Стварэньне рэгіянальных структураў "Белае Русі" ідзе ў клясычным рэчышчы савецкіх "ініцыятываў зьнізу". Як вядома, тады нават цэны ўздымалі на шматлікія просьбы працоўных.

Зразумела, калі спатрэбіцца, то перарабіць ГА ў палітычную квазіпартыю — як двойчы два. А можа спатрэбіцца ўжо неўзабаве. Апазыцыйныя лідэры загаманілі: наступныя парлямэнцкія выбары могуць прайсьці па зьмяшанай сыстэме! Афіцыйна, нагадаю, яна называецца прапарцыйна-мажарытарнай. Гэта — калі ў акругах выбіраецца толькі частка дэпутатаў, астатнія ж — паводле партыйных сьпісаў.

А што, возьмуць дый сканструююць у нас дзьвюхпартыйную сыстэму а-ля Захад! "Белая Русь" — кіроўная, ЛДП — канструктыўная апазыцыя :-)) Чым горай за Штаты зь іхнімі сланом ды аслом?

А як наглядны дапаможнік — досьвед вялікай усходняй суседкі зь ейнай "Адзінай Расеяй" і ўвогуле даволі разгалінаванай сыстэмай псэўдапартыйнай "сувэрэннай дэмакратыі".

Канешне, вожыку зразумела: уся гэтая постсаўковая бутафорыя — дзеля адводу вачэй. Заходнікам адчэпнага даць. Айчынная публіка, яшчэ не забыўшы часы КПСС, добра ведае цану такому партбудаўніцтву.

Іншая рэч, што многія пойдуць як галубкі. Некаторыя нават пабягуць. Бо партбілет несумненна стане адчыняць дадатковыя пэрспэктывы. І ня толькі чыноўнікам, прагным да кар'еры. Ад фармалізаванага сьведчаньня ляяльнасьці можа займець свой плён і бізнэсовец, і артыст, і літаратар…

Такое было ў фазе позьняй КПСС. Лезьлі і жук і жаба. Шкурны інтарэс ня надта і ўтойвалі. Зрэшты, сама "кіроўная і накіроўная" спарадзіла гэты цынізм, бо ўсе больш-менш прыстойныя пасады разьмяркоўваліся выключна між чальцамі партыі.

Фанатычнага героя, гатовага бяз роздуму пакласьці жыцьцё за партыйныя ідэалы, на той час можна было пабачыць хіба ў фільме "Камуніст" рэжысэра Райзмана. Але калі на пачатку 90-х камуністычная імпэрыя пасыпалася, ніхто з дваццаці мільёнаў чальцоў "перадавога атраду" ня выйшаў на вуліцы яе абараняць. Каляпс назіралі абсалютна індыфэрэнтна.

Афіцыйны беларускі лідэр добра памятае той працэс і таму, бадай, ня надта дае веры новай паліттэхналёгіі. Некалі ўвогуле казаў: нашто наступаць на тыя самыя граблі?! Але ужо ў пасланьні-2006 загучалі акорды псыхалягічнай падрыхтоўкі: маўляў, калі гэта будзе зьнізу, нязмушана, дык у пэўных варунках — чаму б і не…

Ну канешне, зьнізу дык зьнізу, што за пытаньне! :-))

А варункі былі абмаляваны тады ж, у 2006-м: "Калі магчымы такі працэс? Напэўна, у самыя цяжкія ды вострыя моманты, што перажывае краіна ў сваёй гісторыі". Так што цяперашняе арганізацыйнае шчыраваньне можна трактаваць і як сымптом таго, што ўжо прыпякло.

Але во якая супярэчнасьць! У беларускай партыі ўлады, створанай пад крызыс, ня будзе самаахвярных герояў у стылі рэжысэра Райзмана. Яна зможа нешта імітаваць, але апрыёры няздольная стаць баявым атрадам, гэткай гвардыяй Банапарта. Бо структура адразу набудзе рысы позьняга савецкага ампіру.

Як распаўзаецца гэтая гліна, мы ўжо бачылі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0