Канец мінулага году адзначыўся зьяўленьнем манаграфіі Ігара Валахановіча, прысьвечанай антысавецкім рухам у паваеннай Беларусі. Дасьледаваньне грунтуецца на архіўных дакумэнтах КДБ.
Беларускія навукоўцы, якія займаліся гісторыяй паваеннага антысавецкага Супраціву, нават у часы незалежнасьці мелі праблемы з доступам да архіўных дакумэнтаў. Таму былі вымушаныя працаваць з успамінамі ўдзельнікаў тых падзеяў ды эміграцыйнымі крыніцамі, што шкодзіла грунтоўнасьці дасьледаваньняў. Зьвесткі ж з архіваў КДБ часам друкавалі афіцыйныя гісторыкі й прапагандысты. Публікацыі Ігара Валахановіча розьняцца ад іхных амаль поўнай адсутнасьцю ідэалягічных клішэ, імкненьнем аўтара аб’ектыўна вывучаць «белыя плямы» нашай гісторыі. Хоць сам Ігар Валахановіч — супрацоўнік Цэнтральнага архіву КДБ.
У сваёй кнізе ён піша ня толькі пра беларускае антысавецкае падпольле, але й пра польскае, украінскае і літоўскае, якія дзеялі ў БССР. Валахановіч падае шмат раней невядомых зьвестак. Як, напрыклад, пра падпольную арганізацыю «Саюз барацьбы супраць камунізму», што да 1951 г. існавала ў былым Пліскім раёне (Глыбоччына). Апошнім яе кіраўніком быў сябра Беларускай незалежніцкай партыі (БНП), праваслаўны сьвятар Георгі Бортнік, расстраляны ў жніўні 1951-га. У кнізе ёсьць і тэкст улёткі, напісанай Расьціславам Лапіцкім, якую выдрукавала мядзельскае падпольле ў 1948 г. Высьвятляе аўтар і лёс Міколы Шкялёнка — палітыка, гісторыка й публіцыста. Лічылася, што ён мог загінуць у Нямеччыне ў 1945 г. альбо нелегальна дабрацца да Беларусі з мэтай удзелу ў падпольнай дзейнасьці. Паводле І.Валахановіча, 17 чэрвеня 1945-га на таемнай нарадзе актыву БНП у Варшаве Шкялёнак атрымаў заданьне вярнуцца ў Бэрлін.
У кнізе не абышлося безь недакладнасьцяў. Пішучы пра дзейнасьць атрадаў Аўгена Жыхара ды Івана Раманчука, аўтар ня згадвае пра атрады арганізацыі «Чорны кот». І зь яе камандзірам Міхалам Вітушкам ён абышоўся досыць арыгінальна — напісаў пра яго нібыта гібель у студзені 1945-га, спаслаўшыся не на архіў КДБ, а на кнігу Яўгена Сямашкі «Армія Краёва на Беларусі».
Пішучы пра колькасьць ліквідаваных «бандыцкіх групаў» і іх удзельнікаў у 1943—56 г., Валахановіч падае лічбы: 1264 групы і 16466 чалавек. Аднак у афіцыйным выданьні «Вестник КГБ Республики Беларусь» (спэцвыпуск ад 1997 г.) былі іншыя зьвесткі: «У 1944—53 г. было ліквідавана 2138 бандаў, якія налічвалі больш за 30000 чалавек».
Зрэшты, І.Валахановіч слушна заўважае, што мэтады работы «органаў» падчас сьледзтва не заўсёды адпавядалі «прынцыпам сацыялістычнай законнасьці». Мо не зусім рэальную карціну адлюстроўваюць і пададзеныя КДБ лічбы? Аўтар ня ўлічвае, што далёка ня ўсе партызанскія фармаваньні й падпольныя структуры былі зьнішчаныя. Некаторыя самараспускаліся, хтосьці складаў зброю і здаваўся, іншыя ішлі на Захад. Ня піша аўтар, што супраць антысавецкай партызанкі ў Беларусі ўжываліся атрутныя газы, авіяцыя, танкі, «інтэрнацыянальныя брыгады». Пішучы пра дэсанты батальёну «Дальвіц» у 1944—45 г., Валахановіч згадвае толькі тыя, удзельнікі якіх былі арыштаваныя. Так, абмінуў ён і групу старшага лейтэнанта Сымона Міхальчука, якая дэсантавалася ў 1951 г. і, аб’яднаўшы мясцовых «лясных братоў», дзеяла да 1953-га на Кобрыншчыне.
Але, нягледзячы на хібы, зьяўленьне працы І.Валахановіча можна прывітаць ды спадзявацца, што гэта толькі «першая ластаўка». Што сьледам зьявяцца іншыя выданьні ды будуць вяртаць зь нябыту імёны патрыётаў, якія ў змрочныя сталінскія часы змагаліся за незалежнасьць нашай краіны.
Сяргей Ёрш