Мітрапаліт Філарэт не адпяваў Мулявіна. Ён ня змог адкласьці візыт у ЗША на сымпозіюм. Для Праваслаўнай царквы артыст застаецца чалавекам другога гатунку. Прыкра.
Падпісваючы канкардат, нашы праваслаўныя добраахвотна ідуць на службу дзяржаве і пад яе кантроль. Некалі яны пра гэта моцна пашкадуюць. Нават калі пагадненьне не суправаджаецца ніякімі сакрэтнымі пратаколамі пра кандыдатуры мітрапаліта й япіскапаў. Замест дэсаветызацыі яно прывядзе да ператварэньня царквы ва ўпраўленьне рытуальных паслуг.
Польшча перамагла камунізм дзякуючы стойкасьці Касьцёлу. У рэлігійна неаднароднай Беларусі на гэта няма спадзеву. Культура застаецца галоўным беларускім храмам і галоўным нашым бастыёнам.
Андрэй Дынько