28 ЛЮТАГА

Новае гарадзенскае піва

На Гарадзенскім бровары пачалі варыць новае сьветлае піва «Залатое зярнятка». Яно мае характэрны пах і ўтрымлівае 4,5% алькаголю.

Кандыдаты ў абарону газэты

Чатыры кандыдаты ў дэпутаты Смургонскага райсавету (В.Батурын, А.Маціяка, І.Вештарт, Н.Калбыка) зьвярнуліся да старшыні райвыканкаму Станіслава Юргеля з зваротам у абарону «Новой газеты Сморгони», якой пагражае закрыцьцё.

Рынак пабудуюць прадпрымальнікі

Гарадзенскі рынак «Паўднёвы» у 2003 г. будзе перавезены пад дах. Мэталічныя боксы паўстануць «за кошт прыцягненьня сродкаў прадпрымальнікаў».

Андрэй Мялешка, Горадня

Дзевяціклясьнік падаўся ў рабаўнікі

На ўскрайку Мядзелу ўвечары на кабету напаў чалавек у масцы. Пагражаючы шылам, ён патрабаваў грошы. Але разжыцца не ўдалося: рабаўніка спудзілі мінакі і ён зьбег. Кабета адразу патэлефанавала ў міліцыю. Па апісаньні няўдачлівага рабаўніка хутка затрымалі на вуліцы. Дзіўна, што ім аказаўся дзевяціклясьнік.

Алесь Высоцкі, Мядзел

Дакальяніўся

Да трох гадоў пазбаўленьня волі засуджаны кантрактнік з Жодзіна за захоўваньне й ужываньне марыхуаны ў казарме адной з вайсковых часьцей Барысава. Сяржант набываў цыгарэты з марыхуанай на барысаўскім рынку і курыў з дапамогай самаробнага кальяну. Пасьля байцу надакучыла «лавіць кайф» у адзіноце і ён запрасіў свайго саслужбоўца, пасьля — другога, прычым за вызначаную плату. Сяржант тлумачыў свой учынак тым, што нядаўна кінуў піць, а трэ былі новыя вострыя адчуваньні.

Зьміцер Панкавец, Кастрыца

Судмэдэкспэрт-хабарнік

За спробу вымагальніцтва з выкарыстаньнем службовага становішча затрыманы загадчык аддзяленьня Аршанскай міжраённай судмэдэкспэртызы. На яго скардзіўся жыхар вёскі Высокае Аршанскага раёну. Судмэдэкспэрт патрабаваў ад яго 200 даляраў за заключэньне аб прычынах сьмерці маці. Яна памірала ў сына на вачох, і той яе ратаваў як мог. Сын спужаўся, што, магчыма, ён гэтым больш нашкодзіў, чым садзейнічаў выратаваньню. Экспэрт выкарыстаў гэтыя сумневы. Разгублены мужчына нават быў гатовы даць хабар, але сума ў 200 даляраў была для яго непасільнай. Таму чалавек і пайшоў да праваахоўнікаў.

Малыя крадуць у старых

У міліцыю Воршы зьвярнуўся пэнсіянэр, у якога зладзеі скралі з павеці каляску з двума мяхамі бульбы. Як высьветлілася, крадзеж зьдзейсьнілі навучэнец ПТВ і вучань 6 клясы. Супраць малалетніх зладзеяў узбуджана крымінальная справа. Амаль у той жа час пацярпела і адна пэнсіянэрка. У яе скралі з склепу харчоў на 24 тыс. рублёў. У злачынстве падазраецца вучань 7 клясы, які, даведаўшыся аб тым, што яго шукае міліцыя, некуды зьнік.

Віктар Лютынскі, Ворша

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0