Сёлета зь 1 лiпеня ЗАТ «Сталiчнае тэлебачаньне» пачне атрымлiваць субсыдыi зь дзяржбюджэту. Памер грашовай дапамогi будзе роўны падаткам на прыбытак i даданую вартасьць, якiя СТВ мусiць сплачваць, займаючыся рэклямай ды прадпрымальнiцкай дзейнасьцю. Фактычна тэлеканал на тры гады вызвалены ад галоўных падаткаў.

СТВ
СТВ
Ужо падрыхтаваны i ўзгоднены з Саўмiнам адпаведны прэзыдэнцкi загад. Менгарвыканкаму прапанавана даваць такiя ж субсыдыi з свайго бюджэту — iнакш кажучы, СТВ ня будзе плацiць i мясцовых падаткаў.

Згодна з указам, субсыдыi павiнны выкарыстоўвацца выключна на паляпшэньне працы СТВ, стварэньне й разьвiцьцё яго вытворчае базы. Наглядаць за тым, каб кiраўнiцтва тэлеканалу выдаткоўвала грошы паводле прызначэньня, будзе Мiнiстэрства iнфармацыi.

Летась 19 лiпеня была прынятая такая самая пастанова пра вяртаньне падаткаў на даданую вартасьць ды прыбытак тэлеканалу АНТ. Чаму тэлеканалам не дазволiлi проста не плацiць падаткаў? Каб кантраляваць грошы. АНТ ды СТВ мусяць спачатку цалкам выплачваць сумы падаткаў, потым iнспэкцыя Мiнiстэрства па падатках ды зборах у 5-дзённы тэрмiн пераводзiць тыя грошы на рахункi тэлеканалаў у разьдзел «мэтавыя фiнансавыя паступленьнi». СТВ ды АНТ павiнны залiчаць атрыманыя сродкi ў свае фонды разьвiцьця. Калi б тэлеканалы проста не плацiлi падаткаў, нельга было б адсачыць, на што яны выдаткавалі сродкі.

Сёлетнiя прыбыткi ад рэклямнай ды камэрцыйнай дзейнасьцi тэлеканалу мусяць скласьцi больш за 2,8 млрд. рублёў. 144 i 477 млн. рублёў — прыкладныя сумы, якія канал ашчадзіць на падатках. За тры гады атрымлiваецца эканомiя амаль на мiльён даляраў. I гэта толькi падлiк па мiнiмуме: калi СТВ удала мадэрнiзуецца ды пашырыць аўдыторыю, прыбыткi ад рэклямы ўзрастуць.

Летась у траўнi СТВ пачала трансьлявацца на Менскую вобласьць на частаце расейскага каналу «Культура» празь перадатчыкi ў Мядзеле ды Салiгорску. Аляксандар Зiмоўскi, генэральны дырэктар «Сталiчнага тэлебачаньня», мае намер пашырыць вяшчаньне на ўсю краiну. Грошы ёсьць.

У Беларусі пачынаецца эра мясцовага тэлебачаньня.

Алесь Кудрыцкi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0