Новае стагодзьдзе. — Вільня—Варшава, 2002. — 108 с.: іл.

Беларускія палітыкі сёньня амаль ня пішуць кнігаў. Адныя ня маюць часу і ня бачаць патрэбы, іншыя ня ведаюць, што сказаць людзям. Зянон Пазьняк сабраў пад адну вокладку сваю публіцыстыку апошніх двух гадоў. Напісаныя на чужыне артыкулы прысьвечаны самым разнастайным тэмам, але найперш змаганьню за незалежнасьць Беларусі й праблеме духоўнага адраджэньня народу. Сам аўтар мяркуе, што кніга патрэбная найперш тым беларусам, якія «ня мелі магчымасьці атрымаць беларускую адукацыю і карысталіся чужой сыстэмай ведаў». Яна мусіць выканаць асьветную функцыю — расплюшчыць людзям вочы на самыя розныя рэчы. Шкада, што аўтар не прыняў прапановы аднаго зь менскіх выдавецтваў апублікаваць кнігу ў Менску. Выдадзеная за мяжою, яна дойдзе толькі да выбранага кола сяброў партыі, на чале якой стаіць Зянон.

Невясёлую карціну малюе публіцыст З.Пазьняк. Беларусь абклалі ворагі і з захаду, і з усходу, да таго ж ідзе ціхая ўнутраная акупацыя. Рэжым прадае краіну Расеі, гэтаму ж спрыяе і «здрадніцкая псэўдаапазыцыя». У такой сытуацыі народ мусіць бараніцца, праяўляць нацыянальную салідарнасьць, патрабаваць «новых прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным пратэктаратам», лічыць Пазьняк. Апошняя прапанова, нягледзячы на яе сёньняшнюю нерэальнасьць, цяпер узятая на ўзбраеньне КХП-БНФ.

Ня лепшая сытуацыя і на Захадзе, якому Пазьняк прадказвае поўную духоўную дэградацыю. Ён піша, што падобны заняпад маралі ў Эўропе адбываўся 500 гадоў назад і тады ў ролі выратавальнікаў цывілізацыі выступіла сьвятая інквізыцыя і езуіты, якія выхоўвалі новую эліту, новага чалавека.

Тэма барацьбы дабра і зла, хрысьціянства і «антыхрысьціянскіх сілаў» праходзіць праз многія тэксты. Зь іх паўстае зусім іншы Пазьняк, Пазьняк-містык, заглыблены ў спасьціжэньне таемнае місіі Беларусі і беларускага народу, у расшыфроўку яго нацыянальнай сымболікі. Ён піша: «Магчыма, што Беларусь і яе народ чакае незвычайная будучыня і сьветлая доля. Магчыма, беларускім прарокам у XXI стагодзьдзі адкрыецца яе сэнс».

Кніга невыпадкова называецца «Новае стагодзьдзе». У ёй абвяшчаецца пра пачатак новага этапу барацьбы за Беларусь. І Пазьняк асьцярожна рыхтуе да гэтага сваіх прыхільнікаў. «Мы мусім абараніць беларускую цывілізацыю», — піша ён. Ды канкрэтызуе, ад каго: ад навалы «хцівасьці, бездухоўнасьці і граху… з Усходу і з Захаду». Беларусь XXI ст. З.Пазьняку бачыцца як «Хрысьціянская краіна». У яе будуць свае рыцары-абаронцы, свае прарокі, але ня будзе ўзаконеная «чалавечая брыдота на падставе фальшыва ўспрынятай лібэральнай канцэпцыі правоў чалавека».

І апошняе. Пазьняк інтрыгуе чытача, калі пад артыкулам «Вялікі Купала» ставіць подпіс: «7 ліпеня 2002 г., Варшава—Менск». Гэта можа сьведчыць ня толькі пра духоўную повязь палітыка-эмігранта з Бацькаўшчынай, але і пра магчымасьць ягонага вяртаньня. У новым стагодзьдзі. З таемнай місіяй.

Павал Сумарока

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0