Вінцук Вячорка : «Партыя БНФ ініцыюе скліканьне пасьля другога туру выбараў Усебеларускага канвэнту дэмакратычных дэпутатаў усіх узроўняў. Калі ўжо яны прарваліся скрозь гэты фільтар, то ў іхнай пэрсанальнай легітымнасьці ня можна сумнявацца. Ім наканавана сфармуляваць патрабаваньні зьменаў у заканадаўстве — да тутэйшай афіцыйнай улады і да міжнародных структураў. Мы склічам усіх дэпутатаў, якія лічаць сябе дэмакратычнымі, на такі Канвэнт, напэўна — у другой палове сакавіка».

Меркаваньні дэпутатаў

Алесь Галактыёнаў, Мсьціслаў, АГП: Вышэйшае кіраўніцтва партый — і БНФ, і АГП — імкнецца выкарыстоўваць нас у сваіх інтарэсах. Ідэю, калі яна добрая, я падтрымаю. Але не хачу, каб лідэры за мой кошт падвышалі свой палітычны рэйтынг. На апошнім зьезьдзе АГП мне слова так і не далі. А такія адпрацаваныя палітыкі, як Чыгір і Марыніч, навабранцы партыі, выступалі — калі ласка. Аб’яднаць дэпутатаў трэба. Але кіраваць імі, навязваць сабе нешта новыя абраньнікі не дазволяць. Я апазыцыянэр і да ўлады, і да апазыцыі. Я за трэці шлях. Спадзяюся, што новыя дэпутаты яго і сфармулююць.

Юры Губарэвіч, Белаазерск, беспартыйны: Павінна найперш працягвацца праца па стварэньні новых канцэпцый мясцовага самакіраваньня — тое, чым раней займаўся Фонд Сапегі. Але калі ад такога Канвэнту будзе карысьць, удзел я гатовы браць.

Алесь Міхалевіч, Мар’іна Горка, БНФ: Трэба асацыяцыя дэпутатаў менавіта мясцовых саветаў, не ахопліваючы парлямэнту. Падставовая мэта — разьвіцьцё дэмакратычнага самакіраваньня. Але я гатовы браць удзел і ў шырэйшым Канвэнце.

Валянціна Кудлацкая, Верхнядзьвінск, БСДП (НГ): Чаму б не? Мясцовае самакіраваньне трэба рабіць рэальным. Каб ня быць дэкарацыяй для выканаўчай улады. Каб дэпутаты не былі адарваныя ад народу.

Алесь Зарамбюк, Масты, «Малады фронт»: Я гатовы. Такі Канвэнт павінен узначаліць нестары і харызматычны чалавек.

Юры Зянковіч, Ждановічы, БНФ: Такія напрацоўкі былі да выбараў. Цяпер Вінцук іх агучыў. Гэта добрая ідэя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0