-каталіцкія, мусульманскія суполкі), ня здолеюць атрымаць статус юрыдычнай асобы ў Беларусі.

Грошы. Паводле пагадненьня, дзяржава мусіць прызнаць «факт матэрыяльнае і маральнае шкоды, нанесенае Царкве ў гады панаваньня дзяржаўнага атэізму ў ХХ ст., і, адпаведна, перадае Царкве ейную маёмасьць, канфіскаваныя ў яе прадметы культу, богаслужэбную ці багаслоўскую літаратуру альбо часткова кампэнсуе нанесеную матэрыяльную шкоду». Ад БПЦ ня будуць патрабавацца ліцэнзіі на інвэстыцыйную дзейнасьць у часе пабудовы й рэканструкцыі царкоўных будынкаў (ня трэба будзе прадастаўляць і дакумэнты пра крыніцы інвэстыцыяў). Праект прадугледжвае й фактычную манаполію БПЦ на гуманітарную дапамогу: «Дзяржава надае юрыдычным асобам Царквы права на атрыманьне гуманітарнай дапамогі ў спрошчаным парадку».

Праект пакуль не агалошваецца, і невядома, ці будзе надрукаваны ў дзяржаўнай прэсе. Хутчэй за ўсё, яго, як і «Закон аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» пастараюцца правесьці цішком і як мага хутчэй. Начальнік аддзелу ў справах рэлігіяў Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў Аляксандар Калінаў заявіў 29 студзеня ў часе «круглага сталу» ў Доме прэсы: дзяржава, згодна з заканадаўствам, мае права на такія пагадненьні. Калі прадстаўнікі іншых рэлігіяў ці канфэсіяў захочуць падпісаць такое ж пагадненьне зь дзяржавай, яны могуць зьвярнуцца з такой самай прапановай. Праўда, пра верагоднасьць падпісаньня такога пагадненьня з кімсьці «неправаслаўным» А.Калінаў не сказаў ні слова.

Мальцаў, Брыгадзін супраць. Пастаялка — за. Дзяржаўныя структуры пачалі ўжо выказваць сваё стаўленьне да новага праекту. За сьвецкі характар навучаньня выказаўся міністар адукацыі Пятро Брыгадзін падчас нядаўняй прэс-канфэрэнцыі. Паводле інфармацыі «НН», нэгатыўна паставіліся да пагадненьня з БПЦ ў Міністэрстве абароны: нам, маўляў, капэляны не патрэбныя, бязь іх справімся. Затое гарачую падтрымку выказала Міністэрства аховы здароўя, якім кіруе Людміла Пастаялка. Агенцтва «Інтэрфакс» 29 студзеня распаўсюдзіла камэнтар «высокапастаўленага супрацоўніка» Міністэрства з ухвалай пагадненьня.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0