Нам казалі, што стан здароўя песьняра павольна, але несупынна паляпшаецца. У гэта вельмі хацелася верыць, хоць трагедыя, якая здарылася з Мулявіным, не пакідала месца для надзеі.

ФОТА УЛАДЗІМЕРА КРУКА
ФОТА УЛАДЗІМЕРА КРУКА
Летась 14 траўня, акурат на Радаўніцу, артыст на сваім «мэрсэдэсе-420» ехаў шашой Калодзішчы—Заслаўе. На хуткасьці 130 км/г ягоны аўтамабіль не ўпісаўся ў паварот, зваліўся ў кювэт, перакуліўся і ўрэзаўся ў дрэва.

Як кажуць даішнікі, песьняру «вельмі пашанцавала — яго выратаваў моцны кузаў аўтамабіля». Ці напраўдзе пашанцавала? Тыя восем месяцаў, якія лёсіла яму пражыць пасьля аварыі, былі пакутнымі. Тэтрапарэз — гэта параліч рук і ног.

У канцы верасьня, пасьля выратавальнай апэрацыі, зробленай Восіпам Варановічам, Мулявін апынуўся пад наглядам маскоўскіх нэўрахірургаў. А неўзабаве атрымаў ад імя Аляксандра Лукашэнкі інвалідны вазок нямецкай вытворчасьці, але здолеў сесьці ў яго толькі ў пачатку студзеня.

У гэткай атмасфэры 12 студзеня Мулявін адзначаў сваё 62-годьдзе. А 16-га пачалося рэзкае пагаршэньне. Апошнія 9 дзён свайго жыцьця ён прабыў у рэанімацыі. У 8 гадзін раніцы 26 студзеня яго ня стала. Так і хочацца сказаць моваю колішніх нэкралёгаў: «Савецкае мастацтва панесла цяжкую страту». Бо Мулявін належыць той, далёкай ужо, эпосе, якая загартавала ягоны характар і талент.

Мулявін ведаў, што рабіць, каб падабацца ўсім слаям савецкага грамадзтва. Інтэлігенцыя абагаўляла «Песьняроў» за прадаўнія песьні, якія Мулявін зьбіраў у фальклёрных экспэдыцыях і беспамылкова аранжаваў. Простым людзям падабалася «Вологда», начальству — «Белоруссия». «Песьнярамі» апекаваўся асабіста Машэраў, які забясьпечваў іх найлепшай апаратурай і бараніў ад рэтраградных чыноўнікаў зь Мінкульту.

Пад гэткай пратэкцыяй «Песьняры» культывавалі дух вольнасьці, які падабаўся і ім самім, і іхным слухачам. Яны не чыталі газэтаў, не размаўлялі на дыстыляваным «навамоўі», пілі, не баяліся кампаніі прастытутак і рабілі тую музыку, якую ім падабалася рабіць. Яны не выпадалі з сыстэмы, але ўсім сваім ладам жыцьця аспрэчвалі яе і насьміхаліся зь яе. Яны ня дбалі пра дабрабыт. Мулявін увесь час жыў у нейкіх інтэрнатах; разышоўшыся з чарговай жонкай, пакідаў ёй кватэру і ўвесь набытак. Мулявін быў сапраўдным гуру; ён здаваўся старэйшым за свае гады; ён ведаў усё пра сваё мастацтва; яго шанавалі і слухалі. Мулявін быў працаголікам. Ён вымушаў сваіх хлапцоў рэпэтаваць суткамі, каб дабіцца дасканаласьці. Можа, таму «Песьняры» адзіныя дабіліся посьпеху ў «сапраўднай» Амэрыцы, па-за абсягам эмігранцкіх асяродкаў?

Апошні канцэрт колішніх «Песьняроў» прыпаў на 1991 г. У постсавецкім грамадзтве Мулявін ня меў шанцаў на посьпех. Мулявіну здрадзілі. Прыгажосьці старых песень танныя свары на камунальнай кухні не спаскудзілі. Легенда памерла... Але адначасова заставалася жыць. Ці можа жывы чалавек зь цела і крыві існаваць у якасьці змарнаванага нацыянальнага набытку? Вось пытаньне, і народны артыст Уладзімер Мулявін даў на яго свой адказ.

Юлія Андрэева

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0