ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Калі спытацца ў якога-небудзь уладыкі дазволу замяніць слова ў малітве на іншае, прыгажэйшае, ён прыме цябе за вар’ята ці блазна. Зусім ня так — з храмамі. «Уладыка Філарэт неаднаразова пытаў у нас дазволу паставіць на сабор купалы. А мы кажам: там іх не было», — расказвае Васіль Абламскі, дырэктар Дэпартамэнту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры. Пераробкі, непрафэсійныя рамонты — пасьля іх старажытныя цэрквы і касьцёлы губляюць аўтэнтычны выгляд. Найчасьцей нявечаць храмы самі гаспадары — сьвятары зь вернікамі.

На пачатку 90-х, калі «культавыя будынкі» толькі пачалі вяртаць Царкве, скандалы вакол рэстаўрацыі набылі лявінападобны характар. Новапрызначаныя «бацюшкі» абураліся «неправаслаўнай» архітэктурай беларускіх храмаў і патрабавалі насадзіць на іх вялізныя купалы-цыбуліны ў псэўдарасейскім стылі. Бяз гэтага, маўляў, няма праваслаўнага храму.

Каб уратаваць ад звыродлівых «цыбулінаў» помнік беларускага барока — Сьвята-Духаву царкву Куцеінскага манастыра ў Воршы, спатрэбіліся намаганьні дзеячоў культуры. Тамтэйшы сьвятар вывеў вернікаў на галадоўку насупраць гарвыканкаму, патрабуючы: хай рэстаўратары ставяць цыбуліны! Толькі ліст да мітрапаліта Філарэта, падпісаны Адамам Мальдзісам, Міколам Купавам ды іншымі, дапамог неяк суцішыць «мяцежнага бацюшку».

Дэпартамэнт:усё ня так кепска

На мінулым тыдні «цыбуліна» зьявілася над праваслаўным саборам у Слоніме, які быў адбудаваны на месцы зьнішчанага ў 1960-я г. савецкай уладай.ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
На мінулым тыдні «цыбуліна» зьявілася над праваслаўным саборам у Слоніме, які быў адбудаваны на месцы зьнішчанага ў 1960-я г. савецкай уладай.ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Васіль Абламскі, дырэктар Дэпартамэнту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры, лічыць, што праблемы кшталту аршанскае ўзьнікаюць у адзінкавых выпадках. «Гаворка йдзе пра адметныя культавыя аб’екты, занесеныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, — іх у нас 414. На гэтыя падкантрольныя Царкве ці Касьцёлу будынкі распаўсюджваюцца патрабаваньні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны», — тлумачыць чыноўнік.

Гэта значыць, будынкі знаходзяцца пад наглядам дзяржавы. І тая, каб зьберагчы помнік архітэктуры ў аўтэнтычным выглядзе, змушае гаспадара падпісаць ахоўнае «абавязацельства». Праўда, як кажа намесьнік дырэктара Дэпартамэнту Васіль Чэрнік, цяпер такія дамовы ёсьць толькі з паловай прыходаў. Гэта не спрыяе зьберажэньню храмаў. «Па несьвядомасьці кожнаму сьвятару хочацца ўпарадкаваць храм неяк па-чалавечы: тут падфарбаваць, там прыбудаваць, зрабіць хрысьцільню, памяняць крыжы... Тады мы даём прадпісаньне, спыняем працы ці рэкамэндуем іншыя», — кажа В.Абламскі. Колькасьць такіх «прадпісаньняў» зьмяншаецца. У 2002 г. было выпісана толькі адно. У 1999-м і 2000-м — па 3 прадпісаньні. Да прыкладу, у Полацкім Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры пачыналі будаўніцтва без узгадненьня з Дэпартамэнтам. Або ў Будслаўскім касьцёле ўзяліся былі самавольна рэстаўраваць жывапіс. А камбінат грамадзкага харчаваньня ў Валожыне, што месьціцца ў будынку былой ешывы, не дагледзеў каналізацыі. Прадпісаньне атрымлівала таксама Сьвята-Ільлінская царква ў вёсцы Ільля Вялейскага раёну. Грамада ўзялася саматугам перарабляць фасад. Вось, паводле словаў чыноўнікаў, і амаль усе парушэньні за тры гады.

Чаго ня бачыць Дэпартамэнт

Аднак Уладзімер Трацэўскі, прафэсар катэдры тэорыі і гісторыі архітэктуры архітэктурнага факультэту Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, з гэтым катэгарычна ня згодны. Ён штолета выяжджае з студэнтамі на практыку і бачыў безьліч зьнявечаных храмаў. «Як толькі культавая ўстанова пераходзіць у рукі нейкага гаспадара — той ужо ні з кім ня лічыцца», — кажа прафэсар.

Напрыклад, у Жодзішках ксёндз вырашыў, што яму трэба дадатковае памяшканьне пры касьцёле. Прабіў сьцяну і паставіў сваю прыбудову. У вёсцы Райца Карэліцкага раёну касьцёл цяпер выкарыстоўваецца як праваслаўная царква. Бацюшка на свой капыл перарабляе яго як хоча. Там ужо нават ня можа ісьці гаворка пра рэстаўрацыю. А аб’ект быў арыгінальны: на самым версе стаяла скульптурная выява Божае Маці. Касьцёл у Варончы (таксама Карэліччына) людзі сваімі сіламі пачалі рамантаваць. Гзымсы й пілястры атрымаліся не на адным узроўні. Будаўнікі ведалі, як рабіць кожную асобную дэталь, але не маглі ахапіць цэлага.

Ёсьць і станоўчыя прыклады рэстаўрацыі. У.Трацэўскі назваў менскую катэдру: «Але яе аднаўлялі палякі і нашых спэцыялістаў блізка не падпускалі». Або Мікалаеўская царква 1669 г. у Магілёве: «Там быў цудоўны іканастас XVIII ст. Калі царкву разабралі, дык іканастас валяўся гадоў трыццаць у розных майстэрнях: у Менску, Магілёве. Цяпер царкву адрэстаўравалі, прафэсійна аднавілі. Відаць, іканастасу таксама дадуць рады...»

В.Чэрнік таксама згадаў прыклады плённага супрацоўніцтва дзяржавы й царквы: «Ня маем ніякіх прэтэнзіяў да работ, якія праводзяцца ў Сьвята-Ўсьпенскай царкве (вёска Косіна Лагойскага раёну). Настаяцель, айцец Георгі, заўсёды з намі раіцца. Альбо гарадзенскі Фарны касьцёл Францішка-Ксавэрыя. Там хацелі зрабіць уваход у будынак збоку. Ён некалі там быў, трэ было проста аднавіць. Яны зьвярнуліся да нас, мы зрабілі комплексныя навуковыя дасьледаваньні, пацьвердзілі, што там быў уваход, — калі ласка, зрабілі».

Умантавалі абраз

Cьвята-Духаў сабор у Менску быў «упрыгожаны» вялізным псэўдабізантыйскім пано, зьяўленьне якога выклікала скандал.ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Cьвята-Духаў сабор у Менску быў «упрыгожаны» вялізным псэўдабізантыйскім пано, зьяўленьне якога выклікала скандал.ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Але гэткая царкоўна-чыноўніцкая ідылія не заўжды йдзе на карысьць. Самы яскравы прыклад — праваслаўны Сьвята-Духаў сабор у Менску, «упрыгожаны» вялізным псэўдабізантыйскім пано. Гэткая звыродлівая безгустоўнасьць на фасадзе барочнага храму відаць здалёк. Зьяўленьне абраза сваім часам выклікала скандал. Намесьніца старшыні Таварыства аховы помнікаў Галіна Саўчанка рашуча пратэставала на паседжаньні экспэртнай рады Мінкульту, і мітрапаліт Філарэт дэманстрацыйна перастаў вітацца зь ёй. В.Абламскі проста патлумачыў чыноўніцкі дазвол разьмясьціць пано: «Там ёсьць ніша, якая раней была аконным праёмам. І няма вялікай супярэчнасьці, што там умантаваны абраз, ён не ўплывае на архітэктурныя асаблівасьці сабору».

У.Трацэўскі ўпэўнены ў адваротным: «Аніяк не спалучаецца гэтае пано з храмам. Яно адасабляе вежы. Такое знарочыстае напластаваньне непрафэсійнае і неэтычнае!» І пано — яшчэ ня самая сьмелая ідэя Экзархату, скіраваная на «праваславізацыю» храму. Як сьведчыць В.Абламскі, «уладыка Філарэт неаднаразова пытаў у нас дазволу паставіць на сабор купалы. А мы кажам: там іх не было. І на сёньняшні дзень ён пагаджаецца з нашымі аргумэнтамі».

Паводле халмагорскіх узораў

Адзін з архітэктараў — спэцыялістаў у галіне рэстаўрацыі гэтак апісвае сытуацыю з аховай помнікаў: «Ад 1992 г. існавалі два дзяржаўныя камітэты пры Савеце міністраў — па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і па рэстаўрацыі. Яны спаборнічалі міжсобку, і ад гэтага справа толькі выйгравала. Пры канцы 90-х камітэты панізілі ў статусе і зьвялі ў адзін дэпартамэнт. Калі раней яны былі фактычна на ўзроўні самастойных асобных міністэрстваў, дык цяпер гэта адзін з аддзелаў Мінкульту. Адпаведна паменшаў і іхны ўплыў».

Прадстаўнікі Дэпартамэнту на месцах — у абласьцях, раённых гарадах — гэта штатныя работнікі тамтэйшых аддзелаў культуры. Яны падпарадкоўваюцца мясцовай уладзе, залежаць ад яе. Іх дзеяньні прасьцей кантраляваць.

Многія барбарскія перабудовы, паўторымся, спрычыненыя неабазнанасьцю сьвятароў. «Калі праваслаўнага сьвятара вучаць у Расеі, ён успрымае тамтэйшы ўзор за канон. І ня ведае, што існуюць яшчэ 15 праваслаўных цэркваў з сваімі традыцыямі, у тым ліку і архітэктурнымі, — кажа наш экспэрт-архітэктар. — Ён прыяжджае сюды і бачыць, што тут усё не адпавядае ягонаму ўяўленьню. Зь сьвятарамі трэба весьці ў гэтым кірунку працу: тлумачыць ім гісторыка-культурную каштоўнасьць будынкаў, выдаваць інструкцыі наконт зьберажэньня нашай архітэктурнай спадчыны».

У.Трацэўскі зазначае, што сёньня многія праваслаўныя новабудоўлі ў Беларусі бяруць за канон цэрквы расейскае Поўначы XV ст., абсалютна не характэрныя для Беларусі. У часе кожнага такога рамонту зьнішчаюцца аўтэнтычныя формы. Мы наўмысьля зьбядняем сябе, прыніжаем продкаў тым, што заміж складанага гзымсу робім просты, зьбіваем гірлянды і іншы дэкор. Мы самі здаёмся менш таленавітымі, а наш культурны ўзровень — ніжэйшым.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0