Цэрквы Румыніі ўхвалілі рашэньне ўраду аб адмене будаўніцтва «Парку Дракулы». Улада матывуе адмову ад праекту эканамічнай нявыгадай, царква — маральнымі праблемамі.

«Мы ня супраць будаўніцтва тэматычнага парку, які б садзейнічаў эканамічнаму разьвіцьцю той ці іншай мясцовасьці, — заявіў прэс-сакратар Румынскага патрыярхату Косьцел Стойка. — Але мы супраць таго, каб гэты парк называўся імем літаратурнага героя, які ня мае нічога супольнага ні з гісторыяй, ні з культурай, ні з духоўнымі традыцыямі Румыніі».

Паводле Стойкі, «літаратурны міт» пра графа Дракулу, створаны ірляндзкім пісьменьнікам Брэмам Стокерам у 1897 г., не павінен выкарыстоўвацца для прыцягненьня турыстаў у Румынію. Валаскі князь Улад Цэпэш (1430—77), які стаў прататыпам для Стокера, быў «вялікім дзеячом румынскай гісторыі» й ня меў нічога супольнага зь мітычным вампірам Дракулам, падкрэсьліў прэс-сакратар.

Парк плошчаю 104 га, на ўладкаваньне якога плянавалася выдаткаваць каля 32 млн. даляраў, мусіў знаходзіцца ў Трансыльваніі — рэгіёне на захадзе Румыніі, недалёка ад мяжы з Вугоршчынай.

Ідэю стварэньня «Парку Дракулы» раней рэзка крытыкавалі лідэры Праваслаўнай, Каталіцкай і Лютэранскай цэркваў Румыніі. Супраць парку пярэчылі таксама экалягічныя арганізацыі і прадстаўнікі ЮНЭСКА, бо сярэднявечныя пабудовы Сігішаары, дзе калісьці нарадзіўся Ўлад Цэпэш, унесеныя ў сьпіс сусьветнай спадчыны.

АВ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0