Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак востра скрытыкаваў кандыдатаў у Эўразьвяз за праамэрыканскую пазыцыю па ірацкай праблеме. На каго разьлічваў францускі палітык, дапускаючы выказваньні на мяжы дазволенага дыпляматычным этыкетам? Адрасатамі ёсьць перш за ўсё францускія выбаршчыкі, ад якіх залежыць палітычная будучыня што самога Шырака, што ягонай партыі.

Рэакцыя Францыі мае характар хутчэй дэмагагічны, чымся практычны: нагадаць краінам-кандыдаткам пра іхняе месца ў эўрапейскім доме. Можам, маўляў, і на парог не пусьціць. Але насамрэч краіны-кандыдаткі даўно пераступілі парог і ня можа адна рэпліка перакрэсьліць шматгадовыя перамовы, сцэнар уваходу новых сяброў у Эўразьвяз. Шырак выпусьціў пару, але не зрабіў чагосьці такога, што магло б паўплываць на доўгатэрміновае разьвіцьцё падзеяў у абодвух — калі дадаць сюды ірацкі крызыс — кірунках.

Нягледзячы на ўсе інтэграцыйныя працэсы ў заходняй Эўропе, францускі палітык застаецца францускім, а не эўрапейскім. Кляса чыноўнікаў, якія бачаць у асобных краінах толькі правінцыі адзінай імпэрыі, у ЭЗ не займела такога голасу, які яна мае ў нашмат менш аформленым «саюзе Беларусі і Расеі».

На месцы аб’ектаў Шыракавай слоўнай атакі я б парадаваўся. Пакуль гучаць такія размовы, сьмяротная небясьпека сувэрэнітэту краінаў — сяброў ЭЗ не пагражае. І калі іхні голас быў пачуты цяпер, ён будзе мець вагу й пазьней. А ЗША займелі яшчэ адну нагоду аддзячыць за адданасьць. Так што ўсе ў выйгрышы.

Застаецца адзін непрыемны момант: уся гэтая спрэчка нагадвае пра пэўную несамастойнасьць эўрапейскай палітычнай сцэны. Падкрэсьліўшы малаважкасьць краін-абітурыентак, Францыя міжволі пазначыла сваё неадназначнае становішча: слон сярод мух, муха каля слана. Роўнай амэрыканскаму слану Францыя можа пачувацца толькі ў ролі лідэркі ЭЗ, захоўваць якую пасьля пашырэньня будзе нашмат цяжэй. Асобны ж францускі голас нязгоды для заакіянскай звышдзяржавы гучыць часам зыканьнем мухі. Мухі і сланы ўсё ж павінны разглядацца паводле адрозных крытэраў. Залішняя рэзказьць заўвагаў Шырака можа быць выкліканая менавіта гэтым ня вельмі прыемным адчуваньнем. Бо ён — француз.

Аляксандар Карольчык, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0