Эмігранцкае апавяданьне

Яе фігура пакідала незабыўнае ўражаньне. Са сьпіны Марыяна выглядала як гіганцкі перакулены знак віны на картах: вузкія плечы, асіная талія і азадак. Вялізны і неспадзяваны.

У лягер уцекачоў Марыяна трапіла выпадкова. Яна, чыстакроўная грузінка, жыла ва Ўкраіне, мела нейкі палатачны бізнэс у Расеі і ні ў чым сабе не адмаўляла. Пасьля дэфолту працаваць стала нашмат цяжэй, і Марыяна, начытаўшыся абвестак кшталту «Вы яшчэ пасьпееце прапісацца ў Эўразьвязе!», прыехала ў Чэхію. У выніку — змарнаваныя час і грошы, страчаныя ілюзіі, дэпрэсія і роспач. Калі яна аддала апошнія даляры на фальшывы чэскі пашпарт і яе падманулі, нейкі добразычлівец параіў няшчасьніцы падацца ў лягер уцекачоў.

Яна даведалася ў паліцыі адрас, трэслася цэлы дзень у цягніках, прыехала ў карантын, села ля брамы і заплакала ад вусьцішы і безвыходнасьці. Паліцыянту, які падышоў да яе, Марыяна расказала, як на споведзі, усю сваю гісторыю. Той, уражаны яе фігурай, прасякнуўся спагадаю. Ён навучыў Марыяну, што казаць падчас допыту, а пра што маўчаць, і, правёўшы ўсе ўступныя працэдуры, адчыніў перад «віновай дамай» дзьверы ў карантын.

Там, а пазьней у лягеры было спакойна і сыта. Пакуль Марыяна не сустрэла на шляху да сталоўкі Джона.

Джонам яго называлі ўсе, сапраўднага імя ніхто нават вымавіць ня мог. Джон быў цыбаты-цыбаты, як чапля, мэтанакіраваны, няўрымсьлівы, ахвочы пагаманіць, забясьпечаны, упадабаны публікай і чорны, як вакса.

У яго родным нігерыйскім племені памер жаночага азадка быў сымбалем дабрабыту і заможнасьці сям’і. Але нават у ягоным племені, што культывавала максымальныя габарыты, не сустракаў ён такога сымбалю, як у Марыяны.

Джон закахаўся адразу, рашуча і незваротна.

Марыяна спалохалася адразу, адчайна і беспрасьветна.

Джон быў «перавозчыкам» — ладзіў нелегальны транзыт уцекачоў празь мяжу. У лягеры ён бываў два-тры дні на тыдзень. Увесь астатні час за Марыянай сачылі ягоныя памагатыя. Праз пару тыдняў Джон зрабіў Марыяне прапанову. Менавіта яе не ставала яму для адчуваньня паўнаты жыцьця.

«Віновая дама» адмовіла.

Праз тыдзень закаханы перавозчык яшчэ раз прапанаваў злучыць лёсы. Марыяна з жахам, калыхаючы ніжняй часткай тулава, уцякла. Джон захоплена глядзеў усьлед закаханымі вачыма.

А потым пачаў дзейнічаць.

Сярод уцекачоў-афрыканцаў у лягеры быў шаман. Джон пайшоў да яго па нагаворнае зельле. Шаман узяў за працу зусім няшмат, але да справы падышоў добрасумленна.

Некалькі дзён запар ён выконваў пад акном Марыяны, якая трымцела ад страху, рытуальныя скокі, падвываў, кідаў у прачыненую (зашчэпка была загадзя зламаная) фортку матылёў, жукоў, пер’е, тушкі яшчарак, абпаленыя галінкі і іншае сьмецьце. Марыяна, хліпаючы, выносіла ўсё гэта ў калідор і марыла ўцячы за мяжу. Але зрабіць такое можна было толькі з дапамогаю Джона. Ён жа прапаноўваў Марыяне зусім іншае замежжа.

Раптам яна пачала сьніць яго. Чорны твар зь сьляпуча-белымі зубамі раптоўна ўсплываў перад вачыма і ўдзень, і ўночы. Празь некалькі дзён Джон падаўся ёй сымпатычным, а яшчэ праз тыдзень яна раптам згадала, што яшчэ ў школе хацела пабачыць Кіліманджара. Часам, ідучы ў сталоўку, Марыяна бубніла пад нос: «А ў Афрыцы, а ў Афрыцы, на сіняй Лімпапо…» Радзейшыя зьяўленьні шамана ўжо не жахалі.

На яе стан пачалі зьвяртаць увагу сулягернікі. Хтось цішком пасьмейваўся, хтось круціў пальцам ля скроні, уцякачкі з Уралу ўпотайкі зайздросьцілі наяўнасьці багатага і пэрспэктыўнага жаніха.

Адна курдзянка Тамара (так яна называлася, не жадаючы, паводле мусульманскай традыцыі, выдаваць сапраўднае імя) сур’ёзна ўстурбавалася станам сваёй найлепшай прыяцелькі. І ў адзін з момантаў душэўнага прасьвятленьня Марыяны, калі чары ненадоўга страцілі сілу, прапанавала дапамогу.

Тамара вырасла высока ў гарах і ўспадкавала ад бабулі знахарскія таямніцы. Яна паліла нейкія пахучыя сьвечкі ў пакоі Марыяны, кідала ў агонь жукоў і матылёў, нават спрабавала падпаліць хвост здохлай яшчарцы, што згубілася ў куце. Распусьціўшы касу, Тамара нешта бубніла, круцілася, прытупвала, махала рукамі, закочвала вочы і ўскідала галаву. Потым, зьнясіленая, павалілася на ложак і выдыхнула: «Усё!»

Тае начы Марыяна сьніла Джона апошні раз. Ён быў сумны, нібы працягваў рукі, клікаў здалёк, за ім у далечыні была відаць вяршыня Кіліманджара і плаўна нёс свае воды Нігер з кракадзіламі...

Джон адразу зразумеў, што здарылася, пасварыўся з шаманам і пайшоў на два месяцы ў Нямеччыну. А Марыяна занудзілася. Ёй не ставала ня тое каб самога Джона, але той дзіўнай салодкай зьнямогі, якая апошнімі тыднямі складала самую існасьць ейнага жыцьця.

Убеленая сьнегам Кіліманджара павольна зьнікла за недасяжнай сіняй школьнай смугою.

Натальля Судлянкова

Прага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0