Даўно «НН» нічога не пісала пра справы нашых праваслаўных братоў і сясьцёр у дыяспары. Так і хочацца спытацца: а што робіцца ў БАПЦ пасьля ўладыкі Мікалая? Хто там першаярарх? Адлучаны япіскап Аляксандар ці хто іншы? А што робіцца ў другой частцы БАПЦ? І хто кіруе справамі Царквы: сам уладыка Ізяслаў ці сьвецкі Барыс Данілюк? А Эгідыюш Рыжы па-ранейшаму мянуе сябе япіскапам?

У гісторыі БАПЦ мяне ўражвае, як хутка сьвецкія асобы робяцца сьвятарамі, як лёгка іх — без акадэмічнае адукацыі, без паслушніцтва, працяглага манаства — хіратанізуюць у біскупы. Уразіла, як малады сьвецкі чалавек за тры тыдні стаў біскупам. І ўсё ж Аляксандра Салагуба не магу лічыць рэкардсмэнам сярод архірэяў, бо згадваю чытанае: у 381 г. базылеўс пасадзіў свайго фаварыта Нектарыя на канстацінопальскую катэдру адразу ж пасьля таго, як той ахрысьціўся, а на Захадзе ў сан біскупа ўзводзілі і хлапчукоў. Ды тое калі было? Не ў ХХ і не ХХІ стагодзьдзі.

Кадравы голад. І грэх ганарлівасьці. «НН» напісала, што прычыны расколу БАПЦ «былі хутчэй асабістымі», і, як ні круці, усё зводзіцца да яе, ганарлівасьці. І што ні кажы, а з боку несамавіта выглядае архірэй, пад амафорам у якога жменька парафіяў.

Яшчэ адна бяда — грэх нацыяналізму.

Грахі ганарлівасьці і нацыяналізму прывялі да схізмы ў Паўсюднай і Апостальскай Царкве, да падзелу Кафалічнае Ўсходняе Артадаксальнае Царквы на дзясяткі нацыянальных, да драбленьня нацыянальных. І ня можа стаць Усходняя Царква паўсюднаю, каталіцкаю, бо нацыянальнае душыць у ёй кафалічнае.

Многія ўкраінцы кажуць, што пасьпяшаліся з абвяшчэньнем Кіеўскага Патрыярхату і яго аўтакефаліі. У Галавы Царквы сумнеўная рэпутацыя, а значыць — ня вельмі добрая рэпутацыя і ў архірэяў, якіх ён хіратанізуе. Не абвяшчэньне аўтакефаліі гэта было, а самаабвяшчэньне. Без узгадненьня з архіяпіскапам Канстанцінопалю, з Папам і Патрыярхам Александрыі, Патрыярхам Антыяхіі і Патрыярхам Ерусаліму.

Пыха і нацыяналізм не дазволілі зрабіць правільны выбар. А вось фіны зрабілі разумна: у свой час не аўтакефалію абвясьцілі, а перайшлі пад амафор архіяпіскапа Новага Рыму. І эстонцы, адыходзячы нядаўна ад РПЦ, пайшлі пад ягоны амафор. Масква сердавала і сярдуе, але што яна можа зрабіць першаму сярод патрыярхаў Усходу? З другога боку, архіяпіскап Новага Рыму ня можа пакінуць без апекі праваслаўных, якія просяць яго быць пастырам.

З тае пары, як архіяпіскап Канстанцінопалю перастаў быць галавою Эладзкае Царквы і закладнікам султана, аднавіўся кафалічны характар Канстанцінопальскае Царквы, якая называе сябе Сусьветнаю. (Гэта не замінае ёй падтрымліваць добрыя адносіны з Апостальскай Сталіцай, старым Рымам). Не чуваць, каб нехта ў гэтай Царкве жаліўся, што яму не даюць маліцца Богу і славіць Яго ў роднай мове. І асобныя беларускія праваслаўныя парафіі ў замежжы, што ў свой час перайшлі ў юрысдыкцыю Сусьветнае Патрыярхіі, не імкнуцца ў БАПЦ, якую разьядаюць сваркі і звадкі, анатэмы і адлучэньні.

Калі б ня пыха і нацыяналізм ярархаў ды сьвецкіх, БАПЦ з сагнутаю шыяю мусіла б пайсьці пад уладу Сусьветнае Патрыярхіі. Глядзіш, і тут было б лягчэй сьвятарам і парафіям, якія ня хочуць хадзіць пад Масквою: яны маглі б пераходзіць пад амафор эмігранцкага япіскапа, прызначанага Новым Рымам. І тады Маскве й афіцыйнаму Менску трэ было б неяк тлумачыць, чаму яны маюць дзёрзкасьць перасьледаваць дзяцей Сусьветнае і Праваслаўнае Царквы.

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0