Мясцовая паліцыя ўзяла ў аблогу праваслаўны манастыр пад гарою Афон. 117 манахаў не зьбіраюцца здавацца. Яны адмаўляюцца падпарадкоўвацца як Канстантынопальскаму патрыярху, якога лічаць ератыком, так і сьвецкім уладам.

«Мы можам бараніцца гадамі, — пагражае ігумен Мэтод. — І будзем змагацца, нават калі застанёмся без электрычнасьці, ацяпленьня і ежы. Каб выгнаць нас адсюль, яны мусяць ужыць сілу». На мурах манастыра — вялікі транспарант з надпісам «Праваслаўе або сьмерць».

Месяц таму Варфаламей I, патрыярх Канстантынопальскі, абвясьціў манахаў схізматыкамі й загадаў пакінуць манастыр. Канфлікт сьпеў дзесяцігодзьдзямі. Манахі даўно не прызнаюць патрыярха, вінавацяць яго ў «ератычных» кантактах з каталіцкім Касьцёлам. Калі пад манастыр прыехалі паліцыянты, бунтаўнікі замкнуліся. Мясцовыя ўлады не плянуюць штурму. Але блякада будзе цягнуцца, пакуль, згодна з загадам патрыярха, апошні манах не пакіне муроў манастыра.

Эсьфігменаў манастыр стаіць над морам, ля падножжа гары Афон, на ўскрайку паўвостраву Халкідыка. Як кажа легенда, менавіта сюды бура прыгнала карабель, якім Марыя і апостал Ян плылі на Кіпр — адведаць Лазара. Уражаная прыгажосьцю мясьціны, Марыя ў малітве папрасіла Ісуса падараваць ёй Афон. З таго часу гара — уласнасьць Божай Маці. Дагэтуль ніводная жанчына не ступала на тую зямлю. З X ст. на Афоне жывуць манахі: 20 манастыроў утвараюць аўтаномную рэспубліку на тэрыторыі Грэцыі. Духоўны ўладар над імі — патрыярх Канстантынопальскі. Палітычны статус сьвятой гары вызначыла канстытуцыя Грэцыі 1927 г. Грэцкую дзяржаву там прадстаўляе сьвецкі губэрнатар, які падпарадкоўваецца міністру замежных справаў. Парадак і бясьпеку падтрымлівае мясцовая паліцыя. Крымінальнымі справамі займаецца суд у Салоніках.

Праваслаўныя сьвятары павінны маліцца за свайго патрыярха. Айцы з Эсьфігменаў не выконваюць гэтага абавязку з 1972 г. Гэта й стала фармальнай нагодай для сьнежаньскага загаду Варфаламея I, у якім афонскія айцы былі названыя «непапраўнымі грэшнікамі, якія самі выйшлі з грамады і могуць вярнуцца толькі шляхам раскаяньня». Наступны крок зрабілі сьвецкія ўлады. Губэрнатар паставіў ультыматум: манахі мусілі выехаць да 28 студзеня. А як выйшаў тэрмін, ён падпісаў загад пра «высяленьне» бунтаўнікоў.

«Паводзіны губэрнатара беззаконныя, — кажа Мэтод. — Наш манастыр знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Канстантынопальскай патрыярхіі, але мы не абавязаныя ёй падпарадкоўвацца, бо яе точаць ерасі. Падчас апошняга падарожжа ў Равэну Варфаламей дапускаў да прычасьця каталікоў і пратэстантаў».

Манахі даслалі ў Дзяржаўную Раду Грэцыі апэляцыю на рашэньне губэрнатара, але ня пэўныя ў посьпеху. Сьвежы яшчэ ўспамін пра лёс айцоў, што жылі ў невялічкім манастыры на схілах сьвятой гары й таксама адмовіліся былі падпарадкоўвацца патрыярху. Іх вывезьлі за межы Афону паліцэйскім джыпам. Апэляцыя ў дзяржаўную раду засталася неразгледжанай.

Але манахаў з Эсьфігменавага манастыра голымі рукамі ня возьмеш. Іх аж 117. Замкнутыя ў манастыры, айцы ня страцілі ваяўнічага духу, нягледзячы нават на тое, што ім не прывозяць болей ежы, браму пільнуе паліцыя, а з боку мора курсуюць патрульныя караблі грэцкіх памежнікаў.

Рашучасьць манахаў зразумелая. У іх няма іншага дому, апроч манастыра. Дый немаладыя ўжо (самаму старому айцу болей за 100 гадоў). На сваёй інтэрнэт-старонцы (www.esphigmenou.com) пакрыўджаныя манахі заклікаюць падтрымаць іх, напісаўшы лісты пратэсту да міністра замежных справаў Георгіяса Папандрэў і да патрыярха Варфаламея I. Што робіцца на Афоне цяпер — сказаць цяжка, бо вольна наведваць сьвятую гару могуць толькі манахі, мясцовыя чыноўнікі ды пілігрымы. У турыстаў і тым больш журналістаў патрабуюць пропуск.

Губэрнатар ня хоча ўжываць сілу супраць упартых айцоў. Хоць паводзінамі насельнікаў Эсьфігменавага манастыра ён вельмі незадаволены. Тыя ўжо шмат гадоў не дасылаюць прадстаўніка на штогадовы збор усіх манастыроў Афону, перашкаджаюць эфэктыўна кіраваць паўвостравам.

Адзін з чыноўнікаў адміністрацыі кажа, што патураньне манахам можа стацца небясьпечным прэцэдэнтам: «На сьвятой гары ёсьць расейскі і баўгарскі манастыры. Калі мы будзем нерашучымі, дык, можа, заўтра расейцы з манастыра сьв.Панцеляймона захочуць выйсьці з грамады».

Бунтоўныя манахі лічаць сябе ахвярамі рэлігійнага перасьледу. «Наш супраціў — гэта пытаньне веры. Мы ня супраць патрыярхату як такога. Калі Варфаламей перарве кантакты зь іншаверцамі й прысягне, што не належыць да масонскай лёжы, я першы пацалую яму стопы», — кажа Мэтод.

Падзел хрысьціянаў на каталікоў і праваслаўных адбыўся ў 1054 г. Амаль праз тысячу гадоў, у 1964 г., збліжэньне паміж Царквой і Касьцёлам пачалі папа Павал VI i патрыярх Афінагор. А нядаўна адбыліся сумесныя экумэнічныя малітвы патрыярха Варфаламея і Яна Паўла II.

МХ;

паводле «Gazety Wyborczej»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0