Выхад з поліклінічнай сьмерці

У маёй акрузе шмат праблемаў. Сярод іх ёсьць унівэрсальныя (дворнічыха больш п’е, чым працуе; алькагалізаваная частка насельніцтва пужае дзяцей; ад квартплаты няма ратунку) і спэцыфічныя. Прызнаюся, што вырашэньня першых ад мясцовых уладаў я не чакаю. Можаце лічыць мяне добра паінфармаваным аптымістам.

Спэцыфічныя ж праблемы, па вялікім рахунку, не такія і спэцыфічныя. Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта забрала пад свае пільныя патрэбы дзіцячую паліклініку, і цяпер даводзіцца вазіць малых за блізкі сьвет. У каго няма сваёй машыны, той можа выбіраць між таксоўкай і грамадзкім транспартам зь перасадкаю. У перапоўненай паліклініцы пануе такі гармідар, што, даставіўшы сваё немаўля ў кабінэт хірурга пасьля дзьвюх гадзінаў чаканьня ў чарзе, немагчыма не адчуць радасьці бацькоўства. Дарэмна! У пані дакторкі перапынак на абед (чаму гэта я не магу дазволіць сабе абедаў а 12-й дня?), бо «ў кабінэце невыносна душна і яго неабходна праветрыць». І жонка мае рацыю: трэба цярпець. Ёй, цяжарнай, у «дарослай» паліклініцы яшчэ і ня так прыкра было — выстойваць гадзіну на аналіз крыві.

Я цярплю. Але хачу сатысфакцыі. Я прагаласаваў бы за таго кандыдата, які дамогся б вяртаньня паліклінікі ад кіраўнікоў спраў — дзецям. Я прагаласаваў бы за кандыдата, які даў бы рады дырэктарцы нашай школы. Бо ганьба цягнуць з бацькоў столькі хабару. Я прагаласаваў бы за кандыдата ад «Зубра», бо «зубры» зьбіралі подпісы супраць канфіскацыі паліклінікі. Але «зубра» ў бюлетэні няма. Акрамя прадстаўніка блёку дактароў і беспартыйных, там яшчэ чатыры прэтэндэнты, прычым два — ад апазыцыйных партый. Вось толькі праграма ва ўсіх — як пад капірку. Калі сьціпла і ў перакладзе на людзкую мову — «За лепшую долю». Ці, калі ў арыгінале, — «Наши дети достойны лучшей жизни». Ні пра паліклініку, ні пра школу, што зьехала з глузду на рынкавыя рэйкі, кандыдатам, здаецца, невядома. А каб іх халера зьела, такіх кандыдатаў...

Дэмакратыя ў Беларусі выйдзе з комы тады, калі выбарцы навучацца галасаваць супраць усіх. Асабліва калі кандыдат адзін. Або кланаваны адзін. Безумоўна супраць — калі ён адзін!

Раз няма за каго галасаваць, трэба галасаваць супраць. Не рабіце выбару між кепскім і яшчэ горшым. З галасаваньня супраць пачынаецца сьвядомы грамадзянін і грамадзянская супольнасьць.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0