Фэномэн саманянавісьці трапіў у апошнія дзесяцігодзьдзі пад увагу псыхолягаў, якія займаліся посткаляніяльнымі дасьледаваньнямі. Яны тлумачаць саманянавісьць калянізаванага народу інтэрналізацыяй клясавых, культурных ды нацыянальных стэрэатыпаў, распрацаваных калянізатарамі. Гэта адбываецца ў выніку таго, што калянізаваныя прывучаюцца глядзець на сябе вачыма калянізатараў. Такое культурнае паняволеньне ёсьць вынікам эканамічнае эксплюатацыі і палітычнае дыскрымінацыі. Упершыню гэта было разгледжана на франка-альжырскім, ангельска-індыйскім прыкладах (Ф.Фэнан), пасьля — на расейска-ўкраінскім (А.Грабовіч, У.Адайнык).

Стаўленьне сп.Марціновіча да «беларускае інтэлігенцыі» (а ўрэшце, і да самога сябе, бо ён, як ні стараецца падкрэсьліць сваю інакшасьць, паходзіць з таго самага асяродзьдзя — хоць бы ў сілу адукацыі) вынікае з агульнага зьняважваньня ўсяго «мясцовага», «другаснага», адрознага ад «цэнтральнага» — «вышэйшага» і «першаснага».

Акадэмік Вярнадзкі называў такую зьяву гадоў сто таму «умственной подчинённостью». Яна палягае ня ў тым, што пэўныя народы ўсьведамляюць сваю культуру як «меншую», — ніводзін эстонец або славенец, відавочна, не ўважае сваёй культуры «большай» за францускую або расейскую. Аднак такое прызнаньне ўласнае «меншасьці», «ніжэйшасьці» мае хутчэй колькасны, чым якасны характар. Яно ня ёсьць (як правіла) ні для эстонца, ні для славенца падставаю адмаўляцца ад сваёй «меншай» культуры на карысьць чужой «большай». Умоўна кажучы, баксёр лёгкай вагі ня прагне біцца зь цяжкавагавіком або цюлень ня можа змагацца зь ягуарам у бегу на сто мэтраў. Кожная культура (як і мова) па-свойму дасканалая і мае нешта такое, чаго ня мае ніякая іншая, хай сабе й «найбольшая» і наймагутнейшая.

Культурнае паняволеньне пачынаецца тады, калі пэўны народ усьведамляе сваю «меншую» культуру як «менш вартасную», «другарадную», «беспэрспэктыўную». То бок стаецца гэтакім сабе «цюленем», які пагаджаецца змагацца зь ягуарам на сушы, дзе, зразумела, асуджаны на паразу і на прызнаньне сваёй анталягічнай непаўнавартасьці — у катэгорыях і ў агульнай сыстэме вартасьцяў ягуара.

На мове псыхааналізу такі пакорлівы (ці, хутчэй, вымушаны) пераход на чужы пункт гледжаньня, накладаньне на сябе чужых крытэраў і стэрэатыпаў, запазычаньне чужога (як правіла, нэгатыўнага, перадузятага) уяўленьня пра сябе і сваіх аднапляменьнікаў як уяўленьня ўласнага называецца інтэрналізацыяй, «абунутраньнем» чужога «калектыўнага» ценю. Паняволеная нацыя пераймае зьняважлівасьць і зьверхнасьць калянізатараў да сябе як сваю ўнутраную якасьць, чужая нэгатыўная ацэнка робіцца самаацэнкаю, немачная нянавісьць да прыгнятальнікаў абяртаецца нянавісьцю да самога сябе і сваіх вартых жалю супляменьнікаў.

Зразумела, што такая інтэрналізацыя нэгатыўнага ўяўленьня пра сябе не адбываецца імгненна і ня ёсьць вынікам звычайнага ўплыву «мацнейшай» культуры на «слабейшую». Культурнае паняволеньне нязьменна суправаджаецца й абумоўліваецца паняволеньнем палітычным — разнастайнымі формамі прымусу, уціску, простага і ўскоснага гвалту. Уласна, сама сытуацыя, калі звычайная і для ўсіх відавочная адрознасьць культураў пачынае ўспрымацца ў ацэначных катэгорыях, то бок калі, перафразуючы іншага клясыка посткаляніяльных дасьледаваньняў Эдварда Саіда, адна культура ўспрымае адрознасьць іншай як слабасьць, а тая, у сваю чаргу, пераймае і сама засвойвае такі пункт гледжаньня як «аб’ектыўны», — такая сытуацыя найвыразьней сьведчыць пра нераўнапраўныя стасункі між гэтымі культурамі, пра яўныя або прыхаваныя мэханізмы палітычнага ці палітычна-эканамічнага дамінаваньня аднае культурнае групы над іншай.

Комплекс непаўнавартасьці што да мэтрапольнай расейскай культуры, які цяжэе над беларусамі, абумоўлены зусім ня «беднасьцю», «слабасьцю» ці «другараднасьцю» іхнай уласнай культуры (аб’ектыўна кажучы, дзясяткі паўнавартасных культураў — ад эстонскай да альбанскай і ад славацкай да каталёнскай — ані «багацейшыя», ані «першараднейшыя» за культуру беларускую). Беларускі комплекс непаўнавартасьці насамрэч абумоўлены самім фактам параўноўваньня, то бок сытуацыяй, у якую беларусы былі гвалтам пастаўленыя на шмат дзесяцігодзьдзяў — у адрозьненьне ад каталёнцаў, славакаў, эстонцаў або заходніх украінцаў, якія ніякіх комплексаў што да «вялікай расейскай культуры» ня маюць, хай сабе яна будзе хоць сто разоў «вялікаю». Беларусаў змусілі глядзець на сябе чужымі вачыма, бачыць сябе ў чужым люстэрку, ацэньваць сябе паводле чужых крытэраў. Лішне казаць, што ані гэтыя крытэры не былі аб’ектыўнымі, ані погляд ня быў неперадузятым. Культурная адрознасьць пад чужым ацэначным поглядам ператваралася ў слабасьць, інакшасьць — ува ўбогасьць. Прыняўшы чужыя правілы гульні, цюлень прайграе ягуару. Уся сям’я каціных мае мажлівасьць пераканацца, якія з гэтых ластаногіх нікчэмныя, бяздарныя, «адстойныя» бегуны. Не цюлені, а нейкая выродлівая, дэградаваная разнавіднасьць ягуараў. І галоўнае — у саміх цюленяў не павінна заставацца ў гэтым ніякага сумневу. Гэта і ўзяўся чарговы раз даказаць сп.Марціновіч, сабраўшы самыя выпадковыя, але самыя выродлівыя прыклады.

Такое культурна-псыхалягічнае паняволеньне зьдзяйсьняецца праз паноўны (у дадзеным выпадку расейскацэнтрычны) дыскурс і мае розныя вынікі.

Напрыклад, нядаўна прайшла інфармацыя зь Пінску: людзі там мяняюць «немілагучныя» прозьвішчы Рак, Козел, Дубіна на «вполне культурныя» Ракаў, Казлоў, Дубінін.

Фэномэн саманянавісьці цалкам можна назваць і «фэномэнам Козела».

М.Р.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0