7 лютага

Сэкунда вырашыла лёс «Калюмбіі»

З 16 тыс. знойдзеных фрагмэнтаў «Калюмбіі» спэцыялісты NASA паспрабуюць скласьці праўду пра катастрофу касьмічнага чаўнака. Экспэртаў асабліва цікавіць... 80-я сэкунда палёту карабля. Бо гэта яна магла вырашыць лёс астранаўтаў. На гэтай сэкундзе пасьля старту ад ракеты, што выводзіла «Калюмбію» на арбіту, адарваўся невялікі фрагмэнт. Тэлекамэры, усталяваныя на «Калюмбіі», зафіксавалі, што ён меў каля мэтра ў дыямэтры і ўдарыў у левае крыло чаўнака пад вуглом 90 градусаў. І менавіта ж каля 80-й сэкунды на карабель прыпадае найбольшая нагрузка і нават невялікая аварыя можа мець фатальныя наступствы. У 1986 г. маленечкая выцечка паліва на 73-й сэкундзе выклікала выбух «Чэленджэра».

Ледзьве «Калюмбія» выйшла на арбіту, як экспэрты NASA пачалі вывучаць здымкі й паказаньні прыбораў. І прыйшлі да высновы, што небясьпекі аварыі няма. У космасе ўсё сапраўды прайшло нармальна. Аднак цяпер большасьць экспэртаў схіляюцца да думкі, што тэрмаізаляцыя карабля была ўсё ж парушаная, што й выклікала выбух падчас уваходу ў шчыльныя слаі атмасфэры.

Калі аналіз NASA давядзе, што лёс «Калюмбіі» сапраўды быў вырашаны на 80-й сэкундзе, шмат хто ў касьмічнай агенцыі страціць працу. У СМІ ўжо прайшла інфармацыя, што некалькі інжынэраў, адказных за бясьпеку палётаў, паляцелі з пасадаў.

Партыя Шродэра прайграла

Нямецкія сацыял-дэмакраты страцілі папулярнасьць. Выбарцы не даруюць ім эканамічнага крызысу, які перажывае Нямеччына. СДПН прайграла зямельныя выбары ў Гесэне і Ніжняй Саксоніі, прычым з рэкордна нізкім вынікам. Асабліва балючая параза — саксонская, бо гэта бацькаўшчына Гергарда Шродэра. Сам канцлер узяў адказнасьць за разгром на сябе, але сыходзіць у адстаўку не зьбіраецца.

Паколькі прэзыдэнта Нямеччыны выбіраюць разам дэпутаты фэдэральнага й зямельных парлямэнтаў, цяпер найбольшыя шанцы на выбарах у траўні 2004 г. будуць мець лідэрка ХДС Ангела Мэркель, прэм’ер Баварыі Эдмунд Штойбэр або былы шэф ХДС Вольфганг Шаўбле — інвалід, што перасоўваецца толькі ў вазку, але палітыкі не пакідае.

Ватыкан супраць «New Age»

«New Age» — гэта фальшывая ўтопія, заявіў кардынал Поль Пупар. Ён прэзэнтаваў дакумэнт «Ісус Хрыстос — даўца вады жывой». Гэты ліст адрасаваны сьвятарам. У ім акрэсьліваецца розьніца між хрысьціянскім бачаньнем сьвету і сынкрэтычным комплексам вераньняў і практыкаў, што атрымалі назву «New Age». Гэты рух здабыў апошнім часам вялікую папулярнасьць на Захадзе. На думку Пупара, прычына такой папулярнасьці — «усё большая апантанасьць заходняй культуры ўсходнімі рэлігіямі і пошукам таемных шляхоў спасьціжэньня мудрасьці».

УБАЧАНА З РАСЕІ

Пэдагагічны АМОН

Расейскія настаўнікі будуць працаваць у Чачэніі вахтавым мэтадам. Сотні пэдагогаў з школаў і садкоў 50 рэгіёнаў Расеі выпраўляюцца ў беспрэцэдэнтную камандзіроўку ў Чачэнію. І ня проста зьбіраюцца — ірвуцца з усяе сілы. Дагэтуль місіі ў рэспубліку з цалкам зразумелых прычынаў ладзіліся толькі для рэгіянальных «сілавікоў» і дактароў, але для настаўнікаў — ніколі. Ёсьць дзьве прычыны, зь якіх выкладчыкі правядуць цэлы месяц у Грозным. Першая — галеча правінцыйных настаўнікаў. Для іх абяцаная ўзнагарода ў 10 000 расейскіх рублёў (каля 600 тыс. беларускіх рублёў — «НН») — сума казачная. І другая — палітычны піяр, які плянуе зрабіць сабе на гэтай акцыі яе ініцыятар, арганізацыя «Тыя, што ідуць разам». Аднак ня выключана, што акцыя на самай справе выявіцца грандыёзным падманам і ніякіх грошай настаўнікі не заробяць. Тым ня менш, для тых, хто «не падышоў», адмова робіцца сапраўднай трагедыяй. «Мяне не ўзялі, бо мне 45 гадоў, — ледзь ня плача выкладчыца працы Ўльянаўскай школы-гімназіі №3 Ірына Ўласава. — Я так спадзявалася на гэты кантракт. Я атрымліваю 1650 рублёў. А дзяцей трэба карміць. Я ня проста паехала б у тую Чачэнію — пабегла б!»

Паводле «Известий»

Лукашенка скупляе расейскіх спартоўцаў

Быў час, калі расейскія лыжнікі зьяжджалі на Захад — у Аўстрыю ці Швэцыю. Цяпер пераважна эмігруюць у… Беларусь. Сьпярша туды выправілася алімпійская чэмпіёнка Сьвятлана Нагейкіна, потым біятляністка Алена Хрусталёва. А ў сьнежні на Кубку сьвету ў Швэцыі за Беларусь пасьпяхова выступаў пяціразовы чэмпіён сьвету па біятлёне Ўладзімер Драчоў. У Расеі яго пакрыўдзілі: не ўлучылі ў склад зборнай на чэмпіянат Эўропы-2002. Вырашылі, што ў 36 гадоў мала на што здатны. Вось спартовец і пераехаў у Менск — давесьці адваротнае. Але справа ня толькі ў гэтым. У Санкт-Пецярбургу ён жыў у даволі кепскіх умовах, а ў Менску, калі выступіць пасьпяхова, ужо праз год абяцаюць падараваць вялікую кватэру. Такімі абяцанкамі завабілі і 29-гадовую ўкраінскую біятляністку Алену Зубрылаву. А.Лукашэнка параіў сваім чыноўнікам дапамагчы зь беларускім грамадзянствам тым, хто хоча і можа выступаць за краіну на спаборніцтвах. Яшчэ ў Беларусі заснаваная прэзыдэнцкая стыпэндыя. Алімпійскі чэмпіён будзе атрымліваць штомесяц 1500 даляраў. Пераможцам і прызёрам першынстваў сьвету таксама абяцаюць неблагія ўзнагароды.

Паводле «Экспресс-газеты»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0