Камэнтар сяргея Дубаўца

За мінулыя 10 гадоў наша дэмакратыя не пазбавілася веры ў цудоўнае вырашэньне праблем. Першыя год-два верылі, што ён сам неяк лясьне. Пасьля — што вось-вось выбухне народная рэвалюцыя (трэба толькі крыху падштурхнуць), і падымалі тосты «за снайпэра». Пасьля — што яго свае прыбяруць. Або — Пуцін. Або — Вік. Цуду ўсё не здаралася, расла фрустрацыя, аднак і вера не прападала. Толькі з году ў год рабілася яна ўсё драбнейшай і ўсё менш спадзеўнай. І вось, бадай, апошні яе слабы голас прагучаў у адкрытым лісьце беларускае дэмакратыі да прэзыдэнта Буша (дакладней, як там сказана, да ягоных асыстэнтаў) — з словамі шчырай падтрымкі амэрыканскай вайны ў Іраку.

Гэты знакавы адкрыты ліст выпала падпісаць шаноўнаму прафэсару Ю.Хадыку. Цікава, воля якой часткі беларусаў выказаная ў ягоных словах? Колькі людзей у нас насамрэч падтрымліваюць амэрыканскі напад? І чаму ў лісьце нічога ня сказана пра гатовасьць беларускай дэмакратыі сфармаваць кантынгент для ўдзелу ў высокім акце дэмакратызацыі Іраку — як гэта зрабілі Польшча, Літва, Чэхія?

Няма сумневу, што адкрыты ліст пісаўся менавіта ў кантэксьце дэклярацыі «віленскай дзясяткі» заўсёды і безумоўна падтрымліваць палітыку USA. Бо партыя шаноўнага прафэсара Хадыкі зусім нядаўна выступіла з курсам на Эўразьвяз і NATO. Праўда, калі Польшча, Літва і Чэхія сапраўды гатовыя «пераняць» Ірак пасьля амэрыканскага ўдару і ўсталёўваць там лепшае жыцьцё шляхам выцягваньня трупаў з-пад завалаў (санітарная, так бы мовіць, місія), дык беларуская дэмакратыя ў згодзе з сваім курсам выставіла адзін ліст аднаго, хоць і вельмі паважанага, чалавека.

Можа, цяпер, калі вера ў цудоўнае вырашэньне вычарпалася настолькі, што выклікае ці то жаль, ці то сьмех, яна адыдзе нарэшце ў нябыт і беларуская дэмакратыя пачне займацца чым-небудзь больш эфэктыўным, прынамсі — рэалістычным?

Сёньня яшчэ нельга з пэўнасьцю сказаць, што амэрыканская акцыя ў Іраку стане пачаткам трэцяй сусьветнай вайны. Але пачаткам глябальнага геапалітычнага перадзелу стане напэўна. Яго ахвярамі будуць найперш міждзяржаўныя ўтварэньні — ААН, NATO, ЭЗ... Нашто яны патрэбныя, калі адна Амэрыка магутнейшая за іх усіх разам узятых і сама можа вырашаць усе міжнародныя праблемы? Быццам сам лёс не дае нашай дэмакратыі разьвітацца зь вераю ў цуды. Застаецца сядзець і чакаць, калі ў Бушавым сьпісе праблем чарга дойдзе да Лукашэнкі. Цікава, колькі людзей у Беларусі падзяляюць такую пазыцыю дэмакратыі? І ці не раней, чым Буш вырашыць нанесьці ўдар па Драздах, наша цяперашняя дэмакратыя ў сваіх бясконцых дзяленьнях адной партыі, адной мовы і аднаго 25 Сакавіка на два-тры-пяць (што ёсьць яе галоўным на сёньняшні дзень заняткам) загадае доўга жыць?

Пройдзе час, і наш задоўжаны постсавецкі застой з элемэнтамі дзяржаўнага тэрарызму скончыцца. Адбудзецца гэта зусім не цудоўным чынам, але й без удзелу нашай цяперашняй дэмакратыі. Найлепшым паваротам было б нараджэньне новае дэмакратыі, цалкам пазбаўленай веры ў магічныя перамены. Што будзе ведаць: падтрымкаю якой бы там ні было вайны яна ніколі не прыцягне да сябе прыхільнасьці народу. Выступаць за вайну ў Іраку толькі таму, што Лукашэнка супраць, — такі самы абсурд, як выступаць, скажам, супраць незалежнасьці толькі таму, што ён — за. Ні войны, ні перадзелы не прыносяць свабоды народам і незалежнасьці краінам, калі самі гэтыя народы і краіны не ствараюць сябе, калі іхныя дэмакратыі настолькі стомленыя і зьнясіленыя гэтай бясконцай, вымотвальнай верай у цуд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0