Дэмакратычная апазыцыя ў Маладэчне вылучыла ў гарсавет шасьцёх кандыдатаў. Зарэгістравалі трох: Алеся Капуцкага ды Івана Лагвіновіча з БНФ і былога сябра КХП-БНФ Эдуарда Баланчука. Апошні балятуецца яшчэ й у аблсавет. Увогуле ж на 31 дэпутацкае месца прэтэндуюць 50 кандыдатаў. У 15 акругах выбары безальтэрнатыўныя.

Партыйных структураў амаль не чуваць. У горадзе існуюць і дзейнічаюць толькі БНФ і КПБ. Гэта засьведчылі і выбары. Сярод кандыдатаў — два сябры БНФ, сябра КПБ і другі сакратар лукамольскага БРСМ. Большасьць кандыдатаў маглі б утварыць такі сабе «блёк беспартыйных настаўнікаў і дактароў»: сярод іх 14 пэдагогаў і 12 мэдыкаў.

У вёсках альтэрнатывы няма зусім. Выбарамі ў райсавет, як кажа кіраўнік Цэнтру грамадзкіх ініцыятываў Алесь Капуцкі, дэмакраты нават не цікавіліся. У Радашкавічах і то няма ніводнага дэмакратычнага кандыдата. «Людзі ў паняверцы, — тлумачыць сп. Капуцкі. — Бо лічаць, што выбары ўсё адно сфальсыфікуюць, і ня бачаць рэальнай улады ў мясцовых саветаў».

Маладэчанскія дэмакраты скардзяцца і на ціск уладаў. Новы мэр Чурсін пільна дбае пра «слушнае» галасаваньне, а на вуліцы немагчыма ўзьняць нацыянальны сьцяг. Прэтэнзіяў да міліцыі ў маладачанскіх нацыяналістаў няма, але яна сама знаходзіцца пад наглядам КДБ.

Ня толькі рэпрэсіі ніштожаць беларускі дух. Самі прадстаўнікі дэмакратычнага руху прыкладаюць да гэтага руку. Адметнасьць гэтых выбараў: кандыдаты ад БНФ, акрамя Баланчука, павыдавалі расейскамоўныя ўлёткі. Намэнклятурнікі ж, у тым ліку адыёзная Данілея Жук, склалі свае звароты да выбарцаў на роднай мове.

Гэта не бянтэжыць апазыцыі. Іван Лагвіновіч кажа, што падчас збору подпісаў выбарцаў пужала ягоная партыйная прыналежнасьць. І таму «лепш будзе, калі я стану дэпутатам, а не калі 2000 выбарцаў прачытаюць маю ўлётку па-беларуску. Трэба прыйсьці да ўлады, а тады ўжо будзем займацца адраджэньнем Бацькаўшчыны». Нейкая кульгавая лёгіка. У Маладэчне ўсе разумеюць па-беларуску, газэты рэгіёну выходзяць па-беларуску. Напішы простыя, важныя рэчы — і цябе яшчэ пахваляць, што ты на роднай мове зьвяртаешся. А вось расейскае «навамоўе» Іванавай улёткі — зборку канцылярскіх шаблёнаў — успрымаць цяжка.

Ня лепшыя й улёткі іншых маладачанскіх кандыдатаў. Пытаюся, чаму такія шэрыя й невыразныя агітматэрыялы зрабілі. Адказваюць: «Дык жа за дзьве гадзіны давялося пісаць. Зь Менску даслалі «рыбу» макету, мы паставілі свой хуценька напісаны тэкст і мусілі тэрмінова везьці ў друкарню». От сюрпрыз — выбары! Вясна для кандыдатаў «пачалася, як заўжды, зьнянацку». Такія ў нас выбары і такі ў нас цяпер БНФ.

Сяргей Прытыцкі, Маладэчна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0