7 лютага

Месца — наша, вугаль — польскі

Беларускі ўрад прапанаваў Польшчы збудаваць электрастанцыю магутнасьцю 660 мэгават, якая будзе месьціцца на нашай тэрыторыі й працаваць на польскім вугалі. Цяпер ствараецца беларуска-польская камісія, якая за 2003 год мусіць распрацаваць тэхнічныя і эканамічныя дэталі праекту. Вугальная прамысловасьць Польшчы вырабляе вугалю больш, чым у стане прадаць, таму зьяўленьне буйнога спажыўца на ўсходзе вельмі дарэчнае. І нам не зашкодзіць зьніжэньне залежнасьці ад расейскіх энэрганосьбітаў.

Мiнiмум расьце

З 29 студзеня сярэднi пражытковы мiнiмум вызначаны ў 89557 руб. на чалавека (раней было 81333 руб.). Для працаздольнага насельнiцтва ён роўны 95908 руб. З 1 лютага памеры пэнсіяў павялiчылiся у сярэднiм на 7%. Мiнiмальная пэнсія складае 53989 руб., максымальная — 155629 руб. Грошы на падвышэньне выплатаў для 2,4 млн. пэнсіянэраў урад знайшоў, скарацiўшы выдаткi на ахову здароўя.

Канцэсіянэр нам дапаможа

РУП «Геалёгiя» прапанавала ўраду перадаць замежным кампанiям радовiшчы на ўмовах канцэсіяў (распрацоўкi за грошы). Аддаваць будуць тыя, на якiя не стае сродкаў: Хацiслаўскае пад Маларытай (крэйда й сылiкатныя пяскi), Астражанскае на Лепельшчыне (бэнтанiтавыя глiны), Гараднянскае ля Столiна (кварцавыя пяскi). Адкіды калiйнай вытворчасьцi, што грувасьцяцца пад Салiгорскам, таксама плянуюць перапрацаваць з дапамогай канцэсіянэраў.

Цягачы выцягваюць

Урад вырашыў даць Менскаму заводу колавых цягачоў крэдыт 5 млрд. рублёў, каб уратаваць яго ад банкруцтва. Гэтыя грошы пойдуць на папаўненьне абаротных сродкаў. Яшчэ адзiн крэдыт (3,8 млн. даляраў ды 1,24 млрд. рублёў) урад дае МЗКЦ, каб той аддаў пазыку «Менсккомплексбанку».

«Гарызонт» і «Сэлена»

Сёлета прадукцыя «Гарызонту», што накiроўваецца на экспарт у Расею, будзе падзеленая на два брэнды. Тэлевiзары «Гарызонт» будуць даражэйшыя ды сучасьнейшыя, «Сэлена» — прасьцейшыя, але таньнейшыя. Летась валютная выручка «Гарызонту» склала 23 млн. даляраў, 67% прадукцыi пайшло на экспарт.

Цэны на хлеб адпусьцілі

Хлеб выкрасьлены зь сьпісу сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай. Матывавана гэта тым, што ў Беларусі хлеб даражэйшы, чым у памежных рэгіёнах Расеі й Украіны, а рэнтабэльнасьць пякарняў усё адно нізкая. Пасьля адмены дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў хлеб можа падаражэць на 2—10%. У сьпісе сацыяльна значных тавараў і паслугаў засталося 11 пазыцыяў з 35-ці, зацьверджаных у чэрвені 1999 г.

АК; БелаПАН, радыё «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0