Гульні Чэмпіянату краіны па «Што? Дзе? Калі?» і «Брэйн-рынгу» адбыліся 8—9 лютага ў Віцебску.

Падчас іх акрэсьліліся дзьве супярэчнасьці сярод прыхільнікаў інтэлектуальных спаборніцтваў. Па-першае, плынь «старых» інтэлектуалаў змагаецца з маладняком, які прыйшоў у гульню пры канцы 90-х. Новая генэрацыя эрудытаў выйшла з гурткоў «Што? Дзе? Калі?», кіраўнікамі якіх былі вядомыя гульцы, кшталту Леаніда Клімовіча. Сёньня настаўнікі ўсё часцей саступаюць учорашнім вучням. Па-другое, працягваецца вечнае процістаяньне Менску й пэрыфэрыі. Вынік віцебскіх гульняў — частковая і часовая перамога менскай моладзі. Частковая — бо гомельская каманда «Хатні бусел» на апошніх пытаньнях такі вырвала перамогу ў менскай «Хутны». Таксама ў прызэрах крыху больш сталая каманда «Міт» зь Менску. Першынство на турніры па «Брэйн-рынгу», які праходзіў на наступны дзень, аспрэчвалі дзьве студэнцкія каманды, «МІД-2» ды «Яравіт». Чэмпіёнства заваявалі апошнія — студэнты БДУ. У барацьбе за трэцяе месца ветэран інтэлектуальнага руху — «Разумнік» зь Менску — саступіў віцебскай «Дэмэнцыі».

Чэмпіёны вядомыя — але гэтыя вынікі прамежкавыя. Сезон інтэлектуальных гульняў сканчаецца аж у траўні, будзе яшчэ шмат турніраў. Праз выходныя ў Менску адбудуцца «Студэнцкія гульні», потым — «Кубак княгіні Вольгі» ў Віцебску, і нарэшце — «Кубак Палесься» ў Гомелі.

Павал Сьвярдлоў, Віцебск-Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0