14 лютага
Хлебнікі на могілках
За апошнія гады жыхары раёну прызвычаіліся набываць танны хлеб у прыватных хлебапёкаў са Смаленшчыны. Незадаволены былі адно работнікі мясцовага хлебазаводу, прыбытак якога паменеў. На абарону мясцовага вытворцы і бюджэту ўзьняліся ўлады, работнікі санэпідэмстанцыі і міліцыянты. Апошнім часам расейцы гандлявалі сваёй прадукцыяй на гарадзкіх могілках. Канчаткова падарваў хлебны бізнэс суседзяў урад, які пастанавіў зьменшыць цану на муку для хлебазаводаў памежных з Расеяй раёнаў. Цяпер гандляры расейскім хлебам, абмінаючы Крычаўшчыну, едуць у Чэрыкаўскі, Краснапольскі ды іншыя раёны.
Андрэй Кузьмін, Крычаў
«Дзядзька Несцер»
31 студзеня пабачыў сьвет першы нумар горацкай грамадзкай газэты «Дзядзька Несцер». Газэта зьмяшчае мясцовыя і рэспубліканскія навіны. Набыць газэту можна ў распаўсюдніка на гарадзкім кірмашы.
Ілья Заранок, Горкі
Абвалілася столь
У адным з дамоў даваеннай пабудовы ў Бялынічах абвалілася столь. У хаце знаходзіліся двое дзяцей і мужчына. Дзеці пасьпелі выбегчы на вуліцу, а вось мужчына апынуўся пад завалам. Ягонае жыцьцё ўратавала мэбля. Адмыслоўцы мясцовага аддзелу МНС вызвалілі чалавека і даставілі яго ў райбольніцу.
Да лісіц далучыўся янот
На Валожыншчыне, у Налібоцкай пушчы, палююць на ваўкоў. З чатырох драпежнікаў адзін быў забіты паляўнічымі |
Базыль Ліцьвіновіч, Бялынічы
«Ільняныя» табурэты
Чавускі льнозавод у студзені гэтага году пачаў выраб табурэтаў. Яны робяцца з сасны і пакрываюцца лакам. У залежнасьці ад попыту прадпрыемства плянуе выпускаць 600—800 штук у месяц. Прыблізная цана аднаго табурэта не перавышае 6 тыс. рублёў. Рэалізацыя новай прадукцыі ажыцьцяўляецца на ўнутраным рынку і ў Расеі.
Катарына Іванова, Магілёў
Чорныя бярозы
Івацэвіцкі райвыканкам надаў статус батанічнага помніка прыроды мясцовага значэньня 11-гектарнаму лясному масіву ў Калінінскім лясьніцтве. Назвалі новую ахоўную зону «Турнянскія чорныя бярозы». 220 рэдкіх дрэваў, якія там растуць, адрозьніваюцца ад звычайных бяроз колерам кары. Ствалы ў іх цёмныя і буравата-шэрыя ды крона крыху сьціснутая. Чорныя бярозы сустракаюцца рэдка, але паблізу вёскі Турная яны разрасьліся — вельмі шмат маладых дрэўцаў. Гэта самая вялікая сям’я дрэў такой пароды ня толькі ў нас у Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Эўропе.
Алесь Лаўранюк, Івацэвічы
Тайнік у аўтамабілі
20-гадовы жыхар Вільні наведваўся ў нашу краіну ня толькі для таго, каб пабачыцца з роднымі ці паглядзець на беларускія краявіды. Быў у яго і камэрцыйны інтарэс, што грунтаваўся на істотнай розьніцы цэнаў на бэнзын у нашых краінах. Ён зрабіў у сваім аўтамабілі «Міцубісі-Галант» тайнік: пераабсталяваў газавы балён і заліваў туды, кіруючыся дамоў, 55 літраў бэнзыну. У пункце пропуску «Лоша» аўтамабіль быў арыштаваны і перададзены ў Ашмянскую мытню для разьбіральніцтва.
Гераін у сьметніцы
У цягніку №149 «Масква—Калініград» на станцыі Гудагай памежнікі знайшлі гераін. Схаваны ён быў у сьметніцы ў поліэтыленавых пакетах. Гаспадара амаль трох кіляграмаў гэтага наркотыку знайсьці не ўдалося. Праваахоўныя органы ўзбудзілі крымінальную справу.
Мар’ян Вянгроўскі, Астравец
Сьвятла няма
У вёсцы Студзёнкі, што на Барысаўшчыне, цалкам адсутнічае вулічнае асьвятленьне, бо сельсавет ня мае грошай плаціць за электрычнасьць. На наступнай сэсіі райсавету гэтае пытаньне будзе разгледжана, а пакуль вёска вечарамі патанае ў цемры.
Зьміцер Панкавец, Кастрыца